Гайдукевіч: Падпісацца за мяне змогуць нават жыхары глухіх вёсак на Палессі

Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч стаў трэцім (пасля Аляксандра Лукашэнкі і лідара партыі “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна) прэтэндэнтам, які здаў у Цэнтрвыбаркам на рэгістрацыю спісы сяброў сваёй ініцыятыўнай групы. Па словах Гайдукевіча, яго група здольная збіраць подпісы амаль па ўсёй Беларусі.

Гайдукевіч: “Ініцыятыўная група — 2500 чалавек. Вы ўсе разумееце, што гэтага цалкам дастаткова, каб сабраць не толькі неабходныя 100 тысяч подпісаў, але і больш. 87 гарадоў і раёнаў, дзе будуць збірацца подпісы за кандыдата ў прэзідэнты Гайдукевіча. Такім чынам, гэта не проста Мінская, Гродзенская ці Гомельская вобласці — будуць збірацца подпісы ва ўсіх гарадах. Бо 87 гарадоў і раёнаў — гэта больш за 2/3 тэрыторыі нашай краіны, дзе будзе праходзіць збор подпісаў. Мы ганарымся гэтым”.

Прычым, запэўнівае Гайдукевіч, паставіць подпісы за яго кандыдатуру змогуць нават жыхары, да прыкладу, “згубленых у лясах і балотах Палесся вёсак”. Праўда, якім чынам яны гэта змогуць зрабіць, не тлумачыць. 

Па словах палітыка, апроч Аляксандра Лукашэнкі ў яго няма сапраўдных канкурэнтаў на гэтых выбарах. Удзельнічаць у іх ён гэтым разам збіраецца да канца. Маўляў, у 2010 годзе, калі зарэгістравалі ўсіх без праверкі праўдзівасці пададзеных у ЦВК подпісаў, “быў цырк, у якім ён не пажадаў браць удзелу і якога гэтым разам не будзе”. У адказ на абвінавачанні ў што, што ён з’яўляецца “афіцыйным спарынг-партнёрам” Лукашэнкі Гайдукевіч заяўляе, што акурат ён, у адрозненні ад астатніх патэнцыйных удзельнікаў выбарчай кампаніі, — сапраўдны канкурэнт дзейнаму кіраўніку краіны на выбарах.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі