Галасаванне на даму: Ехаць на ўчастак за свае грошы?! Хай лепш да мяне прыедуць!

Галасаванне на даму: Ехаць на ўчастак за свае грошы?! Хай лепш да мяне прыедуць!

Апроч датэрміновага ёсць у нас і яшчэ адзін від галасавання ― на даму. І яно ў назіральнікаў і асобных прадстаўнікоў апазіцыі выклікае не менш падазрэнняў, чым галасаванне датэрміновае. Вядома, калі параўноўваць колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова і хто дома, а гэта 36 і 7 адсоткаў адпаведна, то лічба падаецца нязначнай. Тым не менш, гэта ― 436 тысяч 690 чалавек. Нават у кандыдата “супраць усіх”, які на другім месцы па афіцыйных выніках галасавання, толькі 390 тысяч 376 галасоў.

Для пачатку высвятляем, ці не “анамальная” гэта лічба ― 7% тых, хто галасаваў дома? Але не, на выбарах 2010 года замовілі сабе дастаўку скрыні для галасавання дамоў нават больш людзей ― 490 тысяч 314 чалавек.

“Па шчырасці, я ніколі не аналізавала гэты адсотак, ён ніколі не выклікаў скаргаў, ― прызнаецца старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. ― Скаргі з боку грамадзян былі, і цяпер яны ёсць, толькі на тое, што не прыйшлі ― выклікалі да гэтых людзей, але не прыйшла камісія са скрыняй”.

Да прыкладу, ва Ушацкім раёне на даму прагаласавала ажно 29% ― 3678 чалавек з 11750 выбаршчыкаў. Быў нават участак, дзе ў сябе на канапах бюлетэнь запоўнілі 40%.

У вёсцы Рагуцкія жыве 37 чалавек. Выбарчы ўчастак знаходзіцца ў вёсцы Ільюшына, што ў кіламетрах 10. Туды, распавядае бабуля з Рагуцкіх Тамара Грышкевіч, два разы на дзень ходзіць рэйсавы аўтобус, але людзям сталага ўзросту ўсё адно дабірацца цяжка.

“У нас тут хадзілі, правяралі спісы жыхароў і цікавіліся ў тых, каторыя слабыя вось такія па ўзросце, ці змогуць яны дабрацца. Ну, зразумела, не, нават размовы няма. Здароўе ёсць здароўе… Ну, і прыязджалі да нас на машыне, легкавая машына, два чалавекі. Скрыня апячатаная ― усё, як трэба”.

Былі, кажа пенсіянерка, у складзе “дэлегацыі” і назіральнікі: “Тут жа і свае назіральнікі з раёна былі, і з гэтага… гэтага… Прыязджалі, карацей”. Што за назіральнікі і з якога “гэтага” былі разам з назіральнікамі “раённымі”, Тамара Грышкевіч так і не прыгадвае. Цікаўлюся: ці не падказвалі сябры камісіі сталым людзям, дзе канкрэтна трэба ставіць “птушачку”.

“Не, такога не можа і быць! У нас народ просты, у нас калгаснікі ― калі надумаўся ён за каго, значыцца, ён прагаласуе. Вось, я вам кажу па сабе: я галасавала за Лукашэнку і буду галасаваць за Лукашэнку! Мяне гэта задавальняе. А як астатнія, я не ведаю ― кожны свой выбар рабіў”.

Тэлефануем яшчэ ў адну вёску таго ж Ушацкага раёна ― Дворыца.

“У нас тут… Так, раз-два, ― пачынае лічыць Валянціна Праннік. ― Чалавек 10 пражывае. Я не ведаю, як усе, але мы на даму галасавалі. Бо ў нас выбарчы ўчастак за 3 ці 4 кіламетры. Калі б быў арганізаваны падвоз, але ж гэта трэба нас туды адвезці, а потым назад прывезці ― у нас тут у асноўным усе пенсіянеры, сталы ўзрост… Тут транспарту няма ў нас, а што, я буду плаціць грошы, каб ехаць галасаваць?! Хай лепш да мяне прыедуць ― у мяне такая палітыка. Я ўсё адно буду галасаваць за таго, за каго я хачу”.

У адказ на пытанне, ці раяцца мясцовыя жыхары з членамі камісіі, за каго галасаваць, абураецца.

“Думаеце, калі на вёсцы, то тут зусім ужо дурныя людзі жывуць? Цяпер жа ўся інфармацыі ідзе ― усе слухаюць і глядзяць. Цяпер народ не такі ўжо і дурнаваты! Усе глядзяць тэлевізар, навіны, і ўсё ведаюць. Калі з камісіі прыехалі, то ў мяне ў двары суседка была: яна адышла ў бок, і ніхто не бачыў, за каго яна галасавала”.

Праўда, прызнаецца, ніякіх назіральнікаў не было ў групе, якая прывезла скрыню для галасавання ― толькі тры чалавекі з камісіі. За каго галасавала? “А вы здагадайцеся!”, ― па-сялянску хітра адказвае Валянціна Аляксееўна.

Трэцяя вёска ― Горы-2. Тут жывуць ажно тры чалавекі. Праўда, галасавалі толькі двое, бо трэці не прапісаны.

“Мне 80 гадоў, дзетка, ― рада пагаварыць хоць і з чужым чалавекам Людміла Нядбальская. ― Яны ж ведаюць, што я не прыйду, і што да мяне трэба прывезці голас. Вось, прывезлі нам скрыню, мы прагаласавалі за свайго Лукашэнку ― і суседка, і я. Усё культурна было, дай Бог, здароўечка ўсім”.

Назіральнікі разам са скрыняй да двух “горцаў” не прыязджалі. Ды і за чым назіраць, здзіўляецца бабуля, як два чалавекі галасуюць? А далей у нас складаецца даволі цікавая размова. Пачынаецца ўсё з пытання, ці паказвалі сябры камісіі пальцам, дзе “птушачку” ў бюлетэні ставіць.

― Яны не гвалтуюць нікога. Яны далі ў ведамасці распісацца, дзе маё прозвішча, імя, імя па бацьку, а потым далі мне бюлетэнь. Я пачытала і паставіла “птушачку” насупраць прозвішча Лукашэнкі. Ніхто мяне не прымушаў ― я сама, добраахвотна паставіла, дзетка.

― А чаму менавіта за Лукашэнку, чаму не за каго іншага?

― А чаго за Лукашэнку? Таму, што ён дае пенсію своечасова. І мір над галоўкай ― мае ўнукі і праўнукі ўжо жывуць пад мірным небам. Я яго шкадую і паважаю як чалавека, палітыканта і талковага, разумнага чалавека.

― Шкадуеце вы яго чаму?

― Шкадую, бо ў яго працы шмат, нагрузка вялікая. І людзі ёсць, якія розныя плёткі вядуць пра яго. Але ён гэтых плётак не заслугоўвае.

― Цяжка яму, дык і пайшоў бы на пенсію, адпачыў…

― Гэта яго воля…

― Дык і ваша ж таксама ― вы ж “птушачку” ў бюлетэні ставіце!

― Я думаю, што ён правільна распараджаецца. І эканоміку ж троху трымае. І камандуе нядрэнна. І ён наконт міру ва Украіне пасадзейнічаў. Мне падаецца, што ён нядрэнны чалавек. Хай яшчэ папрацуе пяць гадочкаў, а там ― як Бог пакажа.

Пенсія ў Людмілы Карпаўны 3 мільёны 134 тысячы. Кажа, не толькі самой хапае, але яшчэ і на Дні нараджэння дзецям і ўнукам “падкідвае”. І хваліцца: дзеці дапамагаюць агарод ускапаць, а яна яго потым даглядае і мае сабе і “бульбачку з бураком, і іншую гародніну”.

Фота: senno.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі