Гібель хлопчыка ў Dreamland: версіі сведак, следства і медыкаў

10-гадовы хлопчык памёр пасля наведвання сталічнага аквапарку Dreamland у суботу 22 жніўня. Трагедыю актыўна абмяркоўваюць, выказваецца шмат здагадак, чаму дайшло да гэтай трагедыі і хто вінаваты.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за “аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека”. Дакладная прычына смерці хлопчыка пакуль невядомая, працуюць судмедэксперты. Папярэдняя прычына — утапленне.   

Еўрарадыё звярнулася да відавочцаў трагедыі і ўрачоў, каб зразумець, што здарылася ў аквапарку.

Мужчына, які выцягнуў дзіця з басейна: “З хлопчыка спрабавалі вытрасці ваду… Дзіця спрабавала нешта паказаць рукамі…”

Сяргей пабачыў, як жанчына, якая адпачывала ў аквапарку, падышла да хлопчыка і пачала выцягваць яго з басейна. Дзіця відавочна дрэнна сябе адчувала. Сяргей сам выцягнуў яго на сушу. Відавочцы схіляліся да думкі, што хлопчык тануў, таму спрабавалі так яго перавярнуць, каб з лёгкіх вылілася вада.

У хуткім часе да месца здарэння падбеглі іншыя людзі. Адна з іх, пакуль невядомая жанчына з наведвальнікаў аквапарку, сказала што з’яўляецца медработнікам і пачала кіраваць працэсам выратавання. З гэтага моманту Сяргей толькі назіраў.

“З яго ніякая вадкасць не выходзіла, мы не ведалі, ці была там увогуле вада. Да хлопчыка падышоў яшчэ адзін мужчына, пачаў рабіць разгінальныя рухі нагамі, як робяць тапельцам. Па маіх адчуваннях, хвіліны праз тры-чатыры прыбегла работніца медцэнтра аквапарку з нашатыром і марляй. У хлопчыка сціскаліся зубы, відаць, ён параніў язык бо гэтай марляй яму выціралі кроў з роту. Хлопчыку рабілі масаж сэрца, перыядычна — штучнае дыханне. Дзіця перыядычна прыходзіла ў свядомасць, спрабавала нешта паказваць рукамі. Ён падаваў прыкметы жыцця, але вельмі млява. Спрабаваў варушыць губамі, перыядычна маргалі вочы, але абсалютна адсутнічала рэакцыя на знешнія раздражняльнікі. Адказваць на пытанні ён не мог і не мог напоўніцу дыхаць”, — згадвае Сяргей.

Відавочца лічыць, што медсястра з аквапарку, якая з’явілася праз некалькі хвілін, не была гатовая да надзвычайнага здарэння. Як кажа Сяргей, па яго адчуваннях “хуткая” з’явілася хвілін праз 15.

Некаторыя іншыя відавочцы здарэння, з якімі пагутарыла Еўрарадыё, і каментатары з форумаў таксама называюць час, пакуль даязджала брыгада “хуткай”, ад 15 да 20 хвілін.

 

Гарадская станцыя хуткай меддапамогі: брыгада даехала за 5 хвілін

Галоўны ўрач “Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі” Аляксандр Жынко пракаментаваў Еўрарадыё інфармацыю наконт таго, ці своечасова брыгада “хуткай” прыехала па выкліку ў аквапарк Dreamland.

“Магу дакладна сказаць, што ад моманту паступлення выкліку да нашага прыезду прайшло пяць хвілін, — паведамляе Жынко. Мы бачылі каментарыі пра тое, што хуткая даязджала 20 хвілін, але гэта няпраўда”.

Галоўны ўрач не стаў адказваць на пытанне, ці правільна аказвалася хлопчыку першая меддапамога наведвальнікамі аквапарку і ці не выклікалі прафесійных медыкаў са спазненнем.

Затое на форуме сайта onliner.by з’явіўся каментар ад карыстальніка, які назваў сябе фельчарам з “хуткай”, якая прыехала па выкліку. Чалавека абразілі абвінавачванні ў тым, што медыкі ехалі на выклік занадта доўга. Таксама карыстальнік выказаў меркаванне, што прафесійных урачоў выклікалі занадта позна, а меддапамогу хлопчыку аказвалі няправільна.

Версія ўрачоў наконт трагедыі ў парку Dreamland

“Адрас нашай станцыі — Арлоўская, 64. Мы сапраўды прыехалі цягам 6 хвілін. Крыўдна за ўсё гэта. Не пішыце хлусні. Дзіця качалі непрафесійна (да прыезду “хуткай”, — Еўрарадыё), не выклікалі “хуткую” цягам 20 хвілін. Па нашым прыездзе дзіця не дыхала, сэрцабіццё адсутнічала. Брыгада “хуткай” запусціла сардэчка (свой сінусавы рытм). Дзіця пачало паддыхваць і па паказаннях было дастаўленае ў рэанімацыю 2-й дзіцячай бальніцы. Зявакі і “левая” медсястра перашкаджалі працаваць. Закрыць Dreamland і ўсе аквапаркі таму, што медперсанал кваліфікаваны адсутнічае, лепш садкі пабудуйце. Сваякам спачуванні, мы рабілі ўсё, каб выратаваць дзіцяці жыццё. Пасля гэтага візіту душу муціла проста жахліва. Пасля такіх вось візітаў хочацца сапраўды звольніцца з гэтай працы”.  

Сведка здарэння Віялета: “Супрацоўнікі аквапарку казалі, нібыта ў хлопчыка былі праблемы з сэрцам”

Прывядзём сведчанні яшчэ адной сведкі здарэння. Віялета сачыла за тым, як хлопчыку аказвалі дапамогу, а на наступны дзень пасля здарэння зноўку прыйшла ў аквапарк і распытала пра здарэнне мясцовых супрацоўнікаў. Віялета крытыкуе зявак, якія абступілі дзіця з усіх бакоў, і тых наведвальнікаў, якія, на яе думку, маглі аказваць меддапамогу даволі саманадзейна. Жанчыну закранула тое, што персанал аквапарку “мяшаюць з брудам”, а медсястру з Dreamland яна абараняе.

“Ля хлопчыка было вельмі шмат выратавальнікаў, медсястра з аквапарку. Да гэтага былі мужчыны і жанчына, якая назвала сябе медыкам. Але калі прыбегла штатная медсястра, то яна пачала рэанімаваць хлопчыка. У мяне добры зрок, і я ўсё добра бачыла. Яна пастаянна качала хлопчыка, нехта ёй дапамагаў: згінаў-разгінаў ногі. Медсястра некалькі разоў крычала зявакам: “Адыдзіце, не перашкаджайце!” Многія пакідалі сваіх дзяцей і стаялі, пазіралі. Калі хлопчыка ўжо аднеслі ў “хуткую”, я праходзіла міма жанчыны, якая назвалася медыкам. Яна сказала: “Медсястра з аквапарку няправільна яго адкачвала, я і то ведаю больш”. Яшчэ яна сказала: “Калі хлопчыка дасталі, ён быў бледненькі. Калі яго пачалі ратаваць, ён на вачах пачаў сінець і пайшоў плямамі”. Калі прыйшла медсястра з аквапарку, то забараніла ім нешта рабіць, аргументавала тым, што працавала ў рэанімацыі.   На мой погляд, медсястра з аквапарку даволі ўпэўнена сябе паводзіла і ўвесь час яна качала гэтага пацана”.   

Еўрарадыё: То бок вы лічыце, што да прыходу штатнай медсястры з Dreamland дапамогу хлопчыку маглі аказваць няправільна?

Віялета: “Магчыма, з самага пачатку, калі хлопчыка дасталі людзі, яны ж не ведалі, што менавіта трэба рабіць. Можа быць, дапамога аказвалася няправільна. Магчыма, памылка была не з боку медсястры аквапарку, а з боку тых, якія адпачывалі.

Хуткая з’явілася хвілін праз 20. Я была ў аквапарку на наступны дзень, размаўляла з дзяўчынкай-выратавальніцай. Яна сказала: “Мы выклікалі іх тры разы. Не разумеем, чаму так доўга ехалі, яны ж так побач знаходзяцца”. Яе словы, напэўна, можна лёгка праверыць. У той жа час брыгада “хуткай”, якая прыехала, працавала дакладна, зладжана, малайцы”.

Вядома, што хлопчык прыехаў у Мінск з Гродзенскай вобласці. Ён прыйшоў на адпачынак у аквапарк разам са старэйшай сястрой, якой, паводле некаторых звестак, 22 гады. У момант, калі хлопчыка даставалі з басейна, сястры побач не было.

“Хацелася б зрабіць заклік да грамадзян, каб паводзілі сябе адэкватна, — працягвае Віялета. — Калі пакупаліся ў выратавальнай камізэльцы, дык вярніце яе назад, каб надзела іншае дзіця. Не трэба хаваць камізэльку пад шэзлонг на паўтары гадзіны, пакуль вы не купаецеся. Прывялі дзяцей у аквапарк, дык глядзіце за імі. Там 90% малых, пачынаючы з пяцігадовага ўзросту, без бацькоў плюхаюцца. Ды на маіх вачах шмат дзяцей захлёбваліся да ванітаў, а бацькоў побач не было”.

На развітанне Віялета перадала Еўрарадыё здагадкі супрацоўнікаў Dreamland, якія ад іх пачула:

“На наступны дзень, калі была ў аквапарку, выратавальнікі казалі, што нібыта ў хлопчыка былі праблемы з сэрцам. Не ведаю, наколькі гэта праўда”.  

Фота sk.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі