Генадзь Давыдзька: Ідзе бойка, і за зробленыя БТ фільмы мне не сорамна

Генадзь Давыдзька: Ідзе бойка, і за зробленыя БТ фільмы мне не сорамна

6 лютага кіраўнік Беларусі зняў з пасады кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзьку. У эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё Генадзь Давыдзька расказвае пра тое, ці плануе вярнуцца ў прафесію акцёра, ці сорамна яму за прапагандысцкія фільмы кшталту “Жалезам па шкле” і чаму стагоддзе БНР неабходна адзначаць, але святкаваць няма чаго.

 

Заўсёды прыходзіць канец ― любая пасада карацейшая за жыццё

 

Еўрарадыё: Як сустрэлі навіну пра сваё зняцце з пасады старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі?

Генадзь Давыдзька: Нармальна, я шчаслівы. Заўсёды прыходзіць канец ― любая пасада карацейшая за жыццё. Новая задача ў мяне, новыя задачы ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі — будзе па-маладзёваму. А ў мяне больш часу з’явіцца для нейкай грамадскай дзейнасці. Што да планаў, то па-першае, адпачну. Другое, ёсць “Белая Русь”, цудоўная арганізацыя з выдатным статутам. Там трэба будзе папрацаваць.

Еўрарадыё: Калі вас прызначалі старшынёй “Белай Русі”, меркавалі, што скончыцца гэта зняццем з пасады старшыні БТ? Сумяшчаць жа гэтыя дзве працы наўрад ці магчыма?

Генадзь Давыдзька: Сумяшчаць не толькі можна было б, але гэта было б і на карысць нашаму грамадскаму аб’яднанню. Канешне, вольнага часу не заставалася б зусім. Але я не думаю, што нехта са СМІ не будзе супрацоўнічаць з арганізацыяй, якую я цяпер узначальваю. З іншага боку, узначальваць “Белую Русь” павінен чалавек з “пасадным падмуркам”. Значыцца, мне давядзецца больш працаваць на аўтарытэт арганізацыі без пасады кіраўніка нейкай структуры. А проста мой чалавечы рэсурс і мае знаёмствы, сувязі ды аўтарытэт буду выкарыстоўваць. А ён, гэты мой аўтарытэт, усё ж існуе і ў грамадстве, і ў пэўных палітычных колах. І нават сярод маіх апанентаў існуе нейкая павага да мяне. Ну, сярод тых, хто не займаецца абразамі. Так што, усё нармальна.

 

У Купалаўскі вярнуся, але не ў прафесію. Можа, у рэжысуру.

 

Еўрарадыё: Не думаеце вярнуцца ў прафесію ― у Купалаўскі тэатр?

Генадзь Давыдзька: Не, не думаю. У Купалаўскі вярнуся, але не ў прафесію (смяецца). Можа, у рэжысуру. Але гэта потым ― зараз у мяне цікавыя ёсць абавязкі ў “Белай Русі”.

Еўрарадыё: Справіцеся з задачай па ператварэнні гэтай грамадскай арганізацыі ў партыю?

Генадзь Давыдзька: Пакуль я магу толькі разважаць на гэтую тэму, што, магчыма, нешта такое некалі і будзе. Але і цяпер паўнамоцтваў у гэтай арганізацыі хапае. А якасць і колькасць сяброў арганізацыі дазваляюць вырашаць шмат праблем, у тым ліку, і палітычных. Думаю, цяпер мы сканцэнтруемся на балючых кропках, што існуюць у грамадстве, а іх шмат, і будзем іх вырашаць. Думаю, гэта будзе на карысць і айчыне, і людзям, і грамадству. Будзе цікава. І мне, і сябрам арганізацыі, і грамадскасці. А сам я, як прафесіянал у сферы СМІ, можа, буду аказваць кансультацыйную якую дапамогу ў гэтай галіне. А можа, і ў “Белай Русі” з’явіцца які інфармацыйны рэсурс. Будзем узмацняць прысутнасць у інтэрнэце.

Еўрарадыё: Пра дэпутацтва ў парламенце, у Савеце Рэспублікі не думаеце?

Генадзь Давыдзька: Пакуль такіх думак няма ― мне хапае дзейнасці. Калі нехта ідзе ў Палату прадстаўнікоў, у Сенат, то для вырашэння нейкіх праблем грамадскасці. Мне падаецца, што на пасадзе старшыні “Белай Русі” я буду досыць уплывовым чалавека.

Еўрарадыё: Што не здолелі выканаць у якасці старшыні БТ?

Генадзь Давыдзька: Мне хацелася пашырыць прысутнасць у інтэрнэце больш актыўна. Думаю, што менавіта такія даручэнні і даў прэзідэнт новаму кіраўніку гэтай структуры.

 

Я вам дакладна скажу: тэксты “Жалезам па шкле” ніхто са мной не ўзгадняў. Тэксты ― як мінімум

 

Еўрарадыё: Мяркую, вам яшчэ не аднойчы прыгадаюць фільм “Жалезам па шкле”…

Генадзь Давыдзька: Усё, што зроблена, было зроблена правільна! Яно было зробленае на карысць дзяржаве, грамадскай думцы. Гэта ― бойка, ідзе бойка. Апаненты ж карысталіся вельмі балючымі рэчамі, нават унукаў маіх узгадвалі і абразы розныя былі. Я да абразаў ніколі не апускаўся, але тое, што рабілася, рабілася з асэнсаваннем мэтаў ― дзеля чаго гэта робіцца. І ў мяне ёсць чым ганарыцца са зробленага на гэтай пасадзе за сем гадоў. І няма думак, што, маўляў, не трэба было гэтага рабіць… Ёсць нейкія дробязі, але не гэтыя фільмы, пра якія будуць узгадваць найперш. “Чым запомніўся Давыдзька?” ― будуць прыблізна такія загалоўкі, і будуць прыгадваць нешта такое, што рабіла Агенцтва тэлевізійных навін, удзельнічаючы ў нейкіх бойках. Ну, што ж, перакручванне і падтасоўкі ў недзяржаўных СМІ таксама існуюць.

Еўрарадыё: А можа, тыя фільмы з’явіліся без узгаднення з вамі?

Генадзь Давыдзька: Я вам дакладна скажу: тэксты ніхто са мной не ўзгадняў. Тэксты ― як мінімум. Але я адказнасць сваю не здымаю, я цалкам згодны з тымі тэкстамі, якія там былі. Проста сістэма ўзгаднення выглядае крыху інакш…

Еўрарадыё: А яшчэ Давыдзька запомніцца сваім адказам Рыгору Кастусёву, які прапанаваў БТ больш актыўна асвятляць стагоддзе БНР…

Генадзь Давыдзька: Не трэба выключна альбо чорнай, альбо белай фарбай маляваць. Не трэба казаць, што Гітлер быў зусім авечкай, а Кайзер ― і не Кайзер быў, а проста валадар. Не трэба так. Канешне, складаная гісторыя, тыя рамантыкі хацелі як лепш для краіны, а атрымалася як? Я і да Леніна адмоўна стаўлюся ― вельмі супярэчлівая фігура. Сталін ― супярэчлівая фігура. Як і Кайзер, як і Гітлер. Я гісторыю вывучаў, і не ўсё там адназначна. І калі казаць пра стагоддзе БНР, то адзначаць трэба, а святкаваць ― няма чаго. Адзначаць імкненне да незалежнасці, да светлага лёсу сваёй нацыі. Адзначаць, а святкаваць няма чаго. Гэтак жа я лічу, што Кастрычніцкая рэвалюцыя ― жахлівая гісторыя. І не рэвалюцыя гэта, а пераварот узброены. Не бывае аднолькава добрых ні падзей, ні людзей. І калі нешта ці некага малююць толькі адной фарбай, то гэта выклікае у мяне агіду.

 

Не думаю, што ёсць інфармацыйная вайна паміж Расіяй і Беларуссю

 

Еўрарадыё: Як вы лічыце, інфармацыйная вайна Расіі супраць Беларусі існуе? І ці годна мы адказвалі на яе?

Генадзь Давыдзька: Не думаю, што ёсць інфармацыйная вайна паміж Расіяй і Беларуссю. І нават супрацьстаянне. Ёсць уплыў расійскіх СМІ на Беларусь, спроба ўплываць на свядомасць беларусаў. Але я не бачу, каб там стаяла задача страты нацыянальнай свядомасці беларусаў. Не, у іх там сваіх спраў і клопату хапае. Дай Божа нам самім сябе адчуваць і нацыяй, і народам. І самім, не чакаючы дапамогі нейкага дзядзькі, у межах дзеючага заканадаўства, з дапамогай парламенцкай барацьбы ўплываць на сумленнасць выбараў і гэтак далей.

Еўрарадыё: Ваша парада вашаму пераемніку.

Генадзь Давыдзька: Хачу параіць поспеху і ўдачы, бо ідуць няпростыя часы. Хаця, калі яны былі простымі! Каб ён не разгубіўся жадаю і нервовай моцы. Бо гэтая пасада вымушае быць моцным нервовай сістэмай найперш.

Фота svaboda.org, nn.by, bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі