Іван Кірчук: Я не збіраўся пісаць кнігу і наступную таксама не збіраюся

“Хацелася б расказаць пра тое, што не ўвайшло ні ў першую ні ў другую кнігу, — пачынае творчую сустрэчу з нагоды прэзентацыі новай кнігі “Горит свеча у алтаря…Іван Кірчук. — Але, можа, гэтыя рэчы акурат самыя дзіўныя, бо нарадзіўся я ў горадзе Ліда і свае першыя дзённікі пачаў пісаць недзе ў 70-х гадах. На жаль, нічога не збярог з таго часу. А было б вельмі цікава, таму што я не марыў быць ні музыкам, ні фалькларыстам. Але тыя мары быць мараком, вандраваць па свеце ужо, відаць, потым здзейсніліся, дзякуючы “Троіцы”.

Перад пачаткам імпрэзы на ўваходзе ў малую залу КЗ “Мінск” ляжаць два альбомы з малюнкамі Іван Іванавіча. Высветлілася, што музыка увесь час замалёўвае акварэллю ці алоўкам тое, што сніць, перажывае, над чым разважае… Сам Кірчук да сваіх мастацкіх здольнасцяў ставіцца са скептыцызмам, таму асобныя выставы рабіць не плануе, але ў комплексе з кнігай ды канцэртам лічыць іх вартым дадаткам.

“Сёння я прынёс толькі 80 напрацовачак, — распавядае лідар этна-трыа “Троіца”. — Яны ўсе розныя па стане: гэта лета, гэта зіма і г.д. Гэта тое, што рыхтавалася на кнігу, але, на жаль, не ўсё ўвайшло. Там шмат інфармацыі і, калі вы будзеце чытаць, то ўбачыце, што гэтых малюнкаў там не хапае. У нас проста не атрымалася іх надрукаваць. Складана было гэта зрабіць па грошах. Таму ў кнігу трапіла толькі некалькі чорна-белых малюнкаў”.

Прэзентацыя “Горит свеча у алтаря…” падзяляецца на чатыры музычныя часткі ("Зямля", "Вада", "Агонь" ды песні звязаныя са смерцю), паміж якімі Іван Кірчук шчыра распавядае пра сваё станаўленне ад самага нараджэння да сённяшніх дзён. Музыка ўзгадвае сваю першую фальклорную экспедыцыю, першыя інструменты сваёй калекцыі, людзей у якіх вучыўся, з кім працаваў… Напрыканцы Іван Іванавіч дзякуе ўсім, хто знайшоў час прыйсці і адказвае на пытанні прысутных.

“У 1996-м годзе Віктар Захарчанка (народны артыст Расіі, фалькларыст, дырыжор, грамадскі дзеяч — заўв. Еўрарадыё) спытаў у мяне: А калі табе ўжо што прысвояць? Я адказаў, што пакуль яшчэ не заслужыў, — з усмешкай адказвае на пытанне пра дзяржаўную падтрымку Іван Кірчук. — Тады ж Захарчанка і яшчэ 5 прафесараў з Кубані напісалі ліст на імя Лукашэнка, каб у Беларусі звярнулі на тое, што робіць Кірчук, бо, маўляў, цягам пяці гадоў ён прывозіць на Кубань розныя праграмы, этнграфічныя музеі і г.д. Цяпер у нас на рахунку 100 фестываляў ад Малайзіі да Партугаліі з “Троіцай”, але пакуль не заслужыў нічога. Але абы не перашкаджалі. Так бывае, што чалавек шмат робіць, але яго не заўважаюць, гэта таксама добра. Усё яшчэ наперадзе!”.

Кніга “Горит свеча у алтаря…” з’яўляецца своеасаблівым працягам папярэдняга выдання “Автобаны и менестрели”. У ёй занатаваныя сны Івана Кірчука, яго ўспрыняцце падарожжаў з “Троіцай”, тлумачэнні ды аналіз пэўных жыццёвых падзеяў. Напрыканцы прэзентацыі Іван Іванавіч з усмешкай прызнаецца, што не збіраўся пісаць гэтую кнігу, усё неяк само сабой атрымалася. Таму і наступных выданняў пакуль не плануецца, але як яно будзе насамрэч, ніхто не ведае.

Дарэчы, набыць усе кнігі Івана Кірчука можна будзе на сольным канцэрце-прэзентацыі новай праграмы “Троіцы”, які пройдзе ў Белдзяржфілармоніі 8 лістапада. Квіткі паступяць у продаж ужо ў бліжэйшы панядзелак (22 верасня).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі