Харэўскі: Беларуская архітэктура нібыта ў фраку, але шырынка расшпіленая

Якія адметнасці ў сучаснай беларускай архітэктуры? Што змянілася з савецкіх часоў? І ўвогуле, ці быў калі-небудзь у Беларусі свой архітэктурны стыль?

Сяргей Харэўскі:
Архітэктура – від творчай дзейнасці, у найбольшай ступені звязаны з вытворчасцю, з эканамічным становішчам у грамадстве. І таму архітэктурны стыль выспявае апошнім. Спачатку з'яўляецца самае простае – паэзія, пасля – іншыя жанры мастацтва, а архітэктура вянчае стылі.

Такім чынам, гэтыя 20 гадоў незалежнасці – гэта вельмі малы тэрмін для таго, каб казаць, што паўстала нейкая новая архітэктурная школа, новы архітэктурны стыль. Па інерцыі дараблялася тое, што было запраектавана даўно. То бок, ужо ўсё змянілася, эпоха змянілася, а будаўнікі дараблялі старыя архітэктурныя праекты.

Будынак Нацыянальнай бібліятэкі – савецкі праект з савецкімі ўяўленнямі пра раскошу

У прыватнасці, будынак чыгуначнага вакзала ў Мінску. Гэта стары савецкі праект архітэктара Бялянкіна, які здолелі пачаць у Савецкім саюзе, а скончылі толькі ў сярэдзіне 90-х. Ці Палац рэспублікі – гэта наогул анахранічны праект 1982-га года, які доўга-доўга мурыжылі і ледзь-ледзь дакончылі ў гады незалежнасці. Нават славуты будынак Нацыянальнай бібліятэкі архітэктара Крамарэнкі… Гэта ж пераможца конкурсу маладых архітэктараў СССР 1988 года. Камсамольцы-архітэктары штосьці такое крэмзалі, і такім чынам савецкі праект у савецкіх уяўленнях пра раскошу, пра неверагодныя тэхналогіі ўвасобіўся толькі цяпер.

Такім чынам, нейкія знакавыя аб'екты, вядомыя кожнаму, вакол якіх было шмат медыйнай шуміхі – гэта вельмі старыя праекты. З іншага боку, многія праекты, якія прыгожа выглядаюць на так званых рэндарах, і якіх было вельмі шмат, проста нерэальна рэалізаваць па прычыне браку фінансаў, а сёння нават не толькі фінансаў, а і працоўных рук.

Відавочная рыса беларускай сучаснай архітэктуры – гэта местачковасць

Па традыцыі, беларускія архітэктары па-хамску ставяцца да ўсяго, што было зроблена іх папярэднікамі. Наша архітэктурная школа, пачынаючы ад архітэктурнага факультэта,фармуе ў будучых архітэктараў нянавісць да традыцый, зняважлівае стаўленне да тутэйшай архітэктурнай школы і непавагу да сваіх папярэднікаў. У 1930-я гады заплёўвалі ўсю дарэвалюцыйную архітэктуру, у 1960-я гады заплёўвалі тое, што было зроблена ў 40-я і 50-я, цяперашняе племя архітэктараў заплёўвае ўсё, што было зроблена ў ХХ стагоддзі.

Цяперашняя генерацыя архітэктараў з лёгкасцю, і нават з радасцю знішчае ўсё, што было зроблена папярэднікамі. Справа ўжо дайшла да знішчэння савецкай архітэктуры. Напрыклад, абсалютна нематываваны знос мінскага цэнтральнага аўтавакзала, капітальнага будынку, які прастаяў 50 гадоў і прастаяў бы яшчэ 150, які замыкаў ансамбль прывакзальнай плошчы, быў звязаны стылістычна з прывакзальнымі вежамі і з будынкамі на гэтай плошчы…

Мы пераходзім да другой відавочнай рысы беларускай сучаснай архітэктуры – гэта местачковасць. Кожны аб'ект ад пачатку прадугледжваецца пад крамкі, пад арэндныя плошчы, пад нейкую неадкладную выгаду. То бок імкнеся, як у мястэчку, за неадкладнай выгадай і не дбаем пра будучыню. Гэта адметная рыса не толькі беларускай архітэктуры, але і ўсёй культурнай практыкі, якія існуе ў нашай краіне – мысленне катэгорыямі пяцігодак. Няма мыслення катэгорыямі ўнукаў, пакаленняў. У якім горадзе будуць жыць вашы ўнукі праз 50-60 гадоў? Якая будзе сітуацыя з транспартам, экалогіяй, вадой, з зялёнымі насаджэннямі? Пра гэта ніхто не думае.

Гісторыя ні чаму не вучыць беларускіх архітэктараў. Набудавалі гэтыя хрушчоўкі, а цяпер не ведаюць, што з імі рабіць. Як іх не прыхарошвай… Прыхарошаныя хрушчоўкі сталі адной з яркіх рысаў нацыянальнай беларускай архітэктуры. Ва Ўкраіне, Расіі, Прыбалтыцы, паўсюдна хрушчоўкі зносяць… А ў нас іх прыхарошваюць, прыфарбоўваюць, крыюць фінскай металадахоўкай, хоць усё гэта – абсалютна марна выкінутыя грошы. Усё адно гэта ўбогае жыллё.

А ў іншых постсавецкіх краінах ёсць нешта падобнае, альбо гэта выключна нашы беларускія асаблівасці?

Гэта выключна беларускае ноу-хаў. Не існуе безыдэйнай, безыдэалагічнай архітэктуры. Гэта вялікая памылка – думаць, што архітэктар-касмапаліт мысліць нейкімі фантастычнымі, ні з чым не звязанымі катэгорыямі. Так не бывае ў прынцыпе. Суперсучасная архітэктура Нью-Ёрка, ці сталіцы Бразіліі, ці самы высокі хмарачос у свеце, у сталіцы Малайзіі, альбо тыя ж згаданыя мною хрушчоўкі, альбо архітэктура Барока – яна ўся наскрозь ідэалагізаваная. Гэта магутны сацыяльны дзяржаўны або, у свой час, царкоўны ідэалагічны заказ.

І без ясных ідэй, без яснай дзяржаўнай сацыяльнай альбо рэлігійнай ідэалогіі нічога вартага быць створана проста не можа.

Атрымліваецца, што ў нас такой ідэалогіі няма. Тады чым кіруюцца архітэктары, будуючы штосьці новае? Будуюць дзеля чаго?

А ў нас абы было ўсё як было, толькі лепш. Сацыялізм з чалавечым тварам. Каб захаваць усё лепшае, што было пры сацыялізме. Каб гэтыя хрушчовачкі былі такімі, як іх правільна пабудавалі, толькі прыгажэйшыя. Мы іх расфарбуем, і гэта будзе дасягненне. Альбо наробім гэтых спартовых збудаванняў, а там, бог ведае, як гэта ўсё будзе функцыянаваць, колькі на гэта ўсё пойдзе электраэнергіі, як будуць там працаваць выцяжкі, кандыцыянеры, у што выльецца эксплуатацыя гэтай “падзелкі”… Яе можна зрабіць за 3 капейкі, але як гэта будзе выглядаць праз 20 гадоў? У нас жа трэба ў гэты момант ад пяцігодкі да пяцігодкі, да чарговых Дажынак, пабудаваць які-небудзь лядовы палац, а там хоць трава не расці.

Важная акалічнасць, што нашы архітэктары не знаёмыя з найноўшымі тэхналогіямі. Паколькі ў нас фактычна поўная дзяржаўная манаполія на будаўніцтва, то архітэктары мусяць прыстасоўвацца да савецкіх стандартаў, да яшчэ савецкіх матэрыялаў, якія робяцца на старых прадпрыемствах. І таму, што значыць для нашых праекціроўшчыкаў пабудаваць 30-павярховы дом? Яны не ведаюць, як стварыць напругу падачы вады на 30-ты паверх. Яны не ўяўляюць, як забяспечыць пажарную бяспеку на такой вышыні. Ды і няма такіх работнікаў, якія б працавалі на вышыні больш за 20 паверхаў.

Тут мы сутыкаемся з сістэмным адставаннем нашай архітэктуры ад тэхналогій, якія імкліва змяняюцца, і новых тэндэнцый у свеце.

Беларуская архітэктура нібыта ў фраку, але шырынка расшпіленая

Калі ў нас на праспектах вада з дахаў льецца проста пад ногі, на славутую "модную" плітку… Зрабіць у цэнтры горада цэнтралізаваную ліўневую каналізацыю яны ўжо не могуць. Атрымліваецца абсурд. Нібыта ў фраку, але шырынка расшпіленая. Яны могуць вельмі дорага пафарбаваць і падсвяціць, але вада будзе ліцца проста пад ногі, а зімой замярзаць, людзі будуць падаць. А пасля давядзецца ўсё гэта пасыпаць пяском…

Прыезджаму чалавеку гэта ўсё здаецца пацешным, але для некаторых гэта драматычная сітуацыя. Гэтыя кадры, калі мінскія вуліцы залівае вадой, нагадваюць кадры ХІХ стагоддзя. Нішто не змянілася – было мястэчка з местачковым мысленнем, мястэчка і засталося. Безліч дробных форм – кіёскаў, танных шапікаў. Паглядзіце, што зрабілі з вуліцай Сурганава? Мястэчка.

Ансамблевасць мыслення знікла. Сёння ніхто не мысліць катэгорыямі горада ў цэлым, надання гэтаму гораду характару. Ці можна назваць сучаснай архітэктурай тое, што зрабілі з боку Верхняга горада – раскідалі гэтыя свяцільнікі, і цэнтр духоўнай асветы архітэктара Косціча… Гэта, зразумела, поўны анахранізм.

Атрымліваецца парадокс. У цэнтры Мінска застаюцца хрушчоўкі, а самыя значныя, дарагія ў матэрыяльным сэнсе будынкі, ансамблі ствараюцца на выселках, на кальцавой і за кальцавой. Атрымліваецца ўсё шыварат-навыварат. У сярэдзіне горада, як бублік – убогія трушчобы і прамзона, а экстраэлітнае жыллё сыходзіць за кальцавую дарогу. Там будуецца Мінск-арэна, на выездзе з Мінска на Маскву пабудавалі нацыянальную бібліятэку.

Атрымліваецца, што адметнасцей ў сучаснай беларускай архітэктуры процьма. Але, па-першае, яна не сучасная, а па-другое – гэтыя адметнасці збольшага негатыўныя…

Ну, чаму? Ёсць і добрыя, удалыя прыклады.

Што было самага ўдалага зроблена за постсавецкі час?

Некаторыя будынкі на канцы праспекта Пераможцаў, колішні Машэрава, пры выездзе на Вільню, на Гродна, на вуліцы Прытыцкага, Матусевіча – там ёсць сапраўды вартыя ўвагі цікавыя праекты. Нешта робіцца, але як я сказаў – гэта не фармуе воблік горада, таму што ўсё гэта апынаецца за межамі цэнтра.

Вельмі моцна ўплывае на нашых архітэктараў кітайская архітэктура і архітэктура Расійскай Федэрацыі. Туды, куды ездзіць нашае начальства, якому нельга ездзіць у краіны, за якімі прэзідэнт сваю краіну не павёў. І вось ім падабаецца штосьці ў Кітаі, штосьці ў Расіі. Яны гэтыя веянні прыносяць сюды. І многія будынкі ў Мінску на вуліцы Старажоўская, у раёне расійскай амбасады, ці на той жа вуліцы Прытыцкага сапраўды нагадваюць хутчэй нейкую кітайскую архітэктуру, чым штосьці тутэйшае.

Усё ж такі нейкі адметны стыль у нас ёсць. І калі сюды прыязджаюць людзі з іншых краін, з краін Еўропы, яны адразу заўважаюць іншую архітэктуру. Нават нягледзячы на нейкія адмоўныя моманты, ці можна гэтыя асаблівасці скарыстаць для таго, каб прывабіць турыстаў?

Бясспрэчна, але турысты самі едуць туды, дзе ім цікава. І казаць, што мы будзем ствараць помнікі архітэктуры, цікавосткі для турыстаў – гэта крыху абсурдна. Гэта тое ж самае, каб мы сказалі, што для турыстаў мы парадкуем свае могілкі. Але мы ж ходзім на могілкі дзядоў, бацькоў не для турыстаў. Турызм – гэта бонус. Ні Рым, ні Парыж не будаваліся для турыстаў.

Калі людзі ствараюць сабе камфортныя ўмовы для існавання ў канкрэтнай гісторыка-палітычнай фармацыі. Калі яны шануюць свой ландшафт, прыроду, традыцыі і ствараюць вобраз сваёй краіны, горада, мястэчка ці вёскі такім, які б яны хацелі перадаць для сваіх унукаў, тады турысты едуць самі.

Што першае трапляе ў поле зроку прыехаўшага чалавека?

Вельмі цёплыя ўражанні ў гасцей Мінска пакідае вуліца Кірава, Маркса, вуліца Леніна, ну і, натуральна, паркі, створаныя з XVIII стагоддзя. Гэта ўнікальны водна-зялёны дыяметр, які ўвайшоў ва ўсе падручнікі па горадабудаўніцтве. Гэта штучная рэгуліроўка Свіслачы і сады, расстаўленыя па рацэ... Ад краю кальцавой да краю кальцавой уздоўж набярэжнай Свіслачы вы праходзіце нізку паркаў, можаце праехаць з каляскай з дзіцём, ці на ровары, ці пешшу. І нідзе не перасячэцеся з транспартам.

Бліскучая цудоўная ідэя, але паколькі цяперашнія архітэктары пляваць хацелі на сваіх папярэднікаў, то яны актыўна імкнуцца па-хамску ўсадзіцца туды, каб быў бачны цуд іх мыслі… Насуперак, на зло меркаванню сваіх настаўнікаў, усаджваюць каля цырка Кемпінскі. Імкнуцца ўваткнуцца ў гэту паркавую зону, замест таго, каб яе падтрымліваць, развіваць і рабіць з гэтага ўнікальны брэнд… Ніводная сталіца не мае такой нізкі паркаў уздоўж галоўнай артэрыі.

Нізка паркаў над Свіслаччу – вось што магло быць галоўным вобразам горада новага тысячагоддзя. І гэта да сёння яшчэ трапляе ў вочы прыезджаму чалавеку. Таксама як і сталінскі ансамбль праспекта Незалежнасці.

На шчасце, з-за недахопу грошай, з-за фінансавага крызісу не паспелі туды ўварвацца, пакуль гэта панарама яшчэ ацалела. Але бачым, што ненадоўга. Гэтыя танныя “падзелкі”, як прылепленая люстраная сапля рэстарана "Лідо" да Інстытута фізкультуры 1930-х гадоў, унікальнага помніка і г.д. Падобна на тое, што калі б у архітэктараў былі магчымасці, яны б усё гэта знявечылі заўтра, знішчылі б адназначна. Таму наша эканамічная і тэхналагічная нямогласць, можа быць, у перспектыве адыграе добрую ролю.

Кожны год да "Дажынак" у нас рыхтуюць які-небудзь новы горад. У гэтым ёсць штосьці станоўчае альбо наадварот гэта толькі псуе архітэктуру гарадоў?

У філасофскім сэнсе, калі будуюць – гэта заўсёды лепей, чым калі руйнуюць. Гарады атрымліваюць новы стымул для развіцця, новае дыханне. Я быў сведкам праектаў усіх Дажынак. І дзесьці гэта сапраўды ішло на карысць. Відавочна, гэта пайшло на карысць, напрыклад, Оршы. Бадай, асабліва нічога ўжо не сапсуюць у Лідзе. Больш чым ужо сапсавана там цяжка сапсаваць.

Але, на жаль, аніводныя Дажынкі не абыходзіліся без знішчэнняў. Напрыклад, у Оршы былі знішчаныя тры помнікі архітэктуры. З іншага боку, пад Дажынкі ў Оршы адрэстаўравалі як умелі былі Езуіцкі кляштар, і зрабілі там музей, і Орша атрымала зусім іншы вобраз. У цэлым, у Оршы горш не стала. У Паставах горш не стала. Тут трэба глядзець кожны выпадак асобна – дзесьці гэта пайшло на карысць, дзесьці – не надта.

Але ў прынцыпе, сама практыка такіх дзіўнаватых Дажынак – абсурдная. Гэтыя аўралы, недаробкі, адсутнасць конкурсаў у гэтых праектах. Міжсабойчыкі, адсутнасць тэндэраў на правядзенне падобных прац прыводзяць да абсалютна камічных і абсурдных вынікаў.
На маю думку, трэба гэтую практыку заканчваць. Усе гарады трэба парадкаваць паціху, метадычна. Не за пяцігодку, а мысліць катэгорыямі 20-30 гадоў…

У які бок можа пайсці далейшае развіццё нашай гарадской архітэктуры? Ці з'яўляюцца нейкія цікавыя архітэктурныя праекты? Ці нас чакае звыклая з савецкіх часоў забудова стандартнымі дамамі, у якіх лёгка заблукаць, як у кіно "Іронія лёсу"?

Я думаю, што аднолькавых дамоў ужо будаваць не будуць, таму што няма такіх магчымасцяў у дзяржавы. Для стварэння гіганцкіх мікрараёнаў няма ні тэхналагічных, ні фінансавых, ні людскіх рэсурсаў. Я думаю, што калі ўсё будзе ісці, як ідзе, то ўсе нашы гарады, пачынаючы ад Мінска, усё больш будуць нагадваць мястэчкі. Дзе на што былі грошы, тое пабудавалі, пасля знайшліся грошы – прыбудавалі яшчэ штосьці.

Камерцыялізацыя, безыдэйнасць, імгненнае мысленне – будуць вызначаць шмат чаго. Неўзабаве будуць аблушчвацца гэтыя шклопакеты і металадахоўка. Пакуль гэтыя велічэзныя дамы, расфарбаваныя ў розныя колеры, глядзяцца імпазантна, пасля яны аблезуць, і іх давядзецца фарбаваць бясконца.

Праўдападобна, што ўсё тое, што меліся сказаць нашы архітэктары – яны ужо сказалі. Я не чакаю нічога новага і фантастычнага. Усё паціху зводзіцца да местачковых “падзелак”, малафарматных забудоў. Наколькі спікіраваў маштаб…

Мне таксама не падабаецца Палац рэспублікі. Але які маштаб задумваўся! Якімі катэгорыямі мыслілася… А цяпер што? Тры стадыёны, нейкі дом з крамамі… Зусім іншы маштаб. Калі раней у 1970-80-ыя праектавалі мікрараён, то там абавязкова прадугледжваліся кнігарні, дзіцячыя садкі, школы, дом культуры, кінатэатры. І гэта комплекснае, ансамблевае мысленне цісне на архітэктараў. Калі мы возьмем мікрараёны, пабудаваныя ў савецкія часы якой-небудзь Курасоўшчыны, Зялёнага Луга, то мы ўбачым, наколькі там складана было ўсё прадугледжана, наколькі шматфункцыянальна – горад у горадзе. Сёння такімі катэгорыямі не мысляць. Мысляць так: паставім тры спальныя дамы.

Самае добрае, чым мы будзем ганарыцца ў агляднай перспектыве – гэта цудоўныя паркавыя зоны, створаныя ў паваенны час у нашым горадзе, у 1960-70-я гады.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі