Кіраўнік МЗС Расіі: Пераход на валютныя разлікі з Беларуссю малаверагодны

Кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў лічыць, што пераход на разлікі ў цвёрдай валюце паміж Беларуссю і Расіяй малаверагодны. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю расійскаму выданню “Коммерсант”.

“Што ж тычыцца Беларусі і пераходу ў гандлёвых разліках на еўра і долары, то паміж нашымі краінамі значны таваразварот з істотным станоўчым сальдам для Расіі. Таму калі его пераводзіць у валюту, то атрымаецца, што Беларусь павінна будзе плаціць са сваіх валютных рэзерваў”, — сказаў Сяргей Лаўроў.

Пра магчымасць пераходу на разлікі ў доларах і еўра ў гандлі з Расіяй заявіў раней Аляксандр Лукашэнка.

Паводле Лаўрова, “гандлёвае сальда на нашу карысць”. “Калі гандаль пераводзіць на еўра і долары, я не думаю, што гэта будзе эфектыўна, у тым ліку з пункту гледжання беларускай эканомікі. Не думаю, што гэта схема будзе канкрэтна адпрацоўвацца”, — сказаў ён.

Лаўроў таксама выказаўся пра перспектывы Еўразійскага эканамічнага саюзу, паседжанне вышэйшага савету якога прайшло ў Маскве ў аўторак.

“У нас створаны вельмі перспектыўны саюз. Гэта праца была зробленая ў рэкордныя тэрміны, калі суаднесці з аналагічнай працай, якая многія гады вялася ў Еўрасаюзе. Еўразійскі эканамічны саюз прырастае новымі чальцамі: Арменія, неўзабаве далучыцца Кіргізія. Велізарны рынак у 170 мільёнаў чалавек… Перавагі відавочныя”, — сказаў расійскі міністр.

Фота: РИА Новости

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі