Грэцыя ідзе на саступкі крэдыторам

Афіны гатовыя на саступкі крэдыторам. Пра гэта гаворыцца ў лісце кіраўніка грэчаскага ўрада Алексіса Цыпраса, накіраванага “тройцы” крэдытораў — Еўракамісіі, Міжнароднаму валютнаму фонду (МВФ) і Еўрапейскаму цэнтральнаму банку (ЕЦБ).

У пасланні, у прыватнасці, адзначаецца, што Афіны “прымуць усе рэформы,

якія тычацца падатка на дадатковую вартасць, за адным выключэннем”. Грэцыя мае намер захаваць 30% зніжку для грэцкіх выспаў, “шмат з якіх знаходзяцца ў аддаленых і цяжкадаступных ў плане забеспячэння раёнах”, паведамляе Euronews.

Пенсійную рэформу прэм’ер прапанаваў пачаць праз сем гадоў, а не цяпер, як патрабуюць крэдыторы.

На думку беларускага палітолага Андрэя Елісеева, верагоднасць таго, што Грэцыя ўсё ж падпіша дамоўленасць, вельмі маленькая. Калі ж бакі не прыйдуць да згодны, то адзінае выйсце для краіны ― дэфолт. Пасля чаго магчымы і выхад з еўразоны, што будзе весці за сабою складаны час для ЕС.

Андрэй Елісееў: "Палітычна бачна, што гэтыя перамовы зайшлі ў тупік. І да рэферэндуму, які адбудзецца на днях, пануе нявызначанасць. Бачна, што краіны ЕС не пойдуць на саступкі Грэцыі, калі яна не пагодзіцца выконваць умовы для выдачы крэдыту. Адначасова бачна, што грэчаскія палітыкі чамусьці не гатовыя пайсці насустрач іншым краінам ЕС ці міжнародным арганізацыям у перамоўным працэсе. Фактычна, усё зайшло ў тупік і праз некалькі дзён, пасля абвяшчэння вынікаў рэферэндуму будзе нейкая пэўнасць і будуць працэсы рухацца далей".

Рэферэндум, у выніку якога грэкі вызначаць, ці прымаць умовы міжнародных крэдытораў, адбудзецца 5 ліпеня. Канцлер Германіі Ангела Меркель ужо заявіла, што гаворкі аб новым крэдыце не можа быць, пакуль не пройдзе рэферэндум. Пры гэтым яна дадала, што пытанне перамоў яшчэ застаецца адкрытым. 


Нагадаем, 30 чэрвеня Грэцыя мусіла выплаціць МВФ 1,6 мільярда еўра, але такіх грошай у краіны няма. Дапамагчы Афінам разлічыцца маглі б 7 мільярдаў еўра, якія ёй прапаноўвалі ў межах другой праграмы фінансавай дапамогі, але ўрад краіны не прыняў іх умоў.

Фота: nahnews.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі