Канцэрты і імпрэзы, якія варта наведаць у Мінску падчас чэмпіянату

Афіцыйная забаўляльная праграма для гасцей чэмпіянату свету па хакеі ўражвае. Моцна здзіўляць аматараў хакею на пляцоўках горада будуць сярод іншых поп-фолк гурт “Лялькі карпарэйшн”, ансамбль “Малінаўка компані”, кавер-гурт “Огонёк бэнд”, дуэты “Настальжы” і “Шакалад”, узорны танцавальны калектыў “Зубронак”, Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Еўрарадыё складае альтэрнатыўную афіцыйнай афішу івэнтаў, якая дапаможа мінчанам і гасцям сталіцы ўбачыць менавіта беларускі бок айчыннай музыкі і мастацтва.

Самае галоўнае мерапрыемства траўня, якое настойліва раіць наведаць уся рэдакцыя Еўрарадыё, наш уласны фестываль “Дзень радыё”, які пройдзе 23 траўня ў сталічным клубе Re:Public. Сёлета фэст збярэ магутныя музычныя рок-сілы захаду Беларусі — гурты :B:N: i Sciana, і усходу — Nizkiz i Akute, а аб’яднае ўсіх мінскі гурт “Тлушч”. Пры чым, кожны гурт рыхтуе порцыю свежай музыкі адмыслова для “Дня радыё”: чакаецца ажно 5!!! прэм’ер!

:B:N:

Квіткі прадаюцца ва ўсіх касах горада, а таксама праз сайты цікетсэйлераў (Квіткі.by, Ticketpro.by, сайт клуба Re:Public). Кошт ад 110 тысяч. Столікі: 170 тысяч рублёў.

А пакуль мы ўсе чакаем “Дня радыё”, можна прагуляцца і па іншых імпрэзах.

10-11 траўня ў межах Другога Мінскага форуму вулічных тэатраў адбудзецца экскурсія па “Галерэі пад адкрытым небам”. Кіруе праектам славенскі тэатр "Kud Ljud", але робіцца ён сіламі беларусаў. У тым ліку, і звычайных мінакоў, якія проста шпацыруюць па мінскіх вуліцах.

"У дадзеным спектаклі асяроддзем з'яўляецца сам горад з яго адметнасцямі, шнарамі, недасканаласцямі. Па форме гэта экскурсія, гэта спроба ўдзельнікаў і гледачоў звярнуць увагу на горад, у якім мы жывем, на нейкія аб'екты, з'явы, адметнасці, міма якіх мы праходзім як міма чагосьці звыклага. А яны насамрэч могуць быць вельмі цікавымі", — тлумачыць каардынатар праекта з беларускага боку Аляксей Стрэльнікаў.

"Уварванне" ружовых чалавечак у Мінск (тэатр "Kud Ljud")

“Джазавыя вечары з Банкам БелВЭБ” заяўленыя ў афіцыйнай чэмпіянацкай праграме. Джаз на вуліцах еўрапейскіх гарадоў — прыкмета таго, што ўсё як мае быць. Трапіўшы па мінскія джазавыя вечары, гледачы змогуць пазнаёміцца з сапраўдны якасным і цікавым беларускім джазам (Apple Tea, Tanin Jazz, Трыа Канстанціна Гарачага, шоў-аркестр Ліпніцкага). “Джазавых вечароў” будзе тры, яны будуць праходзіць па суботах 10,17 і 24 траўня на пляцоўцы ля Палаца спорту.

"Джазавыя суботы ля Ратушы" з гуртом Apple Tea і Шэндай Рул

Хакейным заўзятарам і аматарам якаснага року раім наведаць канцэрт легенды беларускага блюз-року, гурта “Крама". Музыкі на ўсіх сваіх цяперашніх выступах прэзентуюць па новай песні. Канцэрт у “Графіці” 14 траўня — не выключэнне. Праўда, смяецца лідар калектыву Ігар Варашкевіч, замежным гасцям, калі яны, натуральна, уціснуцца ў “кампактны” “Графіці”, усе песні “Крамы” будуць новымі.

"Крама"

Галоўныя беларускія музыкі-фрыкі збяруцца 17 траўня ў клубе Re:Public на дабрачынным канцэрце “Дапамажы дзецям разам з намі”. У канцэрце возьмуць удзел “Серебряная свадьба”, “Кассиопея”, “Петля Пристрастия”, “Аддис Абеба”, “Ботаник Проджект”, “РСП”, Дзіма Ску ды Papa Bo Selecta.

Серебряная свадьба”

Традыцыйна імпрэза пачнецца у 19 гадзін, а скончыцца а 5-й раніцы. Грошы, сабраныя падчас мерапрыемства, пойдуць на аздараўленне выхаванцаў Дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

У межах міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” ноччу з 17 на 18 траўня лядовая арэна “Юнацтва” (што ў Парку Горкага) запрашае на прэм’еру хакейнай оперы-буф “0:1” маладой мінскай кампазітаркі Вольгі Падгайскай. Гэта будзе гісторыя пра тое, як у сям’і хакеістаў падрастаў сын-музыка. Пасля прэм’еры гледачы змогуць пакатацца на каньках пад гукі жывога сімфанічнага аркестра, музыку гуртоў “Vuraj”, “нагУаль” і Dj LekaPavleka.

18 траўня можна наведаць фестываль беларускай музыкі “Травень”, які пройдзе ў мінскім клубе “Мулен Руж” пры ўдзеле гуртоў “Людзі на балоце”, HandMade, Re1ikt, Naka piano, Тацяны Беланогай, Касі Камоцкай, і Алега Хаменкі.

Re1ikt

“На нашым фэсце будуць абсалютна непаўторныя, арыгінальныя гурты, аналагаў якім, магчыма, і няма ў іншых краінах. Сярод прычын, па якіх раім схадзіць на “Травень” – гэта адпачыць ад хакея, якога ў гэтыя дні будзе занадта шмат. Мы таксама запрашаем тых людзей, якія хочуць патрапіць у атмасферу нейкай чыстай музыкі”, — разважае арганізатар фэсту Сяргей Будкін.

21 траўня ў Jack Club Neuro Dubel будзе граць святочны канцэрт з нагоды Дня нараджэння яго лідара Аляксандра Кулінковіча. “Дзюбелі” ў чарговы раз выцягнуць з доўгіх шуфлядаў песні 20-гадовай даўніны і традыцыйна акунуць гледачоў у вір вар’яцкага драйву.

Neuro Dubel

22 траўня ў клубе “Таранціна” стваральнікі беларускага фолк-мадэрна, гурт “Палац”, сыграюць амаль усе свае песні. Прычым, вядомыя палацаўскія хіты цяпер атрымліваюць новыя аранжыроўкі, а некаторыя з іх робяцца адмыслова для клубных выступаў.

“22 траўня — гэта прысвятак святога Мікалая, — філасофствуе лідар “Палаца” і культуролаг Алег Хаменка. —

Святога, які прызнаны і праваслаўнай, і каталіцкай цэрквамі. Святы Мікалай даруе нават нехрышчоным грэшнікам. Калі нехрышчоныя, а таксама хрышчоныя грэшнікі хочуць далучыцца да танцаў і спеваў, няхай прыходзяць на канцэрт”.

“Палац”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі