Кітайска-беларускі тэхнапарк: Прапаноўваем інвестару лес! Голы лес!

На грамадскіх абмеркаваннях плана будаўніцтва Кітайска-беларускага тэхнапарка, што зараз праходзяць у Смалявічах, дачнікам паказалі пляцоўку пад гольф і казіно.

"А дзе будзе прамысловасць — няма!Праекціроўшчыкі намалявалі яшчэ адзін раён Мінска, а зоны, якая б прыносіла даход дзяржаве, няма! І ў мяне, і ў некаторых чыноўнікаў узнікае пытанне, а ці інвестыцыйны гэта праект або спроба аджаць зямлю на маленькую "Рублёўку"?" — пытаецца актывіст грамадскай кампаніі “Гавары праўду” Міхась Пашкевіч.  Ён таксама здзіўлены тым, што, акрамя інфраструктуры, праекціроўшчыкі Кітайска-беларускага тэхнапарку не намалявалі будучыя заводы і прадпрыемствы.

Пра пляцоўку для гольфа ды казіно на абмеркаванні плана кітайскага тэхнапарка і сапраўды казалі, заўважае Еўрарадыё намеснік начальніка аддзела комплекснага абслугоўвання суб’ектаў гаспадарання і ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур Юрый Шылін. Чыноўнік дадае, што людзі па-ранейшаму не задаволеныя будаўніцтвам прамысловасці пад бокам, абмеркаванні праходзяць нервова і негатыўна.

“Невядома, ці будзе гэты клуб увогуле, наконт гэтага няма ніякіх дамоў нават вусна. Сказалі для прыкладу, а народ адрэагаваў — і я іх разумею. Я б гэтак жа адрэагаваў”, — нечакана ўражвае чыноўнік.

Юрый Шылін кажа, што першапачаткова будзе асвойвацца тэрыторыя пад прамысловасць — так званая Паўночная пляцоўка. А потым, калі прыйдуць інвестары, — інфраструктура. Менавіта праз яе адсутнасць інвестараў у Кітайска-беларускага тэхнапарка небагата.

“А што нам прапанаваць інвестару? Голы лес! Але цікавасць інвестараў, у тым ліку замежных, ёсць. Ведаеце, яны ж хочуць, каб інфраструктура была адразу, а ў нас гэтага няма. А вось кітайскія інвестары больш прыглядаюцца. Прамацваюць сітуацыю, але не спяшаюцца сюды”, — кажа Юрый Шылін.

У адміністрацыі адзначаюць, што ў іх ёсць дакладна чатыры інвестары, якія заключылі дамовы аб намерах. Сярод іх латышская кампанія "Grindeks" і расійская "Асмедыка".

“Так, ёсць дамовы аб намерах, ёсць нават дамовы з кампаніямі, якія працуюць на беларускім рынку і хочуць пашырацца. Да прыкладу, ZTE, потым расійская "Асмедыка". Яны ўжо, як вам сказаць, яны выбіраюць участак і плануюць будаўніцтва. Ёсць інвестары, якія заключылі дамовы аб намерах, але чакаюць”, — упэўніваюць у аддзеле па працы з інвестарамі.

Юрый Шылін кажа, што першай будзе будавацца прамзона, і толькі потым — жылыя забудоўлі.

“Хто будзе будаваць за тэрыторыяй парка — гэта будуць беларусы. На тэрыторыі парка — пакуль не ведаю, часткова беларусы. Інвестарам будзе выгадней набраць беларусаў, і мы зацікаўленыя ў гэтым. Але ў нас жа рынак адкрыты, і калі будуць больш выгадныя ўмовы — тады будзем глядзець”, — і самі спадзяюцца ў адміністрацыі парка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі