Каранік: збіты падлетак быў пад псіхатропамі. Па даведках, гэта не так.

Акцыя супраць гвалту  / Еврорадио
Акцыя супраць гвалту  / Еврорадио

26 жніўня губернатар Гродзенскай вобласці, экс-міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што ў 16-гадовага падлетка, які пасля збіцця пры затрыманні апынуўся ў коме, "па клініцы — атручэнне псіхатропамі". Але дадзеныя эпікрыза і даведак ні алкаголю, ні наркатычных рэчываў у арганізме падлетка не паказваюць, піша TUT.by.

— Калі ўсе распавядаюць пра тое, што ўсе белыя і пухнатыя, калі мы бачым фэйкі, прабачце, мяне пра тое, што бедны, 16 гадоў, збіты да паўсмерці, у коме ляжыць у 3-й дзіцячай бальніцы Мінска. Памятаеце гэта? А я ведаю, таму што на кансіліумы выязджалі: пералом скуловой косткі, сутаргавы сіндром незразумела чаго, чэрап цэлы, сінякоў на галаве няма, МРТ чыстае. Потым знялі, потым выйшаў на псіхоз, па клініцы — атручэнне псіхатропамі. Ну, натуральна, у морду атрымаў, прабачце, у твар атрымаў, пералом скуловой косткі ёсць, але іншых сінякоў няма ніводнага, а ўсюды было "збіты да паўсмерці", — так пракаментаваў выпадак затрымання 16-гадовага падлетка Уладзімір Каранік.

Гаворка пра 16-гадовага Цімура, які трапіў у рэанімацыю 3-цяй дзіцячай бальніцы Мінска з Партызанскага РУУС 13 жніўня. 12 жніўня падчас акцыі пратэсту яго затрымалі на Каменнай Горцы. Пасля збіцця сілавікамі Цімур апынуўся ў медыкаментознай коме. У яго дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, адкрыты пералом скула-арбітальнага комплексу, страсенне галаўнога мозгу, параарбітальную гематому справа, сутаргавы сіндром, множныя ўдары мяккіх тканін і канечнасцяў, траўматычныя эрозіі рагавіцы абодвух вачэй.

Станіслаў Абразей, адвакат падлетка, распавёў TUT.by, што ў арганізме Цімура не было ні алкаголю, ні наркатычных рэчываў, калі ён паступіў у бальніцу. Такіх дадзеных няма ні ў эпікрызе, ні ў даведках, ні ў гісторыі хваробы.

Больш за тое, у нас ёсць даведка і заключэнне, дзе напісана, што ў арганізме не выяўлены ні наркотыкі, ні псіхатропныя рэчывы, на якія праводзіўся тэст. Калі чалавек трапляе з траўмамі ў бальніцу, яму робяць аналіз крыві і правяраюць, ці знаходзіцца ён у алкагольным ап'яненні і гэтак далей, каб, калі будуць наступствы і працяг гэтай гісторыі, гэты факт быў выяўлены. Тут пратакол ў мэдычнай частцы быў выкананы, аналіз быў зроблены, — кажа адвакат.

Гэтыя дакументы сям'я Цімура перадала рэдакцыі TUT.by. Журналісты пацвярджаюць, што ў эпікрызе і даведцы аб выніках лабараторнага даследавання ў крыві падлетка этылавага спірту няма. Таксама ёсць вынікі аналізу мачы на ​​наяўнасць наркатычных, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў — яны таксама адмоўныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі