Кніжная выстава ў Мінску: георгіеўскія стужкі і “Бітва з ігам іўдзейскім”

Асноўнае месца на штогадовай мінскай кніжнай выставе сёлета аддалі Расіі. Ад уваходу ў вочы кідаюцца некалькі стэндаў з кнігамі пра вайну, пра Кадырава і нават бясплатнымі георгіеўскімі стужкамі ля стэнда выдаўцоў з Санкт-Пецярбурга. Бяры — не хачу.

Ад пачатку каля гэтага стэнда блукаюць хлопец з дзяўчынай ў вайсковай форме часоў Вялікай айчыннай вайны. Але перад адкрыццём — знікаюць.

На двух сціплых стэндах ад Украіны ні кніг пра вайну, ні стужак, ні візітак Яраша. Некалькі выданняў пра гісторыю і гістарычных дзеячаў.

Выставу, дзе сёлета свае выданні прадстаўляюць 28 краін, адкрывае міністр інфармацыі Лілія Ананіч. У гутарцы з карэспандэнтам Еўрарадыё яна раіць чытаць Коласа і Караткевіча.

Ананіч:З беларускай літаратуры, для тых, хто не знаёмы з класікай, я б параіла перачытаць Караткевіча, Коласа, Купалу, Шамякіна. А з сучаснага — Алену Браву, Алега Ждана, Алену Папову. Але што такое мая парада? Кожны мусіць знайсці сваю кнігу”.

Поруч з сучаснікам Мікалаем Чаргінцом, знаходзім адну кнігу Васіля Быкава на стэндзе ад дзяржаўных выданняў — “Салдацкі лёс”. Там жа на стэндзе дзяржвыдавецтваў кнігі Гніламёдава.

“Цяпер у літаратуры актыўна працуюць Мікола Мятліцкі, Генадзь Пашкоў, Мікола Шабовіч, Змітрок Марозаў, Міхась Башлакоў. У прозе — Віктар Праўдзін”, — пералічвае Еўарарадыё старшыня мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў.

Іншы, недзяржаўны Саюз беларускіх пісьменнікаў у выставе не ўдзельнічае, не запрасілі.

На стэндах не знаходзім ні твораў Віктара Марціновіча, ні Альгерда Бахарэвіча, ні Уладзіміра Арлова. Сёлета няма і выдаўца Ігара Логвінава, удзел якога арганізатары, па яго словах, назвалі “непажаданым”.

Нават кнігі Рыгора Барадуліна і Святланы Алексіевіч знаходзім толькі ў расійскіх выдаўцоў.

Толькі на стэндзе ў неасноўнай частцы выставы, на ніжнім паверсе, ёсць кніга Акудовіча “Код адсутнасці”. Тут жа ёсць творы Юрыя Станкевіча і Юрыя Гуменюка. Гэта прадукцыя выдавецтва “Галіяфы”, у гэтага выдавецтва няма свайго стэнда на выставе, але на неасноўным стэндзе яго кнігі выставіла выдавецтва “Тэхналогія”.

На ніжнім паверсе павільёна прадаюць зусім неадназначныя кнігі: “Асновы навуковага антысемітызму” Сяргея Баландзіна і “Бітва з ігам іўдзейскім” Барыса Міронава.

“Мы каля стэнда Азейбарджана бачылі цікавы падручнік, французскі стэнд спадабаўся”, — пералічвае ўсе цікавыя знаходкі выставы наведвальніца Лейла.

На стэндзе Венесуэлы усё застаўлена двума выданнямі “Наш Чавес” і “План радзімы”.

Большасць выданняў на расійскіх і беларускіх стэндах — пра Вялікую айчынную вайну і перамогу. Агулам у сёлетняй выставе бяруць удзел 28 краін. Ганаровы госць — Кітай.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі