Іосуб: Ад замены чыноўнікаў у эканамічнай палітыцы нічога не зменіцца

Ад змены прэм’ера і старшыні Нацбанка нічога ў фінансавай і эканамічнай палітыцы Беларусі не зменіцца. Такое меркаванне ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё выказаў фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.

Іосуб: “Мяркую, што фінансавая і эканамічная палітыка стратэгічна фарміруецца не Саўмінам і Нацбанкам, і таму ад змены першых асоб гэтых ведамстваў не шмат залежыць. Персаналіі, якія прыйшлі наўзамен, каментаваць складана. Адзінае і відавочнае тое, што на тых, хто сышоў, будзе ўскладзеная фармальная адказнасць за нядаўні ажыятаж і іх прынясуць у ахвяру”.

З тым, што ніякага эфекту прызначэнне новых асоб на кіруючыя пасады мець не будзе, згодны і эканаміст Сяргей Чалы. Адзінае, сцвярджае суразмоўца Еўрарадыё, “сыход Снапкова з Міністэрства эканомікі і прыход Забароўскага будзе мець нейкі эфект. Хутчэй за ўсё — негатыўны”.

Нагадаем, 27 снежня Лукашэнка адправіў у адстаўку прэм-ер міністра Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка Нацбанка Надзею Ермакову. Таксама сваіх пасадаў пазбавіліся 4 міністры і 3 губернатары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі