Католікі сёння святкуюць Пальмовую нядзелю

Католікі сёння святкуюць Пальмовую нядзелю

Католікі сёння святкуюць Пальмовую нядзелю. У гэты дзень у літургіі ўзгадваецца ўрачысты ўваход Ісуса Хрыста ў Ерусалім за пяць дзён да яго ўкрыжавання. Як пішуць eвангелісты, людзі з натоўпу, якія віталі Хрыста, слалі на дарозе сваю вопратку, а таксама аліўныя і пальмoвыя галінкі, усклікаючы пры гэтым: “Асанна! Дабраслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Госпада”.

На літургію святары апранаюцца ў літургічнае адзенне чырвонага колеру. У гэты дзень падчас святой Імшы чытаецца або спяваецца з падзелам на ролі апісанне Мукі Хрыста. Таму другая назва Пальмовай нядзелі — нядзеля Мукі Пана. Нягледзячы на гэта, урачыстасць мае радасны характар, бо з яе пачынаецца літургічны ўспамін падзей, у якіх здзейснілася збаўленне свету.

На пачатку літургіі Пальмовай нядзелі чытаецца Евангелле пра трыумфальны ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем, пасля чаго святар асвячае галінкі вербаў і пальмаў, прынесеныя вернікамі, а потым адбываецца ўрачыстая працэсія. Пазней асвечаныя галінкі спаляць, а попелам, які ад іх застанецца, будуць пасыпаны галовы вернікаў у Папяльцовую сераду наступнага года.

Пасля вяртання дадому вернікі ўтыкаюць асвечаныя галінкі за крыжы і абразы, каб зберагчы дом ад няшчасцяў. Раней гэтыя галінкі ўтыкалі таксама на поле, каб Бог абегараў пасевы ад граду, сушы і празмерных дажджоў.

Звычай асвячэння пальмовых і вербных галінак з’явіўся ва ўсім Касцёле ў XI стагоддзі. Акрамя таго, у Пальмовую нядзелю адзначаецца Сусветны дзень моладзі. З гэтай нагоды ў Рыме Папа сустракаецца з моладдзю і асвячае прынесеныя ёю галінкі, паведамляе партал catholic.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі