Кіраўніцтва Славакіі заігрывае з рэжымам Лукашэнкі

Любаш Блага, Андрэй Дапкюнас і Андрэй Данка (злева направа)

Любаш Блага, Андрэй Дапкюнас і Андрэй Данка (злева направа) / тг-канал Любаша Благі

9 лютага ў Браціславе амбасадар Беларусі Андрэй Дапкюнас сустрэўся з віцэ-спікерамі парламента Славакіі Любашам Благам і Андрэем Данкам. У тг-канале МЗС паведамляецца, што ён назваў славацкіх палітыкаў "шчырымі сябрамі Беларусі, якія заўсёды выступаюць у інтарэсах сапраўднага сяброўства паміж народамі і абараняюць нацыянальныя інтарэсы сваіх краін".

Любаш Блага ў сваім ТГ-канале, як заўважыў "Позірк", назваў абсурднымі санкцыі супраць афіцыйнага Мінска: "Я зраблю ўсё для далейшага развіцця нашага супрацоўніцтва, мне заўсёды падабалася бываць у гэтай цудоўнай краіне, і я лічу санкцыі супраць Беларусі абсурднымі".

Ён паабяцаў, што будзе імкнуцца нармалізаваць адносіны з Беларуссю і Расіяй.

Блага ўваходзіць у левацэнтрысцкую партыю "Напрамак — сацыяльная дэмакратыя", якая выйграла выбары ў верасні 2023 года. Прэм'ер-міністрам краіны стаў лідар партыі Роберт Фіца: пры ім Славакія заняла прарасійскую пазіцыю — праўда, пакуль толькі на ўзроўні рыторыкі.

У прыватнасці, у інтэрв'ю выданню Pravda Фіца заявіў, што выступае за допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў.

"Уявіце, што ў вас ёсць спартыўная дысцыпліна, і ў гэтай спартыўнай дысцыпліне на першых прыступках стаіць абсалютны сусветны лідар з Расіі ці Беларусі. Вы забараняеце ім прыходзіць на спаборніцтвы, і перамагае хтосьці, хто ў адваротным выпадку выйграў бы з мінімальнай верагоднасцю. Якая каштоўнасць гэтага залатога медаля? У сваім жыцці я б не перашкаджаў спартсменам спаборнічаць, таму што хай яны пакажуць, ці ёсць у іх усё неабходнае для перамогі" — паведаміў кіраўнік славацкага ўрада.

МАК вырашыў дапусціць да Алімпіяды спартоўцаў з Беларусі і Расіі толькі ў нейтральным статусе і на індывідуальных спаборніцтвах. Выкарыстанне сцягоў і гімнаў Беларусі і Расіі на Алімпіядзе забараняецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі