Кіраўнікоў ФІФА і УЕФА дыскваліфікавалі на 90 дзён

Кіраўнікоў ФІФА і УЕФА дыскваліфікавалі на 90 дзён

Прэзідэнт ФІФА Ёзэф Блатэр і прэзідэнт УЕФА Мішэль Плаціні адхіленыя ад заняткаў любой дзейнасцю, звязанай з футболам. Тэрмін дыскваліфікацыі — 90 дзён, але можа быць працягнуты яшчэ на 45 дзён. Гэтае рашэнне вынес камітэт ФІФА па этыцы. Прычынай дыскваліфікацыі стала расследаванне, якое вядзе ў дачыненні Блатэра і Плаціні швейцарская пракуратура.

Блатэра абвінавачваюць сярод іншага ў незаконнай выплаце Плаціні двух мільёнаў швейцарскіх франкаў. Плацёж прайшоў у пачатку 2011 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ФІФА. Ніводзін з бакоў не змог уцямна патлумачыць прызначэнне гэтага плацяжу.

Таксама камітэт па этыцы пацвердзіў дыскваліфікацыю на 90 дзён генсека ФІФА Жэрома Вальке, якога раней адхілілі ад выканання абавязкаў на мінулым тыдні.

Як адзначае Еўраньюс, дыскваліфікацыя Блатэра і Плаціні можа зрабіць вялікі ўплыў на выбары прэзідэнта ФІФА, якія павінны прайсці 26 лютага. Галоўным прэтэндэнтам на перамогу ў іх лічыўся цяперашні кіраўнік УЕФА, аднак цяпер яго шансы ўпалі. Да моманту выбараў дыскваліфікацыя Плаціні скончыцца, але яго кандыдатуру павінен будзе зацвердзіць спецыяльны камітэт. Ва ўмовах крымінальнага расследавання гэтая працэдура не выглядае простай фармальнасцю.

Пакуль сусветным футболам будзе кіраваць прэзідэнт Афрыканскай канфедэрацыі Іса Хаяту.  

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі