А хто там ідзе?

Еўрарадыё сабрала біяграфіі і здымкі 17 прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі.









БАРЫСАЎ
Пятро



Нарадзіўся ў 1942 годзе. Пенсіянер. Беспартыйны. Жыве ў Мінску. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 110 чалавек.

Фота — nn.by


ГАЙДУКЕВІЧ Сяргей



Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Мінску. Скончыў Мінскую вышэйшую інжынерную зенітна-ракетную вучэльню Супрацьпаветранай абароны і ваенную камандную Акадэмію СПА імя маршала Жукава. Падпалкоўнік запасу. Працаваў ва Упраўленні нацыянальнай бяспекі Дзяржсакратарыяту Беларусі. У палітыцы ад пачатку 1990-х. З 1995 года — старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі. Абіраўся ў Палату прадстаўнікоў. Браў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2001 і 2006 гадоў, двойчы заняў трэцяе месца, набіраючы ад 2,4 да 3,5% галасоў. Жанаты, двое дзяцей. Жыве ў Мінскім раёне. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 10443 чалавекі. Партыйны сайт — http://www.ldpb.net/

Фота Змітра Лукашука


ГЛУШАКОЎ Юрый



Нарадзіўся ў 1966 годзе ў Гомелі. Служыў у савецкім войску. Працаваў па рабочых спецыяльнасцях, завочна закончыў БДУ і аспірантуру. У 1997-2005 гг. працаваў навуковым супрацоўнікам Гомельскага абласнога краязнаўчага музею. У 2006-2009 гг. — на выкладчыцкай працы. У грамадска-палітычным жыцці бярэ ўдзел з пачатку 1990-х гадоў. У 2003-2007 гг. быў незалежным дэпутатам Гомельскага гарадскога савета. Першы намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя”. Удавец, выхоўвае дачку. Жыве ў Гомелі. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 244 чалавекі. Партыйны сайт — http://belgreens.org/

Фота — gazetaby.com


ІВАНОЎ Сяргей



Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Мінску. У 1994 г. скончыў Тамбоўскую вышэйшую ваенную авіяцыйную інжынерную вучэльню па спецыяльнасці радыётэхніка. Да 2004 г. "праходзіў службу ў сілавых структурах Беларусі". Звольніўся на ўласнае жаданне. Працаваў намеснікам дырэктара ў камерцыйнай арганізацыі. Беспартыйны. Часова не працуе. Жанаты. Жыве ў Мінску. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 129 чалавек. Блог — http://sergej-ivanov-belarus.blogspot.com/


КАСТУСЁЎ Рыгор



Нарадзіўся ў 1957 годзе ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці. Служыў у савецкім войску. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынер-механік. У 1980-х працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгасу ў Бялыніцкім раёне. У 1995-2001 гг. з’яўляўся дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У2002-2004 гг. — дырэктар сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў. Намеснік старшыні Партыі БНФ. Працуе намеснікам генеральнага дырэктара ААТ “Асвейская будаўнічая кампанія”. Жанаты, выхоўвае траіх дзяцей. Жыве ў Шклове. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 1306 чалавек. Партыйны сайт — http://narodny.org/

Фота Змітра Лукашука


КУЛІКОЎ Іван



Нарадзіўся ў 1949 годзе ў Мінску. Працуе загадчыкам лабараторыі дзяржаўнай навуковай установы "Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны" Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. Беспартыйны. Удавец. Мае трох дзяцей. Жыве ў Мінску. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 107 чалавек.

Фота — nn.by


ЛУКАШЭНКА Аляксандр



Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Аршанскім раёне. Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута і завочна эканамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Працаваў дырэктарам саўгаса “Гарадзец” Шклоўскага раёна.  З 1990 г. — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, кіраўнік камісіі па барацьбе з карупцыяй. У 1994 г. перамог у другім туры прэзідэнцкіх выбараў. У 1996 г. правёў рэферэндум, паводле якога наноў пачаў адлік прэзідэнцтва і павялічыў свае паўнамоцтвы. Пераможца прэзідэнцкіх выбараў 2001 і 2006 гадоў. Мае трох сыноў. Жыве ў Мінску. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 8403 чалавекі. Афіцыйны сайт —  http://www.president.gov.by/

Фота — utro.ru


МІХАЛЕВІЧ Алесь



Нарадзіўся ў 1975 г. у Мінску. Скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці "палітолаг-юрыст" (1997). Ачольваў грамадскую арганізацыю “Задзіночанне беларускіх студэнтаў”. З 2003-га па 2007 г. з’яўляўся дэпутатам Пухавіцкага раённага савета Мінскай вобласці, быў каардынатарам Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. У 2004-2008 гг. з’яўляўся намеснікам старшыні Партыі БНФ, у цяперашні час — беспартыйны. Працаваў намеснікам дырэктара, гендырэктарам сумеснага прадпрыемства. З 2005 г. — антыкрызісны кіраўнік, акрэдытаваны Міністэрствам эканомікі. У 2008-2010 гг. — юрыст Беларускага незалежнага прафсаюза. Валодае беларускай, рускай, польскай і англійскай мовамі. Жанаты, выхоўвае дзвюх дачок. Жыве ў Мінску. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 1795 чалавек.
Cайт — http://mihalevich.by/

Фота — nv-online.info


НЯКЛЯЕЎ Уладзімір



Нарадзіўся ў 1946 годзе ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці. Скончыў Мінскі тэхнікум сувязі (1966), навучаўся на філалагічным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута, на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. З 1972 г. — супрацоўнік газеты “Знамя юности”. Працаваў старэйшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання (1978-1987), галоўным рэдактарам часопіса “Крыніца” (1987-1998) і штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”  (1996-1999). З 1978 г. з’яўляўся сябрам Саюза пісьменнікаў СССР. У 1998-2001 гг. — старшыня праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1999-2003 гг. з палітычных матываў жыў за мяжой. Быў кіраўніком Беларускага ПЭН-цэнтра (2005-2009 гг.). З 2010 года з’яўляецца ініцыятарам грамадскай кампаніі “Гавары праўду”. Працуе дырэктарам даследча-асветнай установы "Рух наперад". Жанаты, мае дачку. Жыве ў Мінску. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 3271 чалавек.
Асабісты сайт — http://nekliaev.org/
Сайт кампаніі — http://zapraudu.info/

Фота — bymedia.net


ПРАВАЛЬСКІ Уладзімір



Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Віцебску. Скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут, будаўнік паводле адукацыі. З 1991 года займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Лепшы прадпрымальнік Беларусі па выніках 2009 года ў сферы аказання паслуг. Беспартыйны. Жанаты, двое дарослых дзяцей. Жыве ў Віцебску. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 187 чалавек. 

Фота — kp.by


РАМАНЧУК Яраслаў



Нарадзіўся ў 1966 годзе ў г. п. Сапоцкін Гродзенскага раёна. Скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт, аспірантуру Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы пры БДУ (кафедра эканамічных вучэнняў). Працаваў выкладчыкам, эканамічным аглядальнікам, намеснікам галоўнага рэдактара і выканаўчым дырэктарам штотыднёвіка “Белорусская газета”. З 2002 г. з’яўляецца кіраўніком навуковага даследчага цэнтру Мізэса. Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтру “Стратэгія”. Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (з 2000 г.), курыруе міжнародныя адносіны. Аўтар 800 публікацый на эканамічныя тэмы ў беларускіх і замежных СМІ, адзін з распрацоўшчыкаў антыкрызіснай платформы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Валодае беларускай, рускай, англійскай, французскай, польскай мовамі. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 1461 чалавек.
Партыйны сайт — http://www.ucpb.org/


РЫЖОЎ Сяргей



Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Віцебску. Завочна скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “эканоміка і кіраванне ў бытавым і жыллёва-камунальным абслугоўванні”, другая спецыяльнасць — “бухгалтарскі ўлік і кантроль прамысловасці”. Па кваліфікацыі — інжынер-эканаміст і бухгалтар-эканаміст. Працаваў загадчыкам крамы, намеснікам дырэктара, дырэктарам гандлёвых прадпрыемстваў. Начальнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці Віцебскага пладова-гародніннага камбіната. Беспартыйны. Разведзены, мае дачку. Жыве ў Віцебску. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 123 чалавекі.


РЫМАШЭЎСКІ Віталь



Нарадзіўся ў 1975 г. у Мінску. Скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (у 1997 годзе), інжынер-будаўнік. Працаваў па спецыяльнасці, пасля займаўся бізнэсам. У палітыцы ад 1996 года. Быў сябрам Каардынацыйнай рады “Беларускага аб’яднання маладых палітыкаў”, сябрам прэзідыюма Беларускай нацыянальнай рады маладзёжных і дзіцячых грамадскіх арганізацый “Рада”. У 1999 г. навучаўся ў Нямеччыне на курсах Вышэйшай школы дзяржкіравання. З 2005 года ўдзельнічае ў стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, сустаршыня БХД, якая пакуль не зарэгістраваная і існуе ў выглядзе аргкамітэта. Намеснік старшыні па міжнародных сувязях Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Хрысціянская дзелавая ініцыятыва". Жанаты, выхоўвае дачку. Жыве ў Мінску. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 1700 чалавек. Партыйны сайт — http://bchd.info

Фота — bymedia.net


САННІКАЎ Андрэй



Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Мінску. Скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моваў (1977) і маскоўскую дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР (1989). З пачатку 1980-х — на дыпламатычнай працы. У 1995-1996 гг. працаваў намеснікам міністра замежных спраў Беларусі. У лістападзе 1996 г., напярэдадні рэферэндума, у знак пратэсту падаў у адстаўку. З 1997-га — міжнародны каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя'97”. Быў арганізатарам шэрагу вядомых вулічных акцый апазіцыі, неаднаразова арыштоўваўся, збіваўся. З 2008 г. з’яўляецца кіраўніком грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, якая ставіць сваёй мэтай ўступленне Беларусі ў ЕС. Працуе палітычным аглядальнікам газеты “Народная воля”. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла. Свабодна валодае беларускай, рускай, англійскай і французскай мовамі. Жанаты, выхоўвае двух сыноў. Жыве ў Мінску. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 2003 чалавекі. Сайт кампаніі — http://europeanbelarus.org/

Фота Змітра Лукашука


СТАТКЕВІЧ Мікалай



Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Слуцкім раёне. Скончыў Мінскую вышэйшую інжынерную зенітна-ракетную вучэльню Супрацьпаветранай абароны. Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу. У 1991-1995 гг. ачольваў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. Быў старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). У траўні 2005 года асуджаны на тры гады абмежавання волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004-га вулічных пратэстаў у сталіцы супраць фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў (у сувязі з амністыяй тэрмін пакарання быў скарочаны на год).  У 2006 г. міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Статкевіча вязнем сумлення. У цяперашні час ачольвае аргкамітэт па стварэнню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада). Пенсіянер Міністэрства абароны. Жыве ў Мінскім раёне. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 1547 чалавек.

Фота — gazetaby.com


УС Дзмітрый



Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Мінску. Юрыст, завочна скончыў Гродзенскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Правазнаўства”. З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе “Інтэграл”, пасля будаўніком. У 1999-2003 гг. быў дэпутатам Мінгарсавета. Дырэктар выдавецтва “Трывіюм” (з 1992 года). Браў удзел у мясцовых выбарах 2010 года. За вылучэнне яго кандыдатуры па адной з акругаў у мінскай Курасоўшчыне падпісаліся каля 5000 чалавек пры патрэбных 150, аднак афіцыйна набраў толькі 33% галасоў, на 8% меней за старшыню прафсаюзнай суполкі завода “Інтэграл”. Жанаты, выхоўвае сына. Беспартыйны. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 1354 чалавекі.


ЦЯРЭШЧАНКА Віктар



Нарадзіўся ў 1950 годзе ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці. Скончыў эканамічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рабочым, інжынерам. У 1994 г. быў начальнікам упраўлення па справах тэрыторый адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. У 1994-2000 гадах быў старшынём Беларускай народнай партыі. Вылучаўся ў 1994 і 2001 гадах кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, але кожны раз сыходзіў з дыстанцыі на стадыі збору подпісаў. У 1996-2000 гг. быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Аўтар дзесяткаў навуковых прац. Старшыня савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Беспартыйны. Жанаты, выхоўвае дваіх дзяцей. Жыве ў Мінску. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы — 1301 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі