Хулігану, які зрабіў гея інвалідам, пакінулі ранейшы прысуд

13 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска пакінуў у сіле тэрмін зняволення 30-гадоваму Дзмітрыю Лукашэвічу — 2 гады і восем месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама Лукашэвіча абавязалі выплаціць 150 млн рублёў маральнай шкоды на карысць Міхаіла Пішчэўскага і 63 млн рублёў матэрыяльных выдаткаў маці Міхаіла Валянціне Барташэвіч на лячэнне сына.

Суд улічыў, што маці Дзмітрыя Лукашэвіча ўжо перавяла на дэпазіт 27 млн рублёў кампенсацыі, адзначае nn.by.

Нагадаем, што Лукашэвіч ударыў 31-гадовага Міхаіла Пішчэўскага падчас спрэчкі, што завязалася паміж мужчынамі уначы 25 траўня 2014 года ля клуба "Андэрворлд". У выніку Пішчэўскі атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму, яму выдалілі каля 20% галаўнога мозгу. З той ночы Пішчэўскі фактычна знаходзіцца ў вегетатыўным стане і прыкаваны да ложка.

Падчас судовага следства ўсе бакі прызналі, што прычынай спрэчкі стала абраза Пішчэўскага паводле яго нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі — ён з'яўляецца геем.

Абвінавачванне палічыла прысуд занадта мяккім і папрасіла Мінскі гарадскі суд павялічыць тэрмін зняволення да сямі гадоў.

Сваякі Пішчэўскага хадайнічалі пра адмену прысуду і адпраўку справы на перагляд іншай судовай камісіяй. Гэта хадайніцтва падтрымаў Мінгарсуд, але сёння прысуд быў пакінуты ў ранейшай рэдакцыі. Аднак маці і сястра Пішчэўскага заявілі, што абскарджваць прысуд не будуць, бо ў іх няма маральных і фізічных сіл на гэта.

Фота — nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі