Гомельская ДАІ за адну ноч канфіскавала 500 літраў “лішняга” паліва

Парушальнікаў затрымалі аператыўнікі ДАІ і супрацоўнікі дэпартаменту аховы, перадае БелаПАН. У трох выпадках жыхары Гомельшчыны перавозілі паліва звыш нормы. З-за розніцы ў коштах многія аўтамабілісты з памежных тэрыторый стараюцца заправіцца ў Расіі.

А дзявятай гадзіне вечара 4 снежня ля вёскі Малыя Нямкі Веткаўскага раёну затрымалі жыхара Кармяншчыны, які вёз у тары 100 літраў дызпаліва звыш нормы. Праз дзве гадзіны ў вёсцы Янава, таксама ў Веткаўскім раёне для праверкі дакументаў спынілі аўтамабіль, кіроўца якога вёз 360 літраў паліва.

А трэцяй гадзіне ўначы на аўтадарозе мяжа Расіі — Гомель — Кобрын у часе праверкі дакументаў у кіроўцы БМВ знайшлі ў ягонай машыне 90 літраў паліва.

Кіроўцы і аўтамабілі з незаконным грузам былі дастаўленыя ў міліцыю. Усе факты перамяшчэння дызпаліва правярае падатковая інспекцыя.

Паводле дзеючага заканадаўства дазволена перавозіць аўтатранспартам у каністрах або ў іншай тары да 100 літраў дызпаліва. У выпадку перавышэння нормы кіроўцу штрафуюць, а паліва звыш ліміту канфіскоўваецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі