ФК "Нёман" — пра грошы ад брэсцкага "Дынама": 0 рублёў, 0 капеек
Гродзенцы не пацвердзілі інфармацыю пра перавод 265 тысяч долараў за нападаючага Паўла Савіцкага.
Футбольны клуб "Нёман" не пацвердзіў інфармацыю пра перавод брэсцкім "Дынама" 265 тысяч долараў за нападаючага Паўла Савіцкага. Футбаліст перайшоў у "Дынама" ў канцы 2017 года ў якасці свабоднага агента, але пазней "Нёман" захацеў атрымаць кампенсацыю за яго падрыхтоўку і знайшоў падтрымку Беларускай федэрацыі футбола. Паколькі брэсцкі клуб не хацеў плаціць, на яго былі накладзены санкцыі, з'явілася пагроза, што яго не дапусцяць да ўдзелу ў чэмпіянаце. У выніку напярэдадні з'явіўся зварот кіраўніка ФК "Дынама-Брэст" Аляксандра Зайцава, які сказаў, што даў каманду "пайсці на дыялог з футбольным клубам "Нёман".
Гродзенцы сёння паведамілі, што "па стане на раніцу 13 сакавіка грашовых сродкаў ад брэсцкага "Дынама" не паступала".