Галоўны трэнер "Крумкачоў" Алег Дулуб развітаўся з камандай

Галоўны трэнер "Крумкачоў" Алег Дулуб развітаўся з камандай

Галоўны трэнер "Крумкачоў" Алег Дулуб раніцай 6 кастрычніка развітаўся з камандай. Ён едзе ў Львоў, дзе, як чакаецца, падпіша кантракт з футбольным клубам "Карпаты". Пра гэта паведаміў старшыня праўлення ФК "Крумкачы" Дзяніс Шунто. Ён выказаў Дулубу падзяку "за вылізны ўнёсак у развіццё нашага клуба". Паводле слоў Шунто, Алег Дулуб — гэта частка гісторыі "Крумкачоў" і яго імя ў ёй застанецца назаўсёды.

Як вядома, "Крумкачы" летась сенсацыйна выйшлі ў вышэйшую лігу футбольнага чэмпіянату Беларусі. Пад кіраўніцтвам Дулуба каманда паспяхова выступала і ў эліце, была сярод лідараў, здабыла шмат заўзятараў. Аднак летам пачаўся крызіс, "Крумкачы" перасталі выйграваць і ў выніку апусціліся ў турнірнай табліцы на 10-е месца. Менавіта ў гэтай сітуацыі і сышоў галоўны трэнер.

"Ну а нам трэба думаць, як жыць і з кім ісці далей, — цытуе словы Дзяніса Шунто прэс-служба ФК "Крумкачы". — Хачу супакоіць усіх, каму не абыякавы лёс нашага клуба — жыццё працягваецца, і ўжо сёння мы пачнём будаўніцтва каманды для новага сезона. Гарачку пароць пры выбары галоўнакамандуючага, тым не менш, мы не маем намеру, трэба ўсё старанна асэнсаваць і прыняць правільнае рашэнне. Варыянты ў галаве ёсць, будзем думаць".

Старшыня праўлення таксама паведаміў, што арганізацыяй трэніровачнага працэсу будзе займацца стары "крумкач" Якаў Залескі, а таксама Васіль Хамутоўскі. А вось Сяргея Паўлюковіча і Аляксандра Ванюшкіна з сённяшняга дня ў трэнерскім штабе ФК "Крумкачы" не будзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі