Кандыдаты ў прэзідэнты выступілі на дэбатах фактычна адной камандай

Дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі прайшлі ў суботу ў жывым эфіры на беларускім тэлебачанні. У іх удзельнічалі ўсе кандыдаты, акрамя Аляксандра Лукашэнкі. ДАДАЛОСЯ ВІДЭА
Спачатку кожны з кандыдатаў атрымаў магчымасць выступіць з прамовай на 1,5 хвіліны. Уладзімір Някляеў пасля кароткага выступу заявіў, што "гэта не дэбаты", што ён "не бачыць ніякага сэнсу, ніякага толку" ў іх. Ён заклікаў беларусаў прыходзіць на плошчу 19 снежня і сыйшоў.

Вядучыя дэбатаў Юрый Пракопаў і Андрэй Крывашэеў паспрабавалі "пажартаваць", што цяпер давядзецца "размаўляць з пустой тумбачкай". Але атрымалі жорсткі адпор з боку Віталя Рымашэўскага, які запатрабаваў спыніць такія здзекі.

Андрэй Саннікаў таксама выказаўся наконт таго, што "гэта не дэбаты, а мана БТ", ён сказаў, што "сёння ў Беларусі гістарычны шанец", "мы ўсе можам сустрэць Новы год у свабоднай Беларусі".

Большасць кандыдатаў спынілася на тэзісах сваіх праграмаў. Рыгор Кастусёў нагадаў, што ў студыі няма "аднаго кандыдата", ён заклікаў не хадзіць на датэрміновае галасаванне.

Пасля гэтага вядучыя прапанавалі правесці "ўласна дэбаты" і пачалі задаваць пытанні. Першае адрасавалі Рыгору Кастусёву наконт яго заявы пра прарасійскіх кандыдатаў. Але Кастусёў заявіў: "Я без вашай дапамогі паразмаўляў з гэтымі людзьмі ўжо сам". Усе кропкі над "і" расставіў Андрэй Саннікаў, калі сказаў, што перад эфірам усе кандыдаты "дамовіліся ігнараваць пытанні тых людзей, якіх не выбіралі, не ўзгаднялі". Таму кандыдаты фактычна выступалі адной камандай, ігнаруючы правакацыйныя пытанні.

Саннікаў звярнуўся да сілавікоў з заклікам выконваць закон.

Пракопаў і Крывашэеў усё ж спрабавалі "разгаварыць" кандыдатаў, задаючы пытанні пра адносіны з Расіяй, пра візы, пра "беларускасць" кандыдатаў. Найбольш дэтальна адказваў Яраслаў Раманчук. Яго спрабаваў спыніць Мікола Статкевіч, які ў ранейшым стылі звяртаўся да Лукашэнкі, патрабуючы сумленных выбараў.

Дзмітрый Ус нагадаў пра свой зварот да кіраўніка дзяржавы, падпісаны 7 кандыдатамі ў прэзідэнты, з патрабаваннем увядзення прадстаўнікоў кандыдатаў у склад участковых камісій. Нечакана востра выступаў Віктар Цярэшчанка. "Мы не будзем вазіць вёдрамі нафту з Венесуэлы!", — заявіў ён.

У канцы эфіру 8 кандыдатаў атрымалі па 30 секундаў для заключнага слова. Некаторыя з іх заклікалі не хадзіць на датэрміновае галасаванне, прыходзіць 19-га чысла на плошчу.

Юрый Пракопаў спрабаваў "падвесці вынік" дэбатам, але некаторыя кандыдаты ўжо пачалі сыходзіць са студыі, іншыя ўступілі з ім у палеміку. Відавочна, што дэбаты прайшлі не па тым сцэнары, які планавалі іх арганізатары.











Фота — bymedia.net

Відэа: Наша ніва

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі