ІП рыхтуюць праект указу па спрашчэнні рэгулявання іх бізнэсу

ІП рыхтуюць праект указу па спрашчэнні рэгулявання іх бізнэсу

5 снежня ў Мінску адбыўся чарговы форум прадпрымальнікаў. Удзел у ім прынялі каля 240 прадстаўнікоў малога бізнэсу з розных гарадоў Беларусі. Таксама на форуме прысутнічалі намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРТ) Андрэй Мяшкоў, намеснік дырэктара дэпартаменту па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Аляксандр Каліноўскі і яго калега Валерый Хомчанка, перадае БелаПАН.

У рэзалюцыі форуму прадпрымальнікі заявілі, што гатовыя "пачаць страйк і мітынг у рамках закона ў выпадку масавых праверак з канфіскацыямі і штрафамі". Яны запатрабавалі тэрмінова правесці перамовы з урадам дзеля вырашэння праблемаў, якія ўзнікаюць у індывідуальных прадпрымальнікаў-гандляроў.

Прадпрымальнікі падрыхтавалі праект прэзідэнцкага ўказу "Аб некаторых мерах па спрашчэнні рэгулявання і стымулявання індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў рознічным гандлі". Яны прапаноўваюць, каб ІП у гэтай сферы было дазволена плаціць фіксаваны збор замест падаткаў. Таксама ў праекце ўказа агаворваюцца правілы найму ІП трэціх асоб, пералік і ўмовы прымянення павышальных або паніжальных каэфіцыентаў да фіксаванага збору ды інш.

Дапамогу ў падрыхтоўцы праекта абяцаюць Мінэканомікі і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі