Каб правесці адзіночны пікет, трэба паклікаць міліцыю, хуткую і дворніка

Адзіночны пікет насупраць пасольства Расіі Руху "За Cвабоду" не дазволілі праводзіць, бо дзяўчына будзе адцягваць увагу кіроўцаў. На такой падставе ўсім дзяўчатам можна забараніць увогуле з'яўляцца на вуліцы, асабліва летам!

"Нам напісалі, што кіроўцаў яна будзе адцягваць ад выканання ПДР, будзе замінаць пешаходам і што не заявілі ніякіх мераў па захаванні грамадскага парадку, — распавядае Арцём Лява, які разам з сябрамі падаваў некалькі заявак на адзіночныя пікеты супраць вайны ва Украіне. — Нас з Алесем, паколькі мы ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве вясной, увогуле пазбавілі права арганізоўваць мітынгі. Нейкая дыскрымінацыя ў законе. Праз, што мы парушылі правіла, год не маем права ініцыяваць акцыі".

У гэта адразу цяжка паверыць. Але у законе аб масавых мерапрыемствах сапраўды напісана, што калі ты быў асуджаны за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, то год не маеш права арганізоўваць нават адзіночныя пікеты. Вось так закон абмяжоўвае права прапісанае ў Канстытуцыі.

"Асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, цягам аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое парушэнне не могуць выступаць арганізатарамі масавага мерапрыемства".

Што там Канстытуцыя! У Беларусі гэтае права абмяжоўваецца яшчэ і рашэннямі выканкамаў. Аказваецца, у 42 гарадах Беларусі ёсць рашэнні выканкамаў, што разам з заяўкай на правядзенне пікета трэба падаваць дамовы з міліцыяй, "хуткай" і камунальшчыкамі. А далей замкнутае кола.

"Міліцыя просіць спачатку дазвол выканкама, а ахова здароўя спасылаецца на тое, што няма магчымасці абслугоўваць такія мерапрыемствы. У Оршы сказалі, што ў рэестры, зацверджаным міністэрствам, няма такой паслугі — абслугоўванне пікетаў і мітынгаў. У Віцебску 5 гадоў не дазвалялі ні адзін пікет і ні адзін мітынг", — кажа сябра Руху "За Cвабоду" з Віцебска Хрыстафор Жаляпаў.

Нават каб правесці адзіночны пікет, патрэбныя ўсе гэтыя дамовы!

"Што міліцыянты будуць ахоўваць мяне, побач будзе стаяць карэта хуткай дапамогі, а камунальнікі прыйдуць і за мной прыбяруць".

Магіляўчанка Ганна разам з будучым мужам хацелі запусціць каля ЗАГСа шмат паветраных шарыкаў, каб зрабіць прыгожае вясельнае відэа. Жаніх і нявеста пачалі збіраць "масоўку" праз сацсеткі, але ім патлумачылі, што патрэбны дазвол гарвыканкама.

"Ліст афіцыйны прыйшоў на маё імя, што так, мы вам дазваляем, але парадак правядзення і чысціню ўскладаем на вас. А гэта значыць, што мы павінныя напісаць заяву ў міліцыю з просьбай даць нарад і аплаціць яго. Мы не сталі гэтым займацца, бо не было часу".

Выходзіць, атрымаць дазвол можна і без папярэдняга падпісання дамоваў з міліцыяй, камунальнікамі і "хуткай". Але аплачваць іх паслугі ўсё роўна трэба. Горка!

Фота: generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі