Імёны ў даменнай зоне “.бел” будуць на рускай і беларускай мовах

Дамены будуць выдаваць у некалькі этапаў. Першы этап — sunrise. Дамены змогуць купіць толькі юрыдычныя асобы і ўладальнікі таварных знакаў. Кампанія павінная даказаць сваю прыналежнасць да таго ці іншага дамену. Напрыклад, прад'явіць рэгістрацыю фірмы і таварнага знака. Прыярытэт будзе ва ўладальнікаў таварнага знака. Індывідуальныя прадпрымальнікі не змогуць удзельнічаць у гэтым этапе, калі яны не валодаюць таварным знакам.

Каштаваць дамены на першым этапе будуць 100 даляраў з рэгістрацыяй на 2 гады. Гэты этап будзе доўжыцца 3 месяцы.

"Гэта звязана з тым, што дакументы будуць разглядацца ўручную. Будзе сфармаваная спецыяльная камісія, якая будзе раздаваць дамены. Дзяржорганы змогуць купіць дамены за 15 долараў", — кажа дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў.

Наступны этап — продаж праз аўкцыёны. Кошт даменаў на аўкцыёнах складзе 30 даляраў, якія пойдуць рэгістратару. Астатняя сума будзе па традыцыі вылучацца дзіцячым дамам. На аўкцыёнах будуць прадаваць самыя "прыгожыя" дамены.

Сяргей Павалішаў: "Калі дамена няма на аўкцыёне, але нехта яго хоча купіць, то можна будзе падаць заяву, дамен з'явіцца на аўкцыёне, і яго можна будзе набыць за мінімальную цану, калі ён нікога больш не зацікавіць".

Гэты этап таксама будзе доўжыцца 3 месяцы, а затым дамены паступяць у свабодны продаж за 15 долараў. Два першыя этапы створаныя для абароны ад кіберсквотараў, якія ўжо напісалі скрыпты да ўсіх рэгістратараў.

Сяргей Павалішаў: "Будуць дамены і з "ў". Спачатку могуць узнікнуць праблемы з даменамі з апострафам, бо яго проста няма на клавіятуры, але ўпэўнены, і гэтую праблему мы з часам вырашым".

Праўда, зарэгістраваць дамен "ў.бел" пакуль не атрымаецца, таму што па правілах мінімальная даўжыня дамена ў зоне — 2 сімвалы.

Дамены можна будзе рэгістраваць на беларускай і рускай мовах. Дамены "мир.бел" і "мір.бел" будуць рознымі сайтамі.

Такія дамены, як "правительство.бел" ці "армия.бел", "президент.бел" будуць зарэзерваваныя за дзяржустановамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі