Губернатар загадаў вярнуць Змітра Куракулава і "ТАД" на сцэну Гродна

Легендарны беларускі харэограф Зміцер Куракулаў і яго гурт сучаснай харэаграфіі "ТАД" патрэбныя Гродна, таму мусяць быць вернутыя на сцэну горада. Такое рашэнне сёння ранкам прыняў губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў.

"У нас сёння нарэшце адбыўся важны візіт да губернатара, і канфлікт можна лічыць вычарпаным, — паведаміў Еўрарадыё ўзрадаваны Дзмітрый Куракулаў. Ён вынес сваё рашэнне, сказаў, што "ТАД" мусіць існаваць. Толькі цяпер трэба вызначыцца, ці будзе ён у філармоніі, ці ў іншай структуры. Калі мы дамовімся з філармоніяй пра належныя ўмовы, то будзем працягваць працаваць там. Але ў нас ёсць яшчэ тэатр "Рада", "Белыя росы", пад дахам якіх мы можам уладкавацца".

Нагадаем, на пачатку кастрычніка ўладальнік прэміі “За духоўнае адраджэнне” і лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Дзмітрый Куракулаў сышоў з гродзенскай абласной філармоніі, пратэстуючы супраць яе кіраўніцтва.

“У сувязі з несумяшчальнасцю маіх маральных уяўленняў з уяўленнямі цяперашняй адміністрацыі філармоніі, а таксама ў сувязі з татальным знішчэннем брэнда “ТАД””, — такім чынам харэограф патлумачыў свой учынак. У адказ ён мусіў пакінуць службовую кватэру.

Цягам апошніх трох тыдняў у абласное упраўленне культуры вяло перамовы з Куракулавым і адміністрацыяй гродзенскай філармоніі, якія не далі плёну. 31 кастрычніка Дзмітрый атрымаў паўторнае паведамленне пра высяленне з кватэры.

"Гэта перамога не толькі мая, — працягвае Дзмітрый. — Дапамагла краіна, уся грамадскасць заступілася, прэса, тэлебачанне, артысты гурта "ТАД", дырэкцыя Фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску ўнесла сваю лепту. Пра нас выйшлі шыкоўныя артыкулы. Гэта ўсё пайшло ў ход. Пра гэта ўсе ў Гродне чыталі. І гэта выратавала сітуацыю. А так, самі б мы, напэўна, не справіліся".

Фота: grof.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі