Хто апрануў дзяўчат, якія сустракалі Меркель і Аланда ў аэрапорце?

Дзяўчаты ў яркіх касцюмах сустракаюць Канцлера Германіі і прэзідэнта Францыі хлебам-соллю. Урачыста і запамінальна, але наколькі гэтыя строі беларускія? Еўрарадыё знайшло аўтараў касцюмаў.


Як даведалася Еўрарадыё, дзяўчат рыхтуюць і апранаюць у Нацыянальнай школе прыгажосці.

"Строй распрацоўваў Юрый Піскун, а чырвоныя футры вырабіла майстар працы з войлакам, дызайнер Алена Сяргеева, — распавядае дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Алена Троіцкая. — У нас ёсць касцюмы ад "Скарбніцы", з намі працуюць маладыя дызайнеры. Мы звяртаемся па дапамогу да спецыялістаў, каб не ўпасці тварам і быць упэўненымі, што гэтыя касцюмы сапраўды маюць беларускую гісторыю. Яны стылізаваныя, адаптаваныя для сучаснасці. Але арнаментальныя і колеравыя моманты маюць дачыненне да нашага гістарычнага касцюма".

Касцюмы, у якіх дзяўчаты сустракаюць лідара Італіі Сільвія Берлусконі і і патрыярха Кірыла, таксама выклікаюць непаразуменне на інтэрнэт-форумах: маўляў, што за такі беларускі народны строй — незразумелыя кветкі на світках, дзіўныя шапкі? Галоўны мастак-мадэльер навукова-вытворчага прадпрыемства "Скарбніца" Алена Галіеўская тлумачыць: гэта мотальская світка.


"Мастак Ірына Шуберт зрабіла калекцыю, у аснову якой леглі мотальскія світкі. Яна брала і нейкія канструктыўныя элементы, і вышыўку, характэрную для мотальскіх світак, і перапрацавала іх у аўтарскім стылі".


Па словах Алены Дзмітрыеўны, сапраўды, у беларускай традыцыі жанчыны ніколі не насілі шапкі. Галовы нашых прабабуль упрыгожвалі наміткі, хусткі ды цёплыя хусткі. Натуральна, што зімой апранаць да ўрачыстай світкі хустку будзе не зусім да месца, таму мастакі дазваляюць сабе апрануць дзяўчат у стылізаваныя шапкі.


На сустрэчы беларускіх алімпійцаў з Сочы дзяўчаты выглядаюць надзвычай элегантна. Прыталеныя бежавыя паліто, расшытыя кветкамі ды бісерам, таксама маюць сваю "народную" гісторыю. Паводле Алены Галіеўскай, правобразам касцюма стала жаночая світка, знойдзеная падчас адной з экспедыцый прадпрыемства "Скарбніца". Супрацоўнікі "Скарбніцы" разам з даследчыкам Марыяй Віннікавай дэтальна вывучалі асаблівасці світкі, потым на яе аснове зрабілі рэканструкцыю з выкарыстоўваннем сучасных элементаў. То бок, зрабілі яе прыталенай, крыху перайначылі складкі, якія ўпрыгожваюць рэч ззаду і прапрацавалі спіну.


Гэта самы вядомы летні касцюм дзяўчат — бурачковыя камізэлькі і густазялёныя спадніцы з беларускім арнаментам аўтарства спецыяліста па беларускім нацыянальным касцюме, дацэнта Беларускай Акадэміі мастацтваў Юрыя Піскуна. Бурачковы колер, кажа майстар, бабулі заўсёды цанілі, ён узгадвае пурпурныя герані з зялёным лісцем на вокнах хат, якія лічыліся сімвалам прыгажосці:


"Выяўленчы арнамент: каласкі, валошкі — ён адразу асацыюецца з беларускай прыродай. Дыяметрычны арнамент мае сімвалічныя коды, але гэтыя коды цяпер не вельмі прачытваюцца. Ва ўсялякім выпадку, рамбічны арнамент, як прыкмету беларускасці, я выкарыстоўваю таксама. Ромб, як сімвал кола, руху, сувязі між людзьмі — гэта агульныя прынцыпы".

"Для мяне вельмі важна, каб касцюмы адпавядалі нацыянальнай традыцыі, каб у іх прачытвалася эстэтыка беларускага народнага касцюма, — кажа Юрый Піскун.Стылізацыя павінна быць акуратнай, яна не мусіць пагаршаць прататып. Строі мусяць быць яркімі, але не дзікімі і не вульгарнымі. У гэтай сітуацыі (сустрэча афіцыйных асобаў) ёсць асаблівая задача, таму мая звышмэта — каб касцюм не выбіваўся, а глядзеўся вытанчана і пры ўсёй яркасці быў гарманічным, каб падаваўся не папуаскім, а беларускім".
 

Гэты "залаты" ўбор часцей можна ўчыць на дзяўчатах падчас дзяржаўных урачыстасцяў кшталту ўручэння дзяржпрэмій.


"Было заданне, зрабіць касцюм на натуральных тканінах, які б адначасова нагадваў салому, і ў той жа час, утрымліваў нацыянальныя рысы, — расказвае Алена Галіеўская. — Тут вы бачыце шаўковую прыталеную сукенку, наверх якой апранаецца сарафан. Сарафан характэрны для вопраткі менавіта Магілёўскай вобласці, ён быў тканы, з крыху завышанай таліяй. І вось на аснове гэтага сарафана атрымаўся такі касцюм, які дапаўняе галаўны ўбор, вытрыманы ў тым жа стылі".

Аўтар матэрыялу Маша Калеснікава ў знакамітым паліто

Фота: www.patriarchia.ru, ria.ru, tut.by, www.mst.by, www.belarus.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі