Ірына Казуліна: “Мы пабылі разам нават лепш, чым дома…”

Учора зранку завяршылася трохдзённая сустрэча Аляксандра Казуліна са сваёй жонкай і дзвюма дочкамі.

Нарэшце за апошнія 10 месяцаў у іх з’явілася рэальная магчымасць пабыць разам, хоць і не ў вельмі ўтульных абставінах. Першыя хвіліны сустрэчы былі вельмі цёплыя і прайшлі пад гучныя водгаласы шчасця з боку дачок і жонкі, якія стаялі ля дзвярэй і нецярпеннем чакалі сустрэчы з Аляксандрам.

Для такіх спатканняў у калоніі прадугледжаны спецыяльны будынак інтэрнатнага тыпу. Менавіта ў ім былі выдзелены два невялікія пакойчыкі, дзе і праходзіла сустрэча.

Для сям’і Казуліна гэтыя тры дні праляцелі вельмі хутка і незаўважна. Распавядае Ірына Казуліна:

“Гэта спатканне было вельмі цудоўным. Бо мы ўпершыню за дзесяць месяцаў змаглі пасядзець разам з Аляксандрам, з татам нашым, абняцца, і цэлых тры дні пабыць з ім усё роўна як дома.

Хачу сказаць, што нават лепш, чым дома. Бо тут не было тэлефонаў, ніхто не перашкаджаў, нікому нікуды не трэба было спяшацца. Таму гэтае спатканне было вельмі рамантычным”.


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ

Нагадаем, што былы рэктар БДУ і экс-кандыдыт у прэзідэнты Аляксандр Казулін 13 ліпеня быў асуджаны на пяць з паловай год пазбаўлення свабоды з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму за “Злоснае хуліганства і арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Гэта першая доўгая сустрэча Казуліна са сваёй сям’ёй. На год кожнаму вязню адводзіцца тры кароткатэрміновыя сустрэчы па тры гадзіны і тры доўгатэрміновыя па трое сутак. Мяркуецца, што другая доўгатэрміновая сустрэча адбудзецца ў траўні.

Паўтара месяцы таму Аляксандр Казулін спыніў галадоўку, якая цягнулася 53 дні. Амаль за два месяцы экс-кандыдат у прэзідэнты пахудзеў прыкладна на 40 кілаграмаў.

З гэтай прычыны выхад з галадоўкі адбываецца вельмі складана і доўжыцца па сённяшні дзень. На сустрэчу Ірына прывезла самую любімую ежу Аляксандра, якую яны гатавалі ўсёй сям’ёй: рыбныя катлеты, піражкі з капустай, дачка Юля спякла пірог і каралеўскую ватрушку, сястра Алена прыгатавала рыбу.

Але, на жаль, Аляксандр Уладзіслававіч зараз не ўсё можа есці. Па словах Ірыны Казулінай, зараз ён знаходзіцца не ў самым лепшым стане: толькі за тры дні да пачатку спаткання яе муж пачаў выходзіць на вуліцу. Дагэтуль ён амаль увес час бавіў у ложку. Гаворыць Ірына:

“Сумныя моманты, горкія, мы таксама пачулі, але, як нас упэўніў Аляксандр, гэта ўжо пройдзены этап і пра гэта ўжо не трэба гараваць, а трэба аднаўляць сваё здароўе далей.

Гэта вельмі цяжка і трэба рабіць усё магчымае, каб Аляксандра вызвалілі з гэтай калоніі. Бо там, канечне, вярнуць сваё здароўе на ўзровень, які быў да гэтага, вельмі цяжка, і мне здаецца, што нават немагчыма”.

Ёсць меркаванні, што штуршком да дазволу сустрэчы з сям’ёй стаў візіт ў Мінск старшыні Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы ван дэр Ліндэна, які, дарэчы, сам так і не дамогся спаткання з Казуліным.

Жонка Аляксандра абвергла гэтыя чуткі. Па яе словах, гэты візіт ніякім чынам не паўплываў на рашэнне ўладаў усё ж такі дазволіць ёй сустрэчу з мужам.

А прычынай такога доўгага чакання стала тое, што зараз вельмі многа жадаючых хочуць сустрэцца са сваімі блізкімі, якія знаходзяцца ў калоніі, і трэба загадзя запісвацца ў чаргу, бо колькасць пакойчыкаў для спаткання абмежаваная.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі