Канапацкая — пра гарантыі для Лукашэнкі: такія законы ёсць ва ўсіх суседзяў

sb.by
sb.by

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая ўнесла на разгляд у парламент законапраект аб гарантыях былому прэзідэнту Беларусі і членам яго сям'і. Чаму апазіцыйны дэпутат фактычна прапануе даць гарантыі Аляксандру Лукашэнку пасля яго сыходу з пасады кіраўніка дзяржавы?

Як тлумачыць Еўрарадыё сама Канапацкая, сёння ў беларускім заканадаўстве ёсць значны прабел у пытаннях пераемнасці і змяняльнасці ўлады. А закон "Аб гарантыях Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і членам яго сям'і" яго ліквідуе і стане прыкладам выканання прынцыпаў дэмакратыі.

Але ці не баіцца Ганна Канапацкая, што яе законапраект негатыўна ўспрымуць іншыя апазіцыйныя палітыкі?

"Калі гэта ініцыятыва будзе ўспрынятая негатыўна, то гэта значыць, што людзі хітруюць. Значыць, што яны не могуць быць той апазіцыяй, якая стаіць на прынцыпах выканання канстытуцыйных прынцыпаў, дэмакратыі, выканання правоў і свабод грамадзяніна, чалавека. Тая апазіцыя, з якой я працую, прыхільніцай якой я з'яўляюся, якраз-такі прытрымліваецца ўсіх гэтых прынцыпаў", — кажа дэпутат.

Канапацкая ўдакладняе, што ні з кім з беларускіх палітыкаў яна наконт гэтай ініцыятывы не кансультавалася.

"Ва ўсіх суседніх краінах ёсць аналагічныя законы", — дадае Канопацкая.

Дэпутат прапануе захаваць за экс-прэзідэнтам і яго сям'ёй медабслугоўванне на ранейшым узроўні, прызначыць высокую пенсію членам сям'і экс-прэзідэнта пасля яго смерці. Экс-прэзідэнту прапануецца пакінуць адну з дзяржаўных рэзідэнцый, а таксама ўрадавую сувязь. Канапацкая таксама прапануе даць экс-прэзідэнту гарантыі недатыкальнасці і пазбавіць яго ад адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу за дзеянні, здзейсненыя падчас прэзідэнцтва.

Праз пару дзён паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў VI склікання скончацца. Унесены Канапацкай законапраект, магчыма, стане яе фінальным акордам у якасці дэпутата парламента.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі