Гурт Re1ikt выдаў альбом для больш шырокай аўдыторыі (слухаць)

Гурт Re1ikt выдаў альбом для больш шырокай аўдыторыі (слухаць)

Гурт Re1ikt прэзентаваў у інтэрнэце новы альбом “Лекавыя травы”, запіс якога адбываўся на польскай студыі "Х" у горадзе Ольштын.

“Можа, не вельмі сціпла прагучыць, але мне самому гэты альбом вельмі падабаецца, — прызнаецца лідар гурта, бубнач Аляксандр Дземідзенка. — Папярэднія альбомы неяк мяне не цягнула слухаць, бо было шмат працы ў прадакшане і песні надакучвалі. А тут, упершыню я слухаю дыск, як слухач, і мне вельмі падабаецца. Звычайна музыкі кажуць, што яны б перарабілі пэўныя моманты, перапісалі б… Але “Лекавыя травы” — той альбом, які б я не хацеў перапісваць, бо ён мне падабаецца цалкам!”

Лекавыя травыRe1ikt складаюцца з палескіх народных песень ды кампазіцый, напісаных па матывах твораў класікаў беларускай літаратуры: “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта” паводле “Шляхціца завальніЯна Баршчэўскага ды “Балотны агоньЯкуба Коласа. На думку ўдзельнікаў гурта, іх музыка стала больш даступнай для шырокага слухача, але пры гэтым не згубіла фірмовага гучання Re1ikt.

“Недзе на падсвядомасці мы зразумелі, што гэта за сваё, “рэліктавае” гучанне, — працягвае музыка. — І вось яго мы паклалі ў песні, якія могуць слухаць не толькі аўдыёфілы ды эстэты, якія ведаюць розныя стылі, напрыклад, пост-авангард-джапаніз-поп-нойз ці яшчэ які іншы, але і звычайныя людзі, якія цікавяцца рознай музыкай: лёгкай, цяжкай, рокам, не рокам… і для іх альбом будзе зразумелым. Але і аўдыёфілы таксама знойдуць нешта цікавае для сябе”.

Пры гэтым сказаць, што далей Re1ikt будзе развівацца ў гэтым жа кірунку нельга. Па словах Аляксандра іх матывуе сам працэс стварэння музыкі, таму пошук новых фішак і падыходаў вядзецца няспынна.

На вокладцы дыска “Лекавыя травы” размешчаная фотакартка сапраўднай беларускай траўніцы з вёскі Рэчань Зоні Рудзько, з якой музыка пазнаёміўся два гады таму.

“Пакуль яшчэ не давалі ёй паслухаць, але абавязкова дадзім, — усміхаецца музыка. — Вырашылі прэзентаваць ёй дыск, каб яна паглядзела, як прыгожа атрымалася вокладка. Ну, і папярэдзім, што там песні больш такія… так бы мовіць, моладзевыя”.

Набыць новы альбом гурта Re1iktЛекавыя травы” можна будзе ўжо 25 кастрычніка на канцэрце ў мінскім клубе TNT. Непасрэдна канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 7 снежня ў сталічным Re:Public. Ну, а бліжэйшая магчымасць паслухаць альбом на жыва — Men’s Fest у Брэсце, на ім Re1ikt выступіць у першы дзень 24 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі