Вы тут

Ігар Варашкевіч: Калі б не стаў музыкам, мог бы добра маляваць эратычныя коміксы

Фота: Аляксандр Ждановіч

12 лістапада ў сталічным Prime Hall славуты беларускі гурт "Крама" дасць вялікі сольны канцэрт з нагоды свайго 25-годдзя. Напярэдадні падзеі нязменны лідар каманды Ігар Варашкевіч завітаў у эфір Еўрарадыё ды распавёў пра змены ў складзе і новае гучанне, узгадаў ліхія 90-я і ганарар свінінай і параўнаў "Краму" з The Rolling Stones.

Я вас не падманваю: на канцэрце вы ўбачыце зусім іншую "Краму" нягледзячы на тое, што будуць тыя самыя песні

Еўрарадыё: Натуральна, што цяпер вы актыўна рыхтуецеся да канцэрта. Як справы ў гурта?

Ігар Варашкевіч: Усё добра. Нядаўна мы змянілі бубнача. Цяпер з намі грае Аляксандр Манецкі з "Новага Іерусаліма". Так што, нам даслаў яго сам божанька. Нягледзячы на тое, што я атэіст, лічу, што гэта менавіта так. Калі вы будзеце на канцэрце, я вас не падманваю, вы ўбачыце зусім іншую "Краму" нягледзячы на тое, што будуць тыя самыя песні. Энергетычна і па гучанні ўсё будзе іншае. Тым больш, з-за гэтага мы перарабілі некалькі песень. У тым ліку "Падае дождж". Манецкі зусім па-іншаму грае, таму хочацца ўсё перарабіць наноў.

Еўрарадыё: То бок, на сваё 25-годдзе "Крама" будзе гучаць як у 25 гадоў?

Ігар Варашкевіч: Так. Тым больш, што да нас далучыцца Руслан Праўда. Гэта будзе "Крама" узору пачатку 90-х. Мы ўспомнілі песню "Доўгія ногі", "Чакай", такія танцавальныя хіты — з Руслікам будзе ўсё, як тады.

Еўрарадыё: Хто з былых удзельнікаў "Крамы" яшчэ возьме ўдзел у святкаванні юбілею?

Ігар Варашкевіч: На жаль, больш ніхто. Мы чакалі Анатоля Горбача з Бельгіі і Іллю Шэўчыка з Кітая. Аднак па тэхнічных прычынах яны не прыедуць. Таму будзе толькі Руслан Праўда і Андрэй Філатаў. Я не ведаю, якія будуць сюрпрызы з боку тых, хто ўдзельнічае ў першай частцы нашага канцэрта, маю на ўвазе пераробленыя нашы песні, але "Крама" збіраецца даць вельмі добры дзвюхгадзінны канцэрт.

Пакуль ёсць The Rolling Stones, мы можам смела займацца сваёй справай: рабіць ўсё тое ж самае, толькі па-беларуску

Еўрарадыё: Ці змянілася месца "Крамы" для Беларусі ў параўнанні з пачаткам 90-х?

Ігар Варашкевіч: Мая палітычная пазіцыя ніколі не мянялася, я проста не такі актыўны, як тыя людзі, якія раней гэтым не цікавіліся. Не буду называць прозвішчаў, але вы ведаеце, каго я маю на ўвазе, і гэта не Лявон Вольскі. Таму моладзь ідзе за тым чалавекам, бо ён цяпер галоўны змагар, а нас нібыта там увогуле не было. Хаця я думаю, што дастаткова адной песні "Слуцкая брама", якая магла быць гімнам. Хаця, для некаторых людзей яна і з'яўляецца гімнам беларускай альтэрнатыўнай музыкі. А месца... Ёсць. Генералы, легенды (смяецца).

Еўрарадыё: У 90-я свету адкрыўся гранж. У 1991-м годзе ў Амерыцы выходзіць "Nevermind" "Нірваны", і ў гэтым жа годзе ў Беларусі ўзнікае гурт "Крама", які грае рытм-н-блюз. Чаму вы не паддаліся модным тэндэнцыям?

Ігар Варашкевіч: Гранжавую плынь вельмі добра выкарыстаў Лявон Вольскі. А я заўсёды выконваў музыку, якую хацеў выконваць, а не якая модная. Але самае смешнае, калі паміж "Бондай" і "Крамай" я сядзеў у Баранавічах, пісаў песні, не тое, што падобныя на Nirvana, але крыху адтуль. З тых песень, напрыклад, была абраная "Сабака" — стылістычна яна магла б быць увогуле гранжавай, калі б я захацеў. Але так, я люблю блюз, і так, як гэтую музыку гралі і 50 гадоў таму і цяпер, я спакойна яе таксама граю. Пакуль ёсць The Rolling Stones мы можам смела займацца сваёй справай: рабіць ўсё тое ж самае, толькі па-беларуску.

Еўрарадыё: Колькі ўвогуле вы б адмералі "Краме" яшчэ?

Ігар Варашкевіч: Хочацца рабіць і рабіць. Але каб гурт існаваў, патрэбныя канцэрты. Ехаць за межы Мінска вельмі цяжка, бо публіка ходзіць маладая, а дарагія квіткі яна набыць не можа. А мы ж не Лепс і не Стас Міхайлаў. Таму фінансава гэта не мае сэнсу, бо бясплатна мы не можам граць — мы ж не маладыя хлопцы. Калі б мне было дваццаць гадоў, я, як і раней, ездзіў бы на электрычцы і граў за нейкія капейкі, а тут павінен быць нейкі ганарар. Але як яго зрабіць за танныя квіткі? Да таго ж, лядовыя палацы для нас — завялікія, зусім маленькія клубы — замалыя. Для нас, атрымліваецца, і памяшканняў няма. Але калі ўсё складзецца, спадзяюся, ўсё будзе з "Крамай" нармальна.

Еўрарадыё: Можа, цяпер нешта новае запісваеце?

Ігар Варашкевіч: Да канцэрта мы хацелі зрабіць трэцюю "Стэфку", але паколькі ўзнікла сітуацыя са зменай бубнача, мы фізічна не паспелі гэта зрабіць. Спадзяюся, паспеем да Калядаў, тым больш, што сёлета "Стэфцы" 30 гадоў. Песня ёсць, засталося толькі напісаць тэкст. У мяне няма ідэі, што будзе далей з самой Стэфкай, але песня атрымаецца вясёлая.

Міхалок не сэкс-сімвал. Ён больш рэвалюцыйны сімвал, бо яму таксама не 20 гадоў, і не 30

Еўрарадыё: Вы, калі пачыналі, дзейнічалі інтуітыўна ці ставілі нейкія мэты?

Ігар Варашкевіч: Я заўсёды кіруюся сэрцам, а не галавой. У гэтым мая праблема, напэўна. Я і мэтаў не ставіў. Папулярнасць — добра. Большая папулярнасць — яшчэ лепш. Мяне цікавіць сам працэс стварэння песень: спачатку музыка, а потым словы. Хаця цяпер на канцэртах патрэбныя словы.

Еўрарадыё: Калі не ставіць мэтаў, то можна скаціцца да напісання песень у скрыню.

Ігар Варашкевіч: А я і пішу ў скрыню. Паколькі я тэкстаў не пішу, у скрыні ў мяне ляжыць шмат песень, яшчэ і з 90-х.

Еўрарадыё: Не спрабавалі іх прадаваць, як гэта робяць модныя кампазітары?

Ігар Варашкевіч: Не. Я музычна і тэхнічна неадукаваны, мне гэта цяжка будзе рабіць. Патрэбны чалавек, які дапаможа мне ў гэтым, а гэта ўжо праблема.

Еўрарадыё: Вы кажаце, што ў музыцы цяпер галоўныя словы, а потым — музыка. Але каб гурт стаў папулярным, неабходны яшчэ і сексуальны фронтмэн.

Ігар Варашкевіч: (Смяецца). Я не лічу сябе фронтмэнам-сэксі і ніколі ім не быў. Але каб гурт любілі маладыя дзяўчаты, то, безумоўна. Я цяпер чытаю мемуары Кіта Рычардса (Трухановіч прачытаў і на канцэрце будзе граць слайдам, як Кіт, а яшчэ сказаў, што мы — Rolling Stones, а я кажу, што я даўно гэта ведаю), і там апісваецца, што публіка на канцэртах у асноўным была дзявочая. Дзяўчаты, як і на канцэртах Beatles, так крычалі, што музыкі сябе не чулі. У нас тут крыху іншая сітуацыя. Для таго, каб на тваім канцэрце шалелі дзяўчаты, трэба быць усё ж такі маладым чалавекам. Я не лічу сябе старым і нармальна выглядаю, але для іх я, можа, і дзядуля, у мяне і ўнучка ёсць. Але я думаю, што і Міхалок не сэкс-сімвал. Ён больш рэвалюцыйны сімвал, бо яму таксама не дваццаць гадоў, і не трыццаць.

Калі б я не стаў рок-музыкам, я мог бы добра маляваць эратычныя ці нават парнаграфічныя коміксы

Еўрарадыё: Раней заўсёды казалі, што няма ў Беларусі шоу-бізу, пасля казалі, што сякі-такі ёсць. Ваша ацэнка: як за 25 гадоў разам з "Крамай" мянялася беларуская музыка?

Ігар Варашкевіч: Мянялася... Шоу-біз з'явіўся ў нас у 2000-х... "Ляпісы" —паспяховы бізнес-праект, J:морс, "Без квітка"... Яны паўсталі акурат у гэты час. У іх ёсць менеджары і прадзюсары і шмат іншых людзей у адрозненне ад нас: у нас заўсёды толькі адміністратар, і ўсё. Калісьці нас запрасілі на СТБ і далі нейкі прыз замест J:морс. І я там убачыў, як ідзе вакаліст "Атлантыкі", а за ім — світа, чалавек дзесяць. І я падумаў, што гэта зоркі, насамрэч. А мы — як каты ці сабакі са сметніка з гэтымі гітарамі...

Еўрарадыё: Які этап сваёй творчасці вы лічыце самым паспяховым?

Ігар Варашкевіч: Безумоўна, гэта першыя пяць гадоў. Гэта заўсёды так: больш імпэту, жадання, энергіі, усе музыкі вераць, што яны заробяць грошай. І потым, калі ў нас было пяцігоддзе, пасля канцэрта ў Альтэрнатыўным тэатры мы атрымалі ганарар долараў дзвесце, гэта пры тым, што быў аншлаг і палова людзей на вуліцы засталася, сышоў Руслан Праўда, а Ілля Шэўчык зрабіў "Mojo Blues". Мы цяпер аблічбавалі старыя фотаплёнкі (фота рабіў наш былы гукааператар Клаус) — увесь архіў пра 90-я. Там так добра было! Весела. Час быў няпросты. Часам не было, за што есці купіць, але было так класна! У мяне такіх два любімых перыяды — перабудова і 90-я.

Еўрарадыё: Вы неяк сказалі, што, магчыма, не тым займаліся ў жыцці...

Ігар Варашкевіч: Тым, тым... Гэта я так... Калі б я не стаў рок-музыкам, я мог бы добра маляваць эратычныя ці нават парнаграфічныя коміксы, што я рабіў у школе. Але гэта было немагчыма ў Савецкім Саюзе. Куды мне было пайсці?

Еўрарадыё: На чорным рынку можна было добра на гэтым зарабіць.

Ігар Варашкевіч: Ну дзе ў Баранавічах у 76-м годзе чорны рынак? Вы што! Калі б я жыў у Амерыцы, я б гэтым займаўся. А так, скончыў інстытут з пяцёркай па спецыяльнасці, але не вельмі хацеў гэта рабіць, хаця мог. Падчас дыпломнай працы маляваў катэдж. Тады ж і пайшла мода на катэджы. Кажуць, нехта мой макет скраў і выкарыстаў. Але выніку я не бачыў.

Еўрарадыё: Цяпер малюеце?

Ігар Варашкевіч: Вельмі рэдка. І практычна не малюю шаржаў. І час такі, што трэба было б. І палітычныя шаржы не пашкодзілі б. Але не хачу, і ўсё. Няма жадання. Магчыма, у падарунак каму нешта маляваў у апошні раз. Але я больш люблю брутальныя шаржы, такія, што дзяўчына, напрыклад, сапраўды пакрыўдзіцца. Ужо такі час, што трэба думаць пра іншыя рэчы, таму цяпер мне сорамна за тое, што я столькі шаржаў на адну дзяўчыну з інстытута намаляваў, так здзекаваўся з яе.

Ва ўсе часы мы каштавалі тысячу — і тады тысяча, і цяпер тысяча

Еўрарадыё: Калі не сакрэт, якім быў самы вялікі ганарар "Крамы" за 25 гадоў?

Ігар Варашкевіч: Да нас цяпер рэдка звяртаюцца наконт карпаратываў, таму што ў нас краіна стабільнасці і кавер-бэндаў. А так, ва ўсе часы мы каштавалі тысячу — і тады тысяча, і цяпер тысяча.

Еўрарадыё: Нечым незвычайным плацілі ганарар? Бульбай?

Ігар Варашкевіч: Бульбай — не. Калісьці мы паехалі на канцэрт, які нам дапамагаў рабіць Анатоль Ярмоленка. Паехалі разам з "Сябрамі", з Лучанком выступаць пад фанеру ў нейкі калгас на Магілёўшчыне. А нашаму Клаусу заўсёды былі патрэбныя прыгоды — то цыгарэткі няма, то піўка трэба знайсці. І вось ён пайшоў у сталоўцы на кухню, а там Лучанок з сякерай дзеліць кабана. Але нам, здаецца, нічога не прапанавалі.

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі