Хакеіст “Шахцёра” Сяргей Стась: Не ведаю, за што жывуць нашы хлопцы

Еўрарадыё застала галоўнага трэнера хакейнага “Шахцёра” на трэніроўцы, хоць напярэдадні каманда заявіла аб байкоце наступнай гульні з “Віцебскам”. Трэнер гаворыць, што прычынай гэтага сталі грошы, заробак камандзе не плацяць з пачатку года.

“Гэта крык душы. Нічога з Новага года не змянілася. Сітуацыя не мяняецца. Толькі пагаршалася. Ніхто нас не слухаў”.

У самага вядомага хакеіста “Шахцёра” Сяргея Стася іншае меркаванне. Гаворыць, што байкотамі гульняў наўрад нешта зменіш да лепшага. Сяргей спадзяецца, што з прыходам у клуб новага дырэктара (яго прозвішча павінна быць абвешчана у бліжэйшы час) грошы хакеістам выплацяць. Пакуль жа хакеіст сам не ведае, за што гульцы “Шахцёра” кормяць свае сем’і.

“Вось і мне таксама хочацца запытаць — як хлопцы жывуць? Кормяць неяк свае сем’і. Ва ўсіх жа дзеці… Жывуць неяк. Вераць, што вось-вось неяк нешта зрушыцца з месца. Але ведаеце, усяму ёсць мяжа”, — уздыхае Стась.

Цярпець вырашылі не ўсе. Былы капітан “Шахцёра” Юрый Наваранка ў пачатку лета сышоў у “Гомель”. Зараз збіраецца атрымаць свае грошы праз суд. На днях у “Гомель” афіцыйна пераходзіць яшчэ адзін хакеіст “кратоў” — Аляксандр Яронаў. Стась хлопцаў не асуджае: кідаюць каманду не ад добрага жыцця.

“Яны перайшлі не ад лепшага жыцця — гэта зразумела. Калі ім прапанавалі лепшыя ўмовы, заробак сёння, а не некалі там, не віртуальны — як тут утрымаеш? У хлопцаў сем’і, дзеці”.

Напачатку хакеісты бачылі праблему ў вялікіх апетытах адміністрацыі каманды, зараз дадаліся праблемы “Беларуськалія” — асноўнага спонсара ўсіх “Шахцёраў”. Такія праблемы вырашыць будзе нашмат складаней.

Закранулі яны і футбол. Праўда, калі беды хакейнага “Шахцёра” пачаліся з мінулага студзеня, то ў футбольнага — тры месяцы таму. Паўабаронца салігарчан Сяргей Балановіч расказвае Еўрарадыё, што ў поўным аб’ёме заробак не атрымліваў… з ліпеня!

“Тры апошнія месяцы заробак плацяць не поўнасцю. Нейкую мінімальную частку плацяць — якую паводле закона павінны, як я разумею. А рэшту абяцаюць аддаць пазней. Але калі гэта будзе: у гэтым месяцы, у наступным, праз год — невядома”.

Байкатаваць гульні футбалісты пакуль не збіраюцца. “Шахцёр” на другім месцы — не выходзіць на поле ў такой сітуацыі сабе даражэй. Адмовіліся ад сваёй рашучай ідэі і хакеісты — 18 кастрычніка яны ўсё ж згуляюць з “Віцебскам”. Трэнер Андрэй Гусаў сустрэўся з кіраўніцтвам клуба і мяркуе, што каманду там “зразумелі”.

Фота photoshcgomel.ucoz.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі