Колькі ў беларускіх кілбасах вірусу афрыканскай чумы і колькі — палітыкі

Забарона на пастаўку ў Расію беларускіх кілбас ды іншай прадукцыі двух дзясяткаў айчынных прадпрыемстваў выклікала жорсткую і эмацыйную рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі. Ажно да таго, што ўзнікла падазрэнне: у беларускіх кілбасах не столькі таго вірусу афрыканскай чумы, колькі палітыкі.
 
Забараняючы беларускія кілбасы Крэмль робіць адмысловае пасланне Захаду, упэўнены дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненняў Кірыл Коктыш. 
 
Кірыл Коктыш: “Гэта быў мэсэдж да "Еўропы". І ён ў тым, што калі "Еўропа" будзе жадаць дамаўляцца з Масквой, то ёй варта будзе дамаўляцца менавіта з Масквой, а не з трэцімі персонамі — Беларуссю ці Казахстанам. І гэта быў галоўны мэсэдж”.
 
 
Масква шле пасланне ў Еўрасаюз, а ў выніку губляе грошы Беларусь! А кампенсаваць выдаткі хто будзе? Цікава, што эксперт раіць афіцыйнаму Мінску не “заганяцца” дробязнымі пытаннямі, а думаць глабальна.
 
Кірыл Коктыш: “Цяпер магчыма гуляць у кароткую тактычную гульню, настойваць на стратах і іх кампенсацыі. І на сваім праве экспартаваць, нават сімвалічна перапрацаваўшы ці ўвогуле без перапрацоўкі, падсанкцыйную прадукцыю. Гэта адна лінія і яна таксама можа прывесці да пэўных вынікаў. Але невялікіх. І ёсць стратэгічная магчымасць: разумець тыя фундаментальныя змены, якія цяпер адбываюцца ў Расіі — яна вырошчвае свайго вытворцу. І Беларусь, якая не прыватызавала і не распрадала свае прадпрыемствы, можа на гэтым працэсе зарабіць нават больш, чым сама Расія”.
 
Праўда, узнікае пытанне, што ж гэта за Еўразійскі саюз такі, без межаў і свабодага гандлю, дзе і праверкі на межах ёсць, і забароны гандляваць існуюць? Не толькі на пастаўкі з Беларусі ў Расію — Расія забараняе Беларусі гандляваць з Казахстанам! Кірыл Коктыш у адказ усміхаецца: заходнія санкцыі з аднаго боку і прывязка нацыянальных валют Беларусі і Казахстана да расійскага рубля сведчаць: ліберальнай эканомікі на прасторах ЕАС не будзе. І да гэтага трэба прывыкаць. 
 
З тым, што ў забароне беларускай кілбасы больш палітыкі, чым вірусаў, згодны і казахскі палітолаг Жан Кашэрбаеў. 
 
Жан Кашэрбаеў: “Тут больш палітыкі, чым нейкіх фітасанітарных праблем. Гэта такі спосаб Расіі націснуць на Беларусь з тым, каб прымусіць яе прымаць расійскія правілы гульні ва ўмовах санкцый”.
 
 
Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, прэзідэнт іх краіны таксама выказваў незадаволенасць дзеяннямі Крамля ў дачыненні да гандлю паміж Беларуссю і Казахстанам. А экспертная супольнасць Казахстана нават заклікае кіраўніцтва краіны пераглядзець умовы ўдзелу іх краіны ў Еўразійскім саюзе…
 
Жан Кашэрбаеў: “У экспертных колах ёсць незадаволенасць, гучаць заклікі перагледзіць дамову і больш падрабязна спыніцца на спрэчных пытаннях, але ўрад не вельмі прыслухоўваецца да меркавання экспертаў і праглынуць гэта…”
 
Дарэчы, прывязка да расійскага рубля і заходнія санкцыі супраць Расіі дрэнна адаб’юцца на сітуацыі ў Казахстане: па словах Жана Кашэбарава, на пачатку студзеня ў краіне чакаецца дэвальвацыя не менш, як на 20-25% адзіначасова.
 
А вось беларускі эканаміст Леанід Заіка шукаць у беларускіх кілбасах палітыку не раіць. Эканаміст упэўнены: палітызуючы пытанне з забаронай на пастаўку кілбас, беларускія чыноўнікі спрабуюць схаваць свой не прафесіяналізм. І задае пытанне: чаму да гэтага часу нам не паказалі вынікі падрабязных аналізаў беларускай мясной прадукцыі?
 
Леанід Заіка: “Вы бачылі вынікі аналізаў, нехта рэальна можа сказаць пра сапраўдную сітуацыю з якасцю беларускіх мясных прадуктаў і самога чыстага мяса? Другі момант — адсутнасць добрай якаснай экспертызы. Тыя кілбасы, што вырабляюцца ў нас у невялічкіх мясных цэхах у саўгасах, – хто кантралюе іх якасць? Будуць казаць, што ў нас ёсць сістэма "ГОСТаў" і іншага. Але там працуе формула “чарка і шкварка”: выпілі, закусілі і ўсё пайшло! І беларусы не ведаюць, што яны ядуць”.
 
 
А таму, упэўнены Леанід Заіка, нават добра, што сітуацыя склалася так, што нашы тавары забаранілі і што ўзніклі сумневы ў якасці беларускай кілбасы. Можа, кажа, хоць гэта прымусіць вытворцаў і адпаведныя структуры па-сапраўднаму гэтую якасць кантраляваць.
 
Фота: gorod48.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі