Хто заменіць дырэктараў гімназій, якіх выбралі у парламент, невядома

Хто заменіць дырэктараў гімназій, якіх выбралі у парламент, невядома

Адразу чацвёра дырэктараў школ і гімназій трапляюць у Палату прадстаўнікоў шостага склікання. Але на каго пакінуць народныя абраннікі свае навучальныя ўстановы?

Лілія Кір'як пакуль яшчэ ўзначальвае 13 гродзенскую школу. На гэтай пасадзе яна працавала 23 гады. 

"11 кастрычніка абвешчаная сесія ўжо. Пакуль яшчэ я ў школе, занятая школьнымі пытаннямі і навучальным працэсам. Вядзецца кадравая праца цяпер, кандыдатаў на пасаду нямала. Людзі з досведам ёсць, якія папрацавалі намеснікамі", — апісвае Лілія Кір'як "выбары" на пасаду дырэктара. Абіраць будзе мясцовае ўпраўленне адукацыі ў райвыканкаме.

Дэпутат пакуль толькі выказвае пажаданні да свайго пераемніка.

"Хацелася б, каб гэта быў чалавек, які ведае традыцыі школы і калектыў. Каб аддаць справы ў надзейныя рукі".

Дырэктар першай вілейскай гімназіі Наталля Жыбуль таксама пакуль яшчэ на працоўным месцы. І таксама не кажа, хто яе заменіць на пасадзе кіраўніка.

Кіраўнік пінскай гімназіі № 3 Ігар Коўб абраны ў Палату прадстаўнікоў. Імя новага дырэктара ў мясцовым аддзеле адукацыі не ведаюць. Але за гімназію раяць не пераймацца.

"У нас ёсць рэзерв кадраў, працуе школа пачынаючых кіраўнікоў, таму праблем не ўзнікае. Паспеем", — адказваюць у аддзеле адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама.

Кіраўніца сталічнай гімназіі 31 і будучы дэпутат Ганна Старавойтава перад працай у Палаце прадстаўнікоў бярэ... адпачынак. 

Новага кіраўніка ў гімназіі пакуль няма. 

"Пакуль у яе адпачынак, але афіцыйна яна працуе, хутка выйдзе", — абяцаюць Еўрарадыё ў гімназіі.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання пачынаюць працаваць 11 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі