GreenFest на Дзень Незалежнасці: з півам, пенай і Papa Roach

3 ліпеня аэрадром Баравая традыцыйна становіцца месцам вялікай тусоўкі. Гэтым разам тут дыслакуецца GreenFest — новы фестываль, які часова ці назаўсёды (хто яго ведае!) замяняе грандыёзны і ўжо любімы мінчукамі “Мост”. Адпаведна, цяпер вакол Баравой стаяць клубы пылу, а па аэрадрому разлятаюцца жорсткія панкаўскія рытмы і выключна ракешныя запілы. Сёлета тут граюць “Дай Дарогу!”, Trubetskoy, Lumen, “Кипелов”, “Мутнаевока”, Jack Action, Elephants from Neptune, Colours of Bubbles ды Papa Roach. І зусім няма месца салодкім Akute ці Hurts.

На GreenFest, як і на ўсіх цяперашніх модных івентаў, ёсць чым заняцца і апроч сядзення ці стаяння пад сцэнай. У час, калі выступае “не твой гурт”, тут можна паўдзельнічаць у бойках фарбамі, выкачацца ў пене, зрабіць панкаўскі іракез, уявіць сябе рок-зоркай гітархіроў ці проста выпіць піва. Бо сапраўдны фестываль мусіць быць з півам, як тут не круці! Праўда, потым даводзіцца стаяць у кіламетровых чэргах у прыбіральні і прапусціць тых жа “Дай Дарогу!”. Дарэчы, у параўнанні з мінулагоднім “Мастом”, GreenFest займае меншую тэрыторыю, ды і публікі не так шмат, як на папярэдніх фэстах.

Адзінае, чаго яўна бракуе GreenFest — навесаў і вялікіх парасоўнаў, ад якіх можна было б схавацца ад 30-градуснай спёкі. Ну і якіх-небудзь водных працэдур, каб астудзіцца. Бо ў выніку бліжэй да 18-й публіка становіцца некалькі млявай, пачынае акупіраваць усемагчымыя цянькі і абяссілена ляжаць на траве. Але падрываецца ў слэм, як толькі чуе знаёмае “К нам приехал Трубецкой” ды “Ты кинула” ад гурта Trubetskoy, “В синих сандалях” ці “20 см” ад “Дай Дарогу!”. А потым слухае віншаванні з Днём Незалежнасці ад расіян Jack Action і Кіпелава. Сэт апошняга ці не самы працяглы на GreenFest, з усімі вядомымі з дзяцінства песнямі кшталту “Ангела” і “Я свободен” і нечаканай песняроўскай “А ў полі вярба”. Пафасны сэт Кіпелава змяняецца панкаўскім драйвам ад Lumen, якія заўяўляюць, што іх раздражняе інфармацыйная прапаганда, якая зараз л’ецца з блакітных экранаў і спяваюць свае тэматычна актуальныя песні.

Пасля выступаў амаль усе музыкі спяшаюцца на брыфінгі да прэсы. Літоўцы Colours of Bubbles, напрыклад, радуюцца наладжванню цесных культурных сувязяў паміж нашымі краінамі. А вакаліст гурт Юліус кажа, што ў юнацтве слухаў Papa Roach, насіў падобныя ім фрызуры і фарбаваў у чорны колер пазногці. І цяпер яму будзе прыкольна паслухаць музыку з юнацтва.

Павел Булатнікаў і Яўген Калмыкоў разважаюць пра будучы дэбютнік гурта:

“Мы баімся гаварыць пра дату, таму што жыццёвы досвед багаты, і баімся сябе абмежаваць, каб з-за гэтай чортавай даты мы прайгралі ў творчасці. Бо ў студыі ў Вільні ідзе творчы працэс, і мы самі пакуль не ведаем, як гэта ўсё выруліцца і якая карцінка ў выніку будзе".

“Дай Дарогу!” хваляць GreenFest, маўляў, усё ў лепшых традыцыях “п’янага” фестываля, і кажуць, што ў задуме маюць новы трэк з назвай “Запор” у стылі Linkin Park, з якім збіраюцца выступіць на сёлетнім Metal Crowd. Новы бубнач гурта прызнаецца, што абажае джаз. Стыльскі — што некалі шмат “бухаў і паліў і думаў, што ў гэтым сэнс рок-н-рола”, а цяпер вось угаманіўся і “перасеў” на хуткі ровал і ролікавыя канькі.

Перад з’яўленнем перад журналістамі Papa Roach, за сцэнай з’яўляюцца фэны. Яны выстройваюцца ў радок, пасля чаго да іх выходзяцць амерыканцы. Пачынаюцца абдымашкі, візгі, раздача аўтографаў і сэлфі. А потым музыкі, без фронтмэна, расказваюць, што ў дзяцінстве іх галоўнай жарсцю была музыка і крыху спорт, што калі б мелі права на суперздольнасць, то хацелі б лётаць, і што з мінулага прыезду ў Мінск не памятаюць нічога, бо напіліся крамбамбулі, і што цяпер яны будуць больш пільнымі.

Выступ хэдлайнераў Papa Roach літаральна зрывае публіку з зямлі. Маладыя людзі апранаюць распальцаваныя паралонавыя “рукі” — сімвал фестываля — і вялікім натоўпам слэмяцца літаральна да апошняга акорда. На выхадзе ловім Артура.

“У прынцыпе някепска, але можна было і лепш. Хацелася б больш забаваў і больш месца. Раней быў “Мост” і ён быў большым па аб’ёме, адпаведна было больш людзей і забаваў. А спадабалася, што было шмат новых гуртоў – гэта прыкольна”.

Больш фота глядзіце тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі