Інспектар ДАІ хоча 50000 рублёў ад байкера Шаўцова, з якім трапіў у ДТЗ

Інспектар ДАІ хоча 50000 рублёў ад байкера Шаўцова, з якім трапіў у ДТЗ

Інспектар ДАІ Уладзімір Таўпінец хоча атрымаць 50000 рублёў ад байкера Сяргея Шаўцова, з якім трапіў у сур'ёзнае ДТЗ. Гучны працэс пачаўся ў аўторак у судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Пасля здарэння міліцыянер паўтара месяца быў у коме, тры месяцы не мог размаўляць.

Шаўцоў стаў фігурантам гучнага ДТЗ, калі 18 красавіка яго матацыкл выляцеў на праспект Незалежнасці, пацягнуўшы за сабой інспектара ДАІ Таўпінца. Там здарылася сутыкненне з інкасатарскай машынай.

Падчас суда Уладзімір Таўпінец прызнаўся, што абсалютна не памятае дня, калі атрымаў цялесныя пашкоджанні. За свае пакуты і фінансавыя страты ён просіць спагнаць з абвінавачанага 50 тысяч рублёў (каля 25 тысяч долараў), але байкер згодны толькі на 5 тысяч рублёў.

“Я гэты дзень цалкам не памятаю з-за пашкоджанняў. Каля трох месяцаў быў без памяці. Размаўляць пачаў на трэці месяц. На дадзены момант памяць яшчэ не цалкам узноўленая”, — заяўляе Уладзімір Таўпінец у судзе.  

— Вы не памятаеце падзеі і да моманту ДТЗ? — цікавіцца суддзя Есьман.

— Не.

— Якія ў вас былі аперацыі?

— Усяго, здаецца, было тры. Нядаўна зрабілі апошнюю аперацыю на галаве. Астатнія я не памятаю. Жонка сказала, што было ДТЗ і я атрымаў цяжкія пашкоджанні. Я быў змешчаны ў Бальніцу хуткай дапамогі, дзе мне зрабілі дзве аперацыі. Паўтара месяцы я быў у коме, потым працягваў быць у рэанімацыі. Спачатку я не пазнаваў ні родных, ні сяброў, якія да мяне прыходзілі. Пасля, дзякуючы лагапеду, узнавіў маўленне, пасля чаго пачаў узгадваць.

— Якія прагнозы стану здароўя? — задае пытанне адвакат інспектара Таўпінца.  

— Пакуль не было ўрачэбнай камісіі, таму што працягваецца лячэнне.

— Ці плануеце вы вярнуцца да службы? — працягвае адвакат.

— Усё залежыць ад урачэбнай камісіі. Маё жаданне — застацца.

Інспектар выглядае някепска, калі ўлічыць, што быў на валаску ад гібелі. Ён досыць упэўнена рухаецца, хоць і павольна, але ясна размаўляе. Аднак відавочна, што адказваць на пытанні Таўпінцу няпроста, свае адказы ён фармулюе з цяжкасцю і відавочна хвалюецца.  

Пракурор лічыць, што інспектар Уладзімір Таўпінец паспеў запатрабаваць у байкера заглушыць рухавік і прадаставіць даументы. Пры гэтым вырашыў прытрымаць матацыкл, каб парушальнік не ўцёк. У гэты час байкер Шаўцоў стаў перашкаджаць інспектару і вызваляцца ад яго. Байкер, на думку следства, наўмысна працягнуў рух на чырвонае святло, каб уцячы ад інспектара. Гэта і прывяло да ДТЗ. Усяго, як лічыць следства, байкер парушыў чатыры пункты Правілаў дарожнага руху.

Байкера абвінавачваюць у супраціўленні супрацоўніку міліцыі (ч.1 арт. 363 КК) і ў парушэнні правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (ч. 2 арт. 317).

Абвінавачаны Сяргей Шаўцоў раней не быў судзімы. Ён катэгарычна не прызнае сваёй віны ні па адным пункце. Ён хоча даваць паказанні пасля пацярпелага і сведак.

Інспектар ДАІ хоча 50000 рублёў ад байкера Шаўцова, з якім трапіў у ДТЗ
Байкер у зале суда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі