Гунар Віганд: Фінансаванне праектаў ЕС у Беларусі будзе павялічанае ўдвая

Гунар Віганд: Фінансаванне праектаў ЕС у Беларусі будзе павялічанае ўдвая

Дэлегацыя Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў наведвае Беларусь 9 і 10 снежня. У яе складзе - намеснік кіруючага дырэктарата па пытаннях Еўропы і Сярэдняй Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд і намеснік генеральнага дырэктара Генеральнага дырэктарата па палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні Катарына Мацернова.

У першы дзень візіту еўрапейскія палітыкі сустрэліся з  намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной. Адразу па заканчэнні сустрэчы ў МЗС Гунар Віганд расказаў журналістам, пра што на ёй ішла размова, і адказаў на некалькі пытанняў карэспандэнта Еўрарадыё.

Па словах Гунара Віганда, сябры Дэлегацыі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў прыехалі, каб абмеркаваць з Урадам Беларусі тыя крокі, якія трэба зрабіць далей, каб “паглыбіць і палепшыць нашы адносіны” – Еўрасаюза і Беларусі.

Гунар Віганд: "Сёння з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной мы ўзгаднілі так званы парадак мадэрнізацыі. У якім сем тэматычных кірункаў: прыватызацыя і прадпрымальніцтва, гандаль і інвестыцыі, навакольнае асяроддзе, энергетыка, транспарт, сацыяльнае развіццё і правы чалавека. Па ўсіх гэтых сямі кірунках мы вызначылі 11 прыярытэтных дзеянняў, якія мы пагадзіліся прадпрымаць у рамках развіцця нашых адносінаў”.

Віганд запэўнівае, што яны падтрымліваюць шчыльныя кантакты з грамадзянскай супольнасцю ў стварэнні гэтага “парадку дня мадэрнізацыі”.

Гунар Віганд: "Наша імкненне зрабіць наша супрацоўніцтва больш інтэнсіўным адлюстраванае і ва ўзмоцненым супрацоўніцтве на двухбаковым узроўні ў сферы “Супрацоўніцтва ў мэтах развіцця” пры фінансавай падтрымцы ЕС. У Мінску з пачатку тыдня працуе місія экспертаў, якія занятыя вызначэннем прыярытэтных накірункаў супрацоўніцтва на 2016 год. Яны вызначылі наступныя накірункі: рэгіянальнае развіццё, малы і сярэдні бізнес, мабільнасць і міграцыя, а таксама – тэхнічная дапамога ў вырашэнні эканамічных пытанняў. Мы падвоім аб’ём фінансавай дапамогі на наступны год , які будзе скіраваны на шэраг праграм, мэта якіх – дапамагчы Беларусі атрымаць дадатковую канкурэнтаздольнасць і новыя магчымасці ў развіцці эканомікі і рэгіянальным развіцці”.

Сёння прадстаўнікі еўрапейскай дэлегацыі, распавядае Гунар Віганд, абмеркавалі ў МЗС, а заўтра абмяркуюць падчас сустрэчы з прадстаўнікамі міністэрства эканомікі і прэзідэнцкай адміністрацыі магчымасці садзейнічання Беларусі ва ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. А таксама – садзейнічанні ў атрыманні нашай краінай фінансавання ад міжнародных фінансавых інстытутаў. У тым ліку – Еўрапейскага інвестыцыйнага банка.

Усё, што зараз робіцца і прапаноўваецца Еўрасаюзам Беларусі, прызнаецца Віганд, звязана з тымі падзеямі, што адбываюцца ў нашай краіне. І найперш з тым, што беларускія ўлады вызвалілі ўсіх палітычных зняволеных, а дзеянне еўрапейскіх санкцый у дачыненні да Беларусі было прыпынена.

Гунар Віганд: Мы чакаем далейшых крокаў з боку Беларусі. А нашы далейшыя крокі будуць звязаныя з вынікамі перыядычнага агляду Савета па правах чалавека ААН і канчатковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ, якая ажыццяўляла назіранне за сёлетнімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Справаздача гэта чакаецца ў студзені. Мы спадзяемся, што мы зараз знаходзімся на шляху да паступовага і пакрокавага паляпшэння адносінаў. Адносінаў больш інтэнсіўных і накіраваных на канкрэтныя вынікі паміж ЕС і Беларуссю”.

Еўрарадыё: Якіх канкрэтна далейшых крокаў вы чакаеце ад беларускіх уладаў?

Гунар Віганд: Тых крокаў у сферы эканомікі і сацыяльнай сферы – вы іх пабачыце, калі публічным стане “Парадак дня мадэрнізацыі”. Але якія з іх вы можаце пабачыць ужо сёння ў “дарожнай мапе”, якая складзена сумесна прадстаўнікамі МВФ і беларускімі ўладамі. Ёсць і цэлы шэраг палітычных крокаў, якія, мы спадзяемся, беларускія ўлады зробяць. І невыпадкова я спаслаўся на перыядычны агляд Савета па правах чалавека ААН і канчатковую справаздачу місіі БДІПЧ АБСЕ. Можна назваць і ўнясення правак у выбарчае заканадаўства, і спрашчэнне ўмоў дзейнасці палітычных партый і няўрадавых арганізацый, мараторый на смяротнае пакаранне. Гэтыя тэмы будуць даволі важнымі, калі будуць абмяркоўвацца крокі ў палітычнай сферы.

Еўрарадыё: Якія тэхнічныя праблемы замінаюць падпісанню пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС?

Гунар Віганд: Перамовы па гэтым пагадненні праведзены добра, фактычна можна сказаць, што тэкст пагаднення гатовы, ён гатовы да парафіравання і далейшага падпісання. Гэта тычыцца і пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, і пагаднення аб рэадмісіі нелегальных мігрантаў – абодва пагаднення гатовыя да падпісання. Адзінае – беларускія дыпламатычныя пашпарты павінны адпавядаць тым самым патрабаванням, што і звычайныя пашпарты. То бок, яны павінны адпавядаць высокім патрабаванням у сферы бяспекі. І гэта адзінае тэхнічнае пытанне, якое зараз абмяркоўваецца і абмяркоўваецца эфектыўна. Мы спадзяемся, што хутка гэта пытанне будзе вырашанае. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі