Гурт Znich не выпускалі з Украіны праз агульную мабілізацыю (фота, відэа)

Пасля выступу на фестывалі Carpathian Аlliance пэган-металісты Znich нечакана трапілі ў трайную блакаду дарогі да беларускага памежнага пераходу.

“Амаль на памежжы нам дарогу перагарадзілі жанчыны, — згадвае лідар гурта Алесь Таболіч. — Кажуць, што нас не пусцяць, бо ідзе мабілізацыя, і ўсіх забіраюць на вайну. На пытанне, прычым тут беларусы, яны нам адказалі, што ім пофіг, маўляў, мы вас затрымаем і дзякуючы вам звернем увагу кіраўніцтва краіны на нашу праблему. Але пасля мы паразмаўлялі, і нас усё ж прапусцілі. Далей нам сустрэўся яшчэ адзін кардон, але ўжо было больш людзей. Там таксама пашанцавала дамовіцца. А вось на трэцім кардоне каля мястэчка Ратна было ўжо каля тысячы чалавек, яны наадрэз адмовіліся прапускаць, ніякія размовы не ўплывалі”.

Першы кардон

Трэці кардон

Выехаць музыкі здолелі дзякуючы мясцоваму жыхару, які быў на Майдане і ў якасці падзякі беларусам, якія там дапамагалі ўкраінцам, вырашыў правесці музыкаў вакол кардону. У выніку Znich дабіраліся да памежнага пераходу праз звычайныя лясныя ды палявыя дарогі.

“Гэты мясцовы нам распавёў, што ў іх усе ўжо знаходзяцца ў кропцы кіпення, — працягвае лідар Znich. — Вельмі шмат маладых хлопцаў гіне, і прывозяць іх у звычайных прасцінах, часам кавалкамі, немагчыма пазнаць, дзе хто. Таму гэты пратэст — спроба звярнуць увагу грамадства, СМІ ды кіраўніцтва краіны”.

Пры гэтым жыхары працягваюць выступаць за адзінства Украіны. Яны прызнаюць, што змагацца з тэрарыстамі трэба, і разумеюць, што вайна — адзінае выйсце з сітуацыі. Але частковая мабілізацыя для жыхароў Валынскай вобласці вельмі падобная да поўнай.

“У асноўным выходзяць жанчыны, чыіх дзяцей пазабіралі ў войска і ўжо па чатыры месяцы яны знаходзяцца ў гарачых кропках, — каментуюць Еўрарадыё ў Ратнаўскім сельсавеце. — А цяпер зноў масава пачалі разносіць павесткі. Ёсць такія сем’і, дзе маці мае тры сыны, і прыйшло тры павесткі. Таму гэта была рэакцыя людзей на тое, што ўсіх хлопцаў масава забіраюць у войска”.

Пратэстоўцы склалі зварот у Вярхоўную Раду Украіны з патрабаваннямі звярнуць увагу на іх праблемы. Пакуль чакаюць адказу, вырашылі дарогу да беларускай мяжы не блакаваць. Але ў сельсавеце не ведаюць і нават не бяруцца прадказваць, як доўга мясцовыя жыхары будуць чакаць і як адрэагуюць на атрыманы адказ.

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі