У мінскага шасцікласніка падазраюць каранавірусную інфекцыю
У шасцікласніка са школы №212 у Мінску падазраюць каранавірусную інфекцыю. Вучань 2008 года нараджэння шпіталізаваны, іншых вучняў адпусцілі дадому.
Адзін з іх так распавёў пра падзеі ў гутарцы з Еўрарадыё: "Так, у аднаго з вучняў пацвердзілі каранавірус. Гэта праўда. Яго павезлі на "хуткай". Усіх навучэнцаў адпусцілі дадому".
Дырэктар школы Вольга Касалапава ў размове з Еўрарадыё пацвердзіла, што ў школьніка падазраюць каранавірусную інфекцыю: "Я не думаю, што вам варта пра гэта пісаць. Інфармацыя на гэты момант не пацверджаная, праводзяцца лабараторныя выпрабаванні". Па яе словах, школа працуе ў штатным рэжыме.
Дагэтуль у Беларусі быў 51 зарэгістраваны выпадак каранавіруса. Што праўда, гэта статыстыка на раніцу 18 сакавіка — больш свежай інфармацыі на цяперашні момант Мінздароўя не дало.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.