Колькі яшчэ разоў бензін падаражае на 1 капейку?

Колькі яшчэ разоў бензін падаражае на 1 капейку?

Чатыры тыдні запар бензін ў Беларусі падаражэе. Кожны раз — на адну капейку. Кожны раз пра падаражанні паведамляецца ў пятніцу ўвечары. Так што, аўтааматары ў чаканні 14 красавіка могуць рабіць стаўкі: будзе плюс адна капейка ці не?

Каб даведацца, колькі яшчэ разоў падаражае паліва, Еўрарадыё нахабна тэлефануе ў “Белнафтахім”. Але там нам прадказальна кажуць, што ніякага "плана па падаражаннях няма”:

“Калі, што і колькі — такога прагнозу няма. Усё залежыць ад кан'юнктуры рынка. Ад таго, як будуць змяняцца ўсе складнікі сабекошту. Цана, натуральна, мусіць быць эканамічна абгрунтаваная”.

Атрымліваецца, "кан'юнктура рынка" змяняецца выключна ў адзін бок і роўна на адну капейку за тыдзень? Калі шчыра, так сабе версія ў "Белнафтахіма". Але нас цікавіць іншае: колькі яшчэ падаражанняў чакае беларусаў за бліжэйшыя тыдні.

Колькі яшчэ разоў бензін падаражае на 1 капейку?

“На фоне скарачэння паставак нафты [з Расіі] у другой палове мінулага года і ў першым квартале гэтага года зніжалася рэнтабельнасць беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. З гэтым трэба было нешта рабіць, — распавядае аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб. — Але на фоне падзення даходаў і пратэстаў супраць дэкрэта №3 істотнае падаражанне магло выклікаць хвалю абурэння. Таму знайшлі такі хітры метад: павышаць на мінімальна магчымую велічыню”.

“Езуіцкі” метад прынёс плён: ні кіламетровых чэргаў на запраўках, ні заўважнага абурэння ў сацсетках у сувязі з падаражаннем паліва за апошні месяц не заўважана. А калі так, дык кошты могуць працягваць незаўважны рост. Незалежны аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што за два бліжэйшыя тыдні сумарнае падаражанне паліва дасягне 5%:

"Былі чуткі, што расцягнулі пяціпрацэнтнае павышэнне па адной капейцы".

Такога ж меркавання прытрымліваецца блогер Яўген Судзілоўскі:

Каб здзейсніць гэта, ўлады мусяць падняць цэны на паліва на адну капейку яшчэ двойчы. Пасля гэтага ланцужок падаражанняў можа быць перарваны. Гэтаму могуць паспрыяць і апошнія навіны з Расіі, лічыць Вадзім Іосуб:

“Расія (па меншай меры, вуснамі віцэ-прэм'ера Аркадзя Дварковіча) прывязвала ўзнаўленне аб'ёму паставак нафты з аплатай запазычанасці за газ. Калі ўсё гэта здзейсніцца: мы аплацім пазыку [$726 млн. — Еўрарадыё], і пойдуць пастаўкі ў ранейшых вялікіх аб'ёмах, — цалкам магчыма, што рост на адну капейку спыніцца”.

Эканаміст Леанід Заіка таксама лічыць, што падаражанне паліва працягнецца. Ён робіць такую выснову з прагнозу па інфляцыі на 2017 год:

“Інфляцыя ў нас у краіне агавораная на ўзроўні 10%. Цяпер Нацбанк прагназуе 7-8%. Магчыма, і ўрад зыходзіць з гэтых лічбаў. Таму яшчэ пару разоў зробяць [павышэнне коштаў] — ну і хопіць”.

На думку эканаміста, у краіне існуе “нафтавае лобі”, якое і рада было б павысіць кошты на паліва больш, чым на сціплыя 5-10%. Але на гэта не пагаджаюцца “на самым версе”.

“Калі бензінавыя бароны з нафтаперапрацоўчых заводаў звярталіся да Лукашэнкі наконт павышэння коштаў, ён адказаў ім вельмі рэзка: вы што, хочаце, каб мы праверылі, у якіх вы дамах жывяце, якія заробкі атрымліваеце? Ён быў раз'юшаны і паставіў іх на месца”.

“Бензінавыя бароны” зайшлі з іншага боку і прапанавалі мадэль падаражання, якая не абурае людзей. Капейка туды, капейка сюды — такіх выдаткаў людзі не заўважаюць. У той жа час, заправіць бак легкавіка ўжо цяпер каштуе на два рублі больш, чым месяц таму.

У маштабах краіны, дык і ўвогуле гаворка ідзе пра немалыя грошы. Еўрарадыё падлічыла, што кожная дадатковая капейка ў кошце бензіну прыносіць дзяржаве $8,7 млн за год. Чатыры капейкі — $35 млн. Шэсць капеек — 50 мільёнаў долараў. Вось вам і падаражанне на адну капейку!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі