"Коммерсант": рыхтуецца канфедэрацыя Беларусі і Расіі

"Коммерсант": рыхтуецца канфедэрацыя Беларусі і Расіі

Эканамічная праграма інтэграцыі Беларусі і Расіі прадугледжвае фактычна стварэнне канфедэратыўнай дзяржавы. Пра гэта піша расійскае выданне "Коммерсант", якое пазнаёмілася з дакументам. 

На пачатку верасня гэтую праграму парафіравалі кіраўнікі абодвух урадаў — Сяргей Румас ад Беларусі і Дзмітрый Мядзведзеў ад Расіі. Такім чынам, яны ўзгаднілі дакумент з магчымасцю нязначных зменаў. 

На грамадскае азнаямленне, а тым больш абмеркаванне праграма інтэграцыі не выносілася. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін плануюць падпісаць гэты дакумент 8 снежня.

Паводле звестак "Коммерсанта", праграма эканамічнай інтэграцыі разлічаная на паўтара года. Яна прадугледжвае частковае аб'яднанне дзвюх эканамічных сістэм са студзеня 2021 года. Прычым часткова эканамічная інтэграцыя будзе на ўзроўні Еўрасаюза, а ў шэрагу аспектаў — роўная канфедэратыўнай ці нават федэратыўнай дзяржаве. Як адзначае "Коммерсант", беларуская эканоміка будзе паглынутая расійскай. Пагатоў, што яна ў 29 разоў меншая за расійскую. 

Да 1 красавіка 2021 года плануецца прыняць адзіны Падатковы кодэкс. Праўда, не ўдакладняецца, з якога часу ён пачне дзейнічаць.

Таксама з 2021 гоа будзе аб'яднаная мытная палітыка (аж да сумесных мытных рэйдаў, агульнай інфармацыйнай сістэмы і ледзь не агульнай мытнай службы) і энергапалітыка. У праграме інтэграцыі наўпрост прадугледжанае стварэнне "адзінага рэгулятара" рынкаў газу, нафты, нафтапрадуктаў і электраэнергіі. 

Пра аб'яднанне эмісійных банкаў і адзіную валюту гаворка ў дакуменце не ідзе. Аднак там агаворваецца, што неабходна дамовіцца пра гарманізацыю макраэканамічнай палітыкі, уніфікацыю валютнага кантролю, аб'яднанне плацежных сістэм і адзіны рэжым абароны інвестыцый. Акрамя таго Нацбанк Беларусі і Цэнтрабанк Расіі павінны з 2021 года працаваць у рамках міждзяржаўнай дамовы аб адзіных прынцыпах банкаўскага і фінансавага нагляду. 

Да 1 лістапада 2019 года беларускае і расійскае міністэрствы эканомікі павінныя стварыць "дарожную карту" па аб'яднанні галіновага рэгулявання. Да 2021 года плануецца стварыць таксама ўзаемны адзіны доступ да дзяржзакупак, адзіную сістэма ўліку уласнасці і ўніфікаваць гаспадарчае заканадаўства — гэта значыць, верагодна, адзіны Грамадзянскі кодэкс. 

"Праграма дзеянняў" абсалютна не закранае такія сферы, як абарона, дзяржбяспека, суд, праваахова і пытанні МУС, адукацыя, ахова здароўя, навука, а таксама непасрэдна дзяржкіраванне. 

"Адзначым, што па меншай меры да 2022 года казаць пра "фактычнае аб'яднанне" дзвюх краін з наступным пераходам у "надбудовачную" структуру цэнтральных ўладных паўнамоцтваў Расіі і Беларусі зыходзячы з "Праграмы дзеянняў" наогул няма падстаў — у дакуменце ідзе гаворка толькі пра эканамічную інтэграцыю", — падкрэслівае "Коммерсант".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі