Гісторык: Сёння апраўдваць Сталіна проста амаральна

111103 KuzniacouS.mp3

Еўрарадыё: Што вы адкажаце на заяву Леаніда Школьнікава, кіраўніка грамадскага аб'яднання "За Саюз і камуністычную партыю Саюза" пра тое, што сталінскія рэпрэсіі - гэта цьмяная справа, і іх не было ўвогуле, была проста "класавая барацьба"? 

 

Ігар Кузняцоў: Найперш я хацеў бы прапанаваць таварышу Школьнікаву правесці эксгумацыю ў любым месцы масавых расстрэлаў у перыяд сталінскага тэрору. Калі б гэты таварыш папрысутнічаў пры ўскрыванні пахаванняў і эксгумацыі, ён бы даведаўся, якія ворагі народу ляжаць у нашай зямлі.

Што датычыцца памяці Сталіна, то ў Беларусі гэты працэс ужо распачаўся. Помнік, што стаіць на лініі Сталіна – гэта ўжо адраджэнне сталінізма ў нашай краіне. І ў Свіслачы яшчэ стаіць бюст Сталіна. Таму ідэя таварыша Школьнікава не новая для Беларусі.

З іншага боку, нават у савецкія часы пасля дваццаць другога з’езду КПСС, калі было прынятае рашэнне вынесці саркафаг з целам Сталіна з маўзалею, і маўзалей стаў зноў належаць Леніну, як і было да гэтага, то аналагічныя дзеянні праводзіліся па ўсім Савецкім Саюзе. У тым ліку знеслі помнік, што стаяў на Кастрычніцкай плошчы, а гэта быў вялізны помнік, здаецца трыццаць метраў вышынёй. Яго адкрывалі ва ўрачыстай абстаноўцы, яму пакланяліся і раптам уначы прыходзіць загад за суткі яго ліквідаваць. Кастрычніцкая плошча была ачэпленая, былі выкліканыя сапёры, розная тэхніка, у тым ліку і танкі, каб ліквідаваць гэты помнік. Наколькі я ведаю па аповядах відавочцаў, гэта было вельмі складана. Быў добры фундамент, якасны граніт, было затрачана шмат высілкаў, каб дэмантаваць помнік. Гэта быў 1959 год.

Гісторыя ў чымсьці паўтараецца, я памятаю як у 2007 годзе быў створаны аргкамітэт па увекавечваннні ахвяраў сталінізма, які быў прысвечаны 70-годдзю гэтай трагічнай даты. І калі знайшлі матэрыял для аднаго з памятных знакаў, што былі ўсталяваныя ў Курапатах, то скульптар Алесь Шатэрнік сказаў, што відавочцы распавядалі, што акурат гэты камень – граніт, быў фрагментам помніка Сталіну, які стаяў на Кастрычніцкай. Зараз у Курапатах наверсе, дзе стаіць помнік ахвярам сталінізма, з правага боку, ад юдэяў Беларусі ахвярам сталінізму – гэты камень чырвонага граніту і ёсць фрагмент помніка Сталіну.

Еўрарадыё: А як змяніўся Мінск, калі прыбралі помнік Сталіну?

 

Ігар Кузняцоў: Гэта пытанне хутчэй да архітэктараў. Калі вы звярнулі ўвагу, да помніка Сталіну на Кастрычніцкай плошчы стаяў касцёл, які быў разбураны. Спрэчнае пытанне, ад чаго Менск пацярпеў больш, з пункту гледжання разбурэння архітэктурных помнікаў – ад Саветаў ці ад бамбардзіровак падчас вайны. Гістарычная частка Менску дакладна ад ваенных бамбардзіровак пацярпела менш чым у даваенны і пасляваенны перыяд. Тое, што зараз на гэтым месцы стаіць Палац Рэспублікі, які ў народзе называюць саркафагам, гэта таксама іронія лёсу. Спачатку знішчылі касцёл, потым знеслі помнік, пасля гэтага плошча доўгі час не мела закончанага выгляду. Але і зараз архітэктурны ансамбль плошчы незавершаны, чагосьці нестае, бо няма першапачатковых аб’ектаў, якія тут былі.

Еўрарадыё: Але некаторыя зараз кажуць, што Сталін выйграў вайну, адбудаваў Мінск, можа ўсё ж не такі ён і дрэнны, можа заслугоўвае помніка?

 

Ігар Кузняцоў: Трэба падыходзіць з аб’ектыўных пазіцый. У кожным чалавеку ёсць і добрае і кепскае. Сталін не выключэнне. Але калі на адну шалю вагаў мы пакладзем станоўчае – пабудаваныя гарады, заводы і фабрыкі, а на другую шалю пакладзем жыцці нашых суайчыннікаў, у Беларусі нават па паўафіцыйнай статыстыцы было рэпрэсавана больш за 600 000 чалавек, то ніякія дасягненні, нават усё зробленае за гады савецкай улады, не можа перавесіць жыццё нават аднаго нявінна забітага. Гэта светлая будучыня на касцях. Таму Сталін з’яўляецца такім самым злачынцам, як Гітлер. І сталінскі рэжым з’яўляецца такім жа злачынным, як нацысцкі. Сувымяраць мы можам толькі па колькасці ахвяраў. Але нацысты знішчылі мільёны людзей падчас вайны. А камуністы знішчылі мільёны людзей у мірны час, прытым сваіх суайчыннікаў. Гэта яшчэ абцяжарвае ступень злачынства гэтага рэжыма.

Сёння апраўдваць Сталіна проста амаральна, па-іншаму не назаву. У Беларусі мы праводзілі своеасаблівы трыбунал, але гэта быў грамадскі трыбунал, які нідзе асабліва не асвятлялі, хоць мы і вынеслі вердыкт злачынству сталінізма. Але, на жаль, цяперашняе пакаленне камуністаў абсалютна не ўспрымае аб’ектыўных фактаў і спрабуе вярнуць свайго куміра. Гэтаксама Зюганаў, прадстаўнік расійскіх камуністаў, у сваім выступленні казаў пра ленінска-сталінскі прызыў у камсамол і ў партыю. Як можна такое гаварыць, маючы сённяшнюю інфармацыю? Таму месца любому помніку Сталіну ў музеі, дзе будзе вісець табліца з пералікам усіх яго злачынных дзеянняў. Толькі такое ўзнаўленне помніка я падтрымліваю.

Еўрарадыё: Які яшчэ помнік на вашую думку варта знесці, ці, можа, паставіць?

 

Ігар Кузняцоў: Я б увёў мараторый на знос помнікаў. Няхай стаяць. Я прыхільнік таго, што зрабілі нашыя літоўскія калегі. Яны зрабілі своеасаблівы запаведнік камунізму, куды звезлі ўсе гэтыя атрыбуты – помнікі, сімволіку – пакінулі, як памяць пра тое, што быў такі перыяд. Але калі ў цэнтры Менску засталіся вуліцы Леніна, Энгельса, Рэвалюцыйная, Камуністычная ды іншыя, пры тым, што мы ведаем злачынную ролю і Леніна і Сталіна – гэта ўсё здзек з памяці нашага народа. Супраць гэтага трэба прымаць меры. А помнікі не трэба чапаць, але трэба казаць праўду пра гэтых людзей, што яны зрабілі станоўчага і адмоўнага. Толькі ў гэтым выпадку гэтыя помнікі маюць права на існаванне.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі