Кіроўца аўто, якое пратараніў конь: Нічога не паспеў, нават рукі апусціліся

“Шчыра сказаць — нічога не паспеў. Нават рукі апусціліся ад такой нечаканасці. Добра б машына. А то — конь з возам!” — апісвае Еўрарадыё свае думкі ўдзельнік незвычайнай аварыі, што адбылася 2 лістапада ў Жлобіне.

Конь з возам на шалёнай хуткасці заклаў віраж і амаль лоб у лоб пратараніў аўто, што спынілася на скрыжаванні! Відэа здарэння з’явілася на Youtube на выхадных і за лічаныя гадзіны набрала больш за 300 тысяч праглядаў.

У гомельскай абласной ДАІ Еўрарадыё тлумачаць: конь спужаўся гучнага сігналу і пабег, а возчык не змог яго спыніць. Адпаведна, гаспадар возу і вінаваты ў ДТЗ:

“Возчык адказвае за каня, які прымае ўдзел у дарожным руху. На возчыка быў складзены адміністратыўны пратакол, 18.23 частка 4”.

Згодна з правіламі дарожнага руху, ДТЗ — гэта здарэнне, здзейсненае — увага! — з удзелам хаця б аднаго механічнага транспартнага сродку, што рухаўся. Жлобінская аварыя недарэчная яшчэ і таму, што рухаўся ў ёй воз. Які, вядома, з’яўляецца транспартным сродкам, але ніяк не механічным. А механічны транспартны сродак стаіць на месцы!

Але ў ДАІ ёсць адказ і на гэта:

“Мы не заглушылі машыну, не паставілі ў двары. Ён жа проста прытармазіў на дарозе. Ён прымае ўдзел у дарожным руху. Машына заведзеная, кіроўца ёсць. Так, ён прытармазіў на светлафоры. Але машына-та ўдзельнічае ў дарожным руху!”

Еўрарадыё стала цікава, што думае чалавек, машыну якога на гарадской вуліцы на шалёнай хуткасці тараніць конь. У ДАІ паведаміць кантакты ахвяры здарэння адмовіліся, таму мы знайшлі яго праз сацыяльныя сеткі.

Яўген пра інцыдэнт размаўляе неахвотна. Не хоча казаць ні пра суму шкоды, ні нават пра марку свайго аўтамабіля. Прызнаецца толькі, што гэта “немец”:

“Я пакуль паспрабаваў вылезці з таго боку, яны самі пачалі ўжо адганяць воз. Таму ўсё ж вылез з гэтага ж боку. Нармальна так пагутарылі… Яны выбачаліся, туды-сюды. ДАІ не было, мы разабраліся на месцы. Мой сябра ацаніў пашкоджанні, і мы дамовіліся. Нармальныя былі пашкоджанні. Грошай будзе нямала”.

На відэа бачна, што машына спынілася далёка за стоп-лініяй. Таму шмат хто з каментатараў у інтэрнэце вінаваціць у ДТЗ менавіта аўтааматара. Але ў ДАІ лічаць па-іншаму:

ДАІ: “За тое, што ён перасек лінію разметкі, на яго можна скласці пратакол за парушэнне правілаў разметкі. Але не гэта стала прычынай ДТЗ”.

Гэта пацвярджае і сам пацярпелы: “Быць бядзе ўсё роўна”. Цяпер возчыка чакае камісія і штраф. Адно, што радуе: конь у аварыі не пацярпеў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі