Каля берагоў Швецыі знайшлі затанулую расійскую падлодку (відэа)

Шведскія дайверы заявілі, што выявілі ў тэрытарыяльных водах краіны патанулую расійскую падводную лодку. Гэта адбылося праз дзевяць месяцаў пасля заканчэння маштабнай аперацыі шведскіх ваенных па пошуку неапазнанай замежнай субмарыны.

Як адзначае ВВС, Мінабароны Швецыі пакуль не пацвярджае звесткі дайвераў, бо яго эксперты яшчэ не ідэнтыфікавалі меркаваную субмарыну. Яны чакаюць ад дайвінгавай кампаніі больш выяваў знойдзенага аб'екта. Канчатковыя высновы экспертаў мусяць быць гатовыя бліжэйшымі днямі.

Як паведаміў Штэфан Хогебарн, адзін з падводнікаў кампаніі Ocean X Team, знойдзены неапазнаны карабель выглядае цалкам некранутым, без якіх-небудзь бачных пашкоджанняў корпуса, а ўсе люкі субмарыны зачыненыя.

Памеры лодкі дайверы ацанілі прыблізна: каля 20 метраў у даўжыню і 3,5 метра ў дыяметры. На корпусе лодкі дайверы выявілі кірылічныя літары.

Шведскі таблоід Expressen, які апублікаваў здымкі таямнічага аб'екта на сваім інтэрнэт-сайце, паведамляе, што карабель затануў за 1,5 марской мілі (2,8 км) ад усходняга ўзбярэжжа цэнтральнай часткі краіны.

Дарэчы, адзін з апытаных газетай экспертаў выказаў здагадку, што гэта расійская субмарына, якая патанула яшчэ ў 1916 годзе.

Нагадаем, што ў кастрычніку 2014 года ваенна-марскія сілы Швецыі вялі пошук замежнай падлодкі ў водах Стакгольмскага архіпелага. Пошукі працягваліся шэсць дзён.

Фота: expressen.se

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі