Кошт новага футбольнага стадыёна ў Мінску знізілі, бо адмовіліся ад гіпермаркета

Кошт новага футбольнага стадыёна ў Мінску знізілі, бо адмовіліся ад гіпермаркета

Перамовы з кітайскай карпарацыяй інжынірынгу САМС аб падпісанні кантракта на будаўніцтва ў Мінску футбольнага стадыёна працягваюцца. Пра гэта 18 студзеня заявіў журналістам першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Сафар’ян. На сёння кітайскі бок прапанаваў новыя праўкі ў праект дакумента.

Раней кіраўнік БФФ Сяргей Румас спадзяваўся заключыць кантракт да канца 2015 года, але гэтага не адбылося.

Сафар’ян адпрэчвае чуткі, быццам будаўніцтва стадыёна зацягваецца з-за цяжкасцяў у аднаго з удзельнікаў — групы кампаній “Трайпл” бізнэсмена Юрыя Чыжа, які валодае мінскім “Дынама” і з’яўляецца членам выканкама БФФ. Са словаў Сафар’яна, “Трайпл” ніколі не заяўляў, што “не пацягне будаўніцтва”.

У той самы час праект футбольнай арэны зменшыцца ў цане — вырашана адмовіцца ад гіпермаркета. З-за гэтага мяняюцца межы адведзенага зямельнага ўчастка і патрабуецца карэкціроўка адпаведнага ўказа прэзідэнта.

Указ аб праектаванні і будаўніцтве да 31 снежня 2018 года футбольнага стадыёна каля дзеючага стадыёна “Трактар” у Мінску быў падпісаны 18 ліпеня 2014 года. Спартовы аб’ект разлічаны на 33-35 тысяч гледачоў. Пра тое, што кітайская кампанія выйграла тэндэр на будаўніцтва стадыёна, стала вядома ў лістападзе 2015 года. Кошт працаў не павінен перавышаць 100 мільёнаў еўра, перадае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі