“Крама” сыграе першы сольны канцэрт у клубе Re:Public

28 сакавіка легенда айчыннага рока, гурт КРАМА, упершыню выступіць з вялікім сольным канцэртам у мінскім клубе Re:Public. Музыкі цалкам выканаюць новы альбом “Белая вада”, сыграюць лепшыя хіты, а таксама ўзгадаюць шэраг песень, якія амаль не гучалі на канцэртах.

“Сярод іншага сыграем "Iм не трэба мой блюз" з альбома “Гэй, там, налівай”, "Паходную" з “Каменданта” і "Вецер жыве у травах" з дыска 1998 года “Што дапаможа нам, — расказвае нязменны лідар “Крамы” Ігар Варашкевіч. — Магчыма, узгадаем яшчэ што-небудзь са старога. Спадзяюся, нашы прыхільнікі дапамогуць з выбарам”.

Далучыцца да складання сэтліста “Крамы” зможа кожны ахвочы. Прыхільнікам гурта неўзабаве будзе прадстаўлена на выбар 20 песень калектыву. Па выніках галасавання 5 з іх музыкі абавязкова выканаюць на канцэрце 28 сакавіка.

“Крама” ўжо шмат разоў выступала ў Re:Public, але сольны канцэрт стане першым для легендарнага гурта ў гэтым сталічным клубе.

“У камерных залах няма танцпола, — тлумачыць Ігар Варашкевіч. — А ў Re:Public спадабаецца і тым, хто любіць патанчыць і адарвацца, і тым, хто любіць паслухаць, седзячы за столікам”.

Крама” — мінскі гурт, створаны ў канцы 1991 года, які грае рытм-энд-блюз і блюз-рок. На сённяшні дзень дыскаграфія калектыву налічвае 7 студыйных альбомаў, апошні з якіх, “Белая вада”, выйшаў у лістападзе 2014 года і атрымаў выключна станоўчыя водгукі крытыкаў і публікі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі