Грузаперавозчыкі гатовыя спаліць свае машыны ля Дома ўраду

Беларускія грузаперавозчыкі рыхтуюць на 4 лютага акцыю пратэсту каля Дома ўраду. Яны лічаць, што ўлады ўвялі сістэму BelToll без належнай падрыхтоўкі і прынеслі прыватным грузаперавозчыкам страты на дзясяткі тысяч еўра. Многім з іх гэта пагражае банкруцтвам.

Арганізатарам кампаніі супраць самаўпраўства ўлады стаў кіраўнік мінскай транспартнай фірмы міжнародных перавозак Сяргей Штода, паведамляе Радыё "Свабода". Па яго словах, у 2013 годзе ў Беларусі стварылі сістэму платных дарог, але непасрэдных карыстальнікаў увесці ў курс справы забыліся — не было ні адпаведнай працы з перавозчыкамі, ні маштабнай інфармацыйнай кампаніі. У выніку каля 5 тысяч юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў мусілі сплачваць вялізныя штрафы за карыстанне сістэмай BelToll, "не адпаведнае інструкцыям", кажа Штода. Некаторыя з кампаніяў атрымалі штрафы ў 100 тысяч еўра.

Грузаперавозчыкі прапаноўвалі профільным ведамствам амніставаць спагнанні прынамсі за тэставы пэрыяд. Аднак чыноўнікі, паабяцаўшы падумаць, у выніку ісці насустрач адмовіліся. Па словах Штоды, кропку ў разглядзе паставіла Міністэрства фінансаў.

Сяргей Штода кажа, што калі ў яго паспрабуюць канфіскаваць грузавыя аўтамабілі, ён першы спаліць іх перад вокнамі Дому ўраду.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі