ФК “Белшына” разам з гатэлем і стадыёнам прадалі расійскаму “інвестару”?

ФК “Белшына” разам з гатэлем і стадыёнам прадалі расійскаму “інвестару”?

У футбольным клубе “Белшына” з Бабруйска адбываюцца вялікія змены. І гаворка не толькі пра прызначэнне на пасаду галоўнага трэнера Віталія Паўлава. Нават не пра змену складу каманды фактычна на траціну. Гаворка пра таемнага інвестара, які хоча набыць клуб з усёй яго інфраструктурай. А гэта і стадыён, і 9-павярховы гатэль у цэнтры горада, і саўна…

Паводле атрыманай Еўрарадыё інфармацыі, інвестар, якога чамусьці ніхто не называе, з Расіі. І за ўсё ён нібыта гатовы заплаціць 1 мільён долараў.

Тое, што перамовы з інвестарам сапраўды ідуць, Еўрарадыё пацвердзіў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама Міхаіл Свістуноў. Праўда, чыноўнік сцвярджае, што канчатковае рашэнне не прынятае, перамовы з “інвестарам” ідуць і цягам сённяшняга дня нешта мусіць вырашыцца.

“Прэтэндуюць інвестары з расійскім капіталам — гэта праўда. І замежны капітал там ёсць. Але далей тонкасці, як ужо ў інтэрнэтах пішуць, “Ziko”, “МТБанк” — я тут нічога каментаваць не буду. Думаю, сёння будзе прынятае канчатковае рашэнне. І калі гэта атрымаецца, то, думаю, і для горада Бабруйска, і для рэспублікі, для нашага ўнутранага чэмпіянату — нічога дрэннага я тут не бачу”.

У пошуку інвестара я таксама нічога дрэннага не бачу. Пры ўмове, што адбываецца гэта на ўмовах тэндару. Бо, нагадаю, размова ідзе не толькі пра ўкладанне грошай ў футбольны клуб, але і пра набыццё гатэлю, саўны ды іншых пабудоў. А вось акурат тэндар і не праводзіўся. Чаму — Міхаіл Свістуноў не адказвае.

Міхаіл Свістуноў: “Не, не праводзіўся. Але тут крыху не тое: тут іншая структура, іншая форма юрыдычна. Але давайце пра гэта пагаворым не сёння. Адно магу сказаць: ніхто нічога прадаваць не будзе, ніхто нічога адчужаць не будзе, як тут ужо пішуць — усё гэта не так. Тут абсалютна іншыя перамовы ідуць, у іншым фармаце. Але тое, што горад не будзе нічога аддаваць расійскаму капіталу — гэта я вам дакладна магу сказаць”.

Не ведаю, што там за фармат, але тое, што расійскі “інвестар” хоча “ўкласціся” ў пералічаныя аб’екты, Еўрарадыё пацвярджае выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара ФК “Белшына” Дзмітрый Мамонаў.

Еўрарадыё: Ці праўда пішуць, што інвестар хоча не толькі ў клуб інвеставаць, але і ўсю вашу інфраструктуру набыць?

Дзмітрый Мамонаў: Так, безумоўна.

Што да адсутнасці тэндару, то Дзмітрыя Мамонава гэты факт не палохае. Кажа, прапаноў ад іншых інвестараў не было, а для іх гэта актуальна цяпер.

Цікаўлюся ў суразмоўцы, ці ёсць сувязь паміж перамовамі з расійскім інвестарам і зменамі ў складзе каманды. Дзмітрый Мамонаў адмаўляецца каментаваць: “Не магу пакуль сказаць нават, шчыра”.

ФК “Белшына” разам з гатэлем і стадыёнам прадалі расійскаму “інвестару”?
Паводле сайта ФК "Белшына" Аляксандр Шагойка па-ранейшаму абаронца, а склад каманды не змяніўся

Але як стала вядома Еўрарадыё ад цяпер ужо былога капітана каманды “Белшына” Аляксандра Шагойкі, звязаныя гэтыя два факты наўпрост.

Аляксандр Шагойка: “Разам з новымі інвестарамі прыйшлі новыя людзі, новыя агенты. І яны прывялі сваіх падапечных, знаёмых нейкіх… На дадзены момант ужо ёсць новая каманда, новы галоўны трэнер, і яны сёння паехалі ў Пінск на зборы. Наколькі я ведаю, у каманду будуць прыязджаць гульцы з Расіі, іншых краін...”

А практычна з усім леташнім складам “Белшыны” клуб кантрактаў на новы год не падпісаў. Па словах капітана каманды, учора, 19 студзеня, футбалісты спрабавалі даведацца ў кіраўніцтва, ці патрэбныя яны яшчэ клубу. Але з імі, кажа Аляксандр Шагойка, ніхто так і не сустрэўся. Толькі праз “трэція рукі” стала вядома, што паслугі хлопцаў клубу больш не патрэбныя.

Інтэрв’ю Змітра Лукашука з капітанам “Белшыны” Аляксандрам Шагойкам чытайце на сайце Еўрарадыё праз пэўны час.

Фота: babruysk.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі