“Хацелася б, каб змены ў Беларусі адбыліся з нашым удзелам”

2012_07_11_Liceisty s_0.mp3

На працягу трох дзён у нашай варшаўскай студыі разам з ліцэістамі Коласаўскага ліцэя мы абмяркоўвалі будучыню Беларусі. Цыкл сустрэч з імі Еўрарадыё арганізавала ў супрацы з польскім Клубам Каталіцкай Інтэлігенцыі. Прапануем вашай увазе першую частку размовы з ліцэістамі Янам, Сашай, Эдуардам і Мікітам.

Еўрарадыё: Чаму вы абралі ліцэй, які знаходзіцца ў падполлі?


Ян: Перш за ўсё ў гэты ліцэй трэба ісці праз беларускую мову. У звычайных школах беларускай мове не ўдзяляюць належнай увагі.

Еўрарадыё: А вы не баіцеся, што скончыце ліцэй, прыйдзеце ва ўніверсітэт, а там ізноў будзе ўсё па-руску?


Ян: Насамрэч, калі мы прыйдзем у ВНУ – мы зможам ужо размаўляць там і вучыцца, здаваць іспыты, залікі на беларускай мове. Мы будзем прывучаць іх ведаць беларускую мову.

Еўрарадыё: Кожны, я так разумею, меў свае шляхі, якімі прыйшоў у Коласаўскі ліцэй…


Мікіта: Я даведаўся пра Коласаўскі ліцэй яшчэ ў 2003 годзе, калі ўлады яго зачынілі. Я тады быў яшчэ малы і не меў планаў вучыцца ў ліцэі. Прайшло некалькі год, і два гады таму я прачытаў у інтэрнэце, што Коласаўскі Ліцэй атрымлівае рэгістрацыю ў Гданьску. Тады я падумаў, што гэта тое, што мне трэба: тая мова, тая гісторыя.

Саша: Што да мяне, дык мой бацька прачытаў аб Ліцэі ў газеце. Гэта было ў жніўні, калі вучні ўжо папаступалі. Я прыйшла ў Ліцэй толькі ўвосень. Мы не ведалі, куды мы едзем, як гэта будзе. Са мною паразмаўлялі, задалі шэраг пытанняў. Потым мне паведамілі, што я падыходжу і далі кантакты.

Ян: Мае бацькі вучыліся ў Беларускім гуманітарным ліцэі. Яны ведалі, што там выкладаюць праўдзівую гісторыю…

Еўрарадыё: Цэлае пакаленне прайшло: бацькі ўжо прыводзяць сваіх дзяцей! Вы нарадзіліся ўжо пры Лукашэнку. Якая для вас яна – Беларусь сёння?


Эдуард: Беларусь для мяне сёння? Беларусь – гэта мая Радзіма. Нягледзячы на эканамічную, палітычную сітуацыю мы ўсё адно маем прыгажосць нашай зямлі: нашыя палі, лясы, азёры… Нашае Палессе! Вось гэта ўсё – для мяне Беларусь. Вельмі прыкра, што нашае грамадства знаходзіцца ў такім аморфным стане. Яго цяпер можна параўнаць са шклом – яно зусім не рухаецца. Грамадства цяпер у нейкім сне. Пры тым гэты сон цягнецца ўжо не адно стагоддзе. Я спадзяюся, што на маім жыцці беларускі народ нарэшце абудзіцца. Аб гэтым верш Янкі Купалы “А хто там ідзе”. Людзьмі захочуць звацца!

Мікіта: Нам таксама цяжка верыцца, што нашае пакаленне выхавалася пры Лукашэнку. Становішча цяпер вельмі цяжкае, але гэта наша краіна, гэта наша Радзіма. Мы яе вельмі любім і будзем рабіць усё, каб яна адрадзілася і паднялася. Калісьці яна была адной з наймагутнейшых дзяржаваў. Спадзяемся, што яна такою і будзе.

Еўрарадыё: А якая для вас Беларусь  заўтра? Як вы яе сабе ўяўляеце?


Эдуард: Вядома, я веру, што наша Беларусь будзе вольнай, што мы будзем мець стасункі і з Польшчай і з Расіяй нароўні.

Мікіта: Не кранаючы палітыкі – мне б хацелася, каб у будучай Беларусі дзеці маглі вучыцца па-беларуску. Каб Ліцэй быў не адзінай установай, дзе дзеці могуць вучыцца па-беларуску, а каб такімі былі абсалютна ўсе школы. Сапраўды гэта наша мара!

Саша: Калі мы хочам змяніць нешта глабальнае – мы сапраўды мусім змяніць саміх сябе, сваю ментальнасць. Калі кожны чалавек возьмецца за гэта – тады адбудуцца глабальныя змены. Гэта не праблема краіны: гэта праблема кожнага чалавека. Кожны павінен вырашыць яе перш-наперш у сабе. А потым аб’яднацца і разам зрабіць нешта.

Еўрарадыё: Саша, а што ты хацела б змяніць у сабе?


Саша: Я, на жаль, не ведаю яшчэ ўсіх складанасцяў жыцця. Перш за ўсё, трэба зразумець жыццё: дзеля чаго я жыву, дзеля чаго будзе мая будучыня. Тады я сапраўды зразумею, што мне трэба змяніць.

Еўрарадыё: А незалежна ад таго, ці будзе ў заўтрашняй Беларусі Аляксандр Лукашэнка, ці яго не будзе – ці застанецеся вы ў гэтай Беларусі?


Мікіта: Нездарма ж мы вучымся ў Ліцэі. Хацелася б, каб усё адбылося з нашым удзелам, каб мы гэта змянялі.

Еўрарадыё: А што дакладна вы хочаце рабіць?


Мікіта: Галоўнае, што мы мусім цяпер рабіць – гэта займацца самаадукацыяй. Бо немагчыма нешта змяніць, калі мы людзі недасведчаныя. Таму мы павінны павышаць свой досвед, сваю адукаванасць. Найбліжэйшыя мае планы – паступіць у ВНУ.

Еўрарадыё: На радзіме ці ў замежжы?


Мікіта: Я яшчэ з гэтым не вызначыўся. Цяжка было б пакінуць родную краіну. Не ведаеш, куды ты з’язджаеш, каго пакідаеш.

Еўрарадыё: А ці вызначыўся ўжо нехта з вас, якую адукацыю хоча атрымаць?


Саша: Я вызначылася з медыцынай, бо мае бацькі ўсё жыццё “ў гэтай кашы варацца”. Так неяк склаўся лёс. На жаль, медыцына ў нашай краіне не вельмі развітая. Няма тэхнічнага абсталявання. Мае бацькі былі не надта задаволеныя ўзроўнем выкладання ў іх ВНУ. Таму ў мяне ёсць мары паспрабаваць гэта здзейсніць у Польшчы. Не ведаеш, як жыццё павернецца, але потым можна будзе вярнуцца і зрабіць “рэвалюцыю” ў гэтай медыцыне.

Эдуард: Мае бацькі лекары, але я сваёй будучыні ніяк не звязваю з медыцынай. Я буду спрабаваць паступіць на навучанне ў Беларусі, і выбраў такі “калідор”, як гістарычны. Калі фарміруецца нацыя (хоць некалі яна была ўжо сфарміраваная, але цяпер яе няма, цяпер ёсць насельніцтва), то людзі павінны ведаць свае карані, пры тым добра, каб на нешта абапірацца. Я буду працаваць у гэтым кірунку. Калі з нейкіх падставаў у мяне не атрымаецца паступіць у Беларусі, то я буду вучыцца ў Польшчы.

Еўрарадыё: Які перыяд гісторыі табе падабаецца?


Эдуард: Мне падабаецца апошні час існавання Рэчы Паспалітай і Беларусь у складзе Савецкага Саюза: “перабудова”, “гонкі на лафетах”.

Мікіта: Калі ўжо ў нас ліцэй гуманітарны – я таксама хачу выбраць сабе гуманітарны кірунак. Я б хацеў паступіць на міжнародныя стасункі. Я хачу паступаць у Беларусі, а калі не пацягну гэтага матэрыяльна, тады – у Польшчы.

 

“У палякаў трэба вучыцца будаваць нацыянальную ідэю”


Еўрарадыё: Вы цяпер інтэнсіўна наведваеце розныя афіцыйныя польскія ўстановы. Што, на вашую думку, Беларусь можа пераняць з досведу Польшчы, а чаго пераймаць не варта?


Эдуард: З чаго трэба браць у Польшчы – гэта з нацыянальнага адраджэння. Вельмі добры прыклад таму – мы былі на Вавелі [каралеўскі замак у Кракаве – Еўрарадыё], у месцы дзе пахаваны шэраг нацыянальных герояў Польшчы. Што я заўважыў – добрая траціна тых, хто там пахаваны, нарадзіліся ў Беларусі. Яны нарадзіліся і былі ўскормленыя беларусамі. Цякла ў іх жылках беларуская крывя. А сталі яны нацыянальнымі героямі Польшчы. Вось нам трэба вучыцца так ад палякаў: яны не мелі сваіх нацыянальных герояў, але яны неяк так перавучылі, пераахвоцілі іншых да сваёй нацыянальнай ідэі. Не пабаюся гэтага сцверджання, яны крыху паперапісвалі, падцягнулі дзе-нідзе свае падручнікі і такім парадкам пабудавалі нармальную нацыянальную дзяржаву.

Ян: У палякаў трэба пераймаць тое, як яны адраджаюць сваю гісторыю, архітэктуру. У Беларусі вельмі кепска з помнікамі гісторыі архітэктуры.

Еўрарадыё: Праўда, у Беларусі не існуе школы рэстаўрацыі і кансервацыі, а ў Польшчы – яна найлепшая ў Еўропе. Палякі кажуць, “мы вучыліся на сваіх камянях”.


Мікіта: Нядаўна адбывалася Еўра. Нават чыста звонку было відаць, як польская нацыя згуртавалася: з кожнага вакна вісеў бела-чырвоны сцяг. Ім гэта ўдаецца, нам пакуль – не. Яны для нас у гэтым пакуль толькі прыклад. Але хацелі б мы выступаць з імі нароўні і казаць, што наша беларуская нацыя – моцная.

Саша: Як на мяне, то трэба ў палякаў пераймаць самасвядомасць. Ім падабаецца, што яны сябе адчуваюць палякамі, яны робяць усё, каб расказаць іншым аб сваёй польскасці. У нас жа – палова насельніцтва не адчувае сябе беларусамі. Таму, як мы можам адраджаць сваю нацыю, калі мы нават не адчуваем сябе беларусамі? Прывіды адраджаюць прывідную краіну. Трэба перш-наперш сябе адчуць беларусамі.

Эдуард: Я не згаджуся. Паводле апошняга перапісу беларусамі сябе назвалі каля 80%, роднаю моваю беларускую назвалі – каля 70% беларусаў. Дарма што няма дзяржаўнай палітыкі, пасыл грамадства ёсць. У людзей ёсць жаданне часцей ужываць беларускую мову.

Саша: Я ізноў скажу, што калі вы хочаце адрадзіць нешта глабальнае – трэба пачаць з самаго сябе. Перапіс – яны маглі рандомна паставіць, што яны беларусы. Трэба, каб гэта было па-сапраўднаму. Справа не ў палітыцы, якую вядзе дзяржава. Справа ў людзях, якія жывуць у краіне. Калі яны возьмуцца самі за сябе – толькі тады адбудуцца нейкія глабальныя змены.

Еўрарадыё: А чаго не варта пераймаць ад палякаў?


Саша: Чаго не варта пераймаць – гэта нацыяналізму. Мой бацька – узбек. Мне вельмі часта ў вочы кажуць, чаму я тут, чаму я не са сваім бацькам на яго радзіме. Мне гэта вельмі не падабаецца, што людзі не саромеюцца такое казаць. У палякаў, мне здаецца, нацыяналізму таксама хоць каўшом бяры. Трэба каб не было дыскрымінацыі.

Эдуард: Палякі, калі здабылі дэмакратыю, вельмі рэзка перайшлі ад сацыялістычнай адміністрацыйна-каманднай эканомікі да капіталізму. Калі мы зменім уладу – нам трэба павольней пераходзіць да капіталізму, бо ў Польшчы шмат людзей пацярпелі ад рэзкага пераходу і шмат ёсць ахвяр такой палітыкі.

Еўрарадыё: Але мне падаецца, што гэта стэрэатыпы беларусаў аб паляках. Можа большасць палякаў ужо забыліся пра “шокавую тэрапію” тых часоў і цешацца, што яна ў іх была.

Даведка: Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа паўстаў у 1990 годзе як нядзельны пры Таварыстве беларускай мовы і ўжо праз год стаў стацыянарным. У 2003 годзе Міністэрства адукацыі ліквідавала навучальную ўстанову і пазбавіла яе будынка на вул. Кірава, 21. Будынак перададзены суду Цэнтральнага раёна Мінска, а ліцэй з таго часу працуе ў падполлі.

А што наконт пераймання замежнага досведу думаеце вы? Чаму Беларусь магла б павучыцца ад суседзяў, а чаго нам варта пазбягаць. Далучайцеся да нашай дыскусіі з ліцэістамі, адказы пакідайце ў каментарах.

Другая і трэцяя часткі размовы з'явяцца на нашым сайце неўзабаве.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі