Іспыт па гісторыі Беларусі для 11-класнікаў стане абавязковым

З праграмы выпускных экзаменаў за базавую школу (9-ы клас) гэта выпрабаванне выключылі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Мінадукацыі.

Адзначым, што з 2014-2015 навучальнага года выпускнікі 9-га класа будуць здаваць выпускныя экзамены па навучальных прадметах "Беларуская мова", "Руская мова" і "Матэматыка" у пісьмовай форме. Для 11-класнікаў абавязковыя выпускныя экзамены будуць праводзіцца па навучальных прадметах "Матэматыка", "Замежная мова", "Гісторыя Беларусі", а таксама па беларускай або рускай мове — на выбар вучня ў пісьмовай форме.

У Мінадукацыі патлумачылі, што іспыт па гісторыі Беларусі перанеслі на 11-ы клас, бо змянілася навучальная праграма. Цяпер у 9-м класе вывучэнне гісторыі Беларусі заканчваецца падзеямі 1917 года. А цалкам прадмет заканчваюць вывучаць у 11-м. Выпускнікам 2015 і 2016 гадоў трэба будзе здаваць іспыт па гісторыі толькі за вывучанае ў двух апошніх класах, бо матэрыял па гісторыі да 1917 года яны вывучылі ў 9-м класе і іспыт здалі раней.

Іспыт на выбар навучэнца за курс сярэдняй агульнаадукацыйнай школы адменены. Раней выпускны экзамен на выбар мог быць па адным з наступных навучальных прадметаў: беларуская мова (пераказ), руская мова (пераказ), беларуская літаратура (вусна), руская лiтаратура (вусна), замежная мова (вусна), гісторыя Беларусі (вусна ці абарона рэферата), сусветная гісторыя (вусна або абарона рэферата), геаграфiя (вусна), біялогія (вусна), хiмiя (вусна), фiзiка (вусна), астраномія (вусна), iнфарматыка (вусна), грамадазнаўства (вусна), фізічная культура і здароўе (у практычнай форме).

Фота — dzedzich.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі